Пайшла «буханка» пад зямлю

На Ельшчыне аварыйная брыгада энергетыкаў трапіла ў пастку

У натуральную пастку трапіла аварыйная брыгада энергетыкаў на Ельшчыне. На мікрааўтобусе УАЗ-39099, празваным у народзе «буханкай», а палове шостай раніцы яны спяшаліся ў вёску Бабруйкі: адзін з трох населеных пунктаў раёна, дзе ў выніку моцнага ветру і навальніцы адбылося адключэнне электраэнергіі. Вадзіцель, заўважыўшы невялікую прамывіну на месцы шлюза меліяратыўнага канала, ударыў па тармазах, і ў гэты ж момант асфальт рэзка прасеў і машына з людзьмі зрынулася ў чатырохметровую яміну, а потым і ў меліяратыўны канал.

— Пакуль вада не запоўніла кабіну, вадзіцель Сяргей Сасноўскі і манцёр Юрый Юрчанка змаглі выбрацца на паверхню, — сведчыць начальнік Ельскага раёна электрасетак Сяргей Салаўёў. — І тым выратавалі жыцці не толькі сабе. Бо літаральна праз некалькі хвілін па дарозе да прамывіны на значнай хуткасці набліжаўся легкавы аўтамабіль. Яго ўдалося спыніць за некалькі дзясяткаў метраў да небяспечнага месца.

Па словах Сяргея Салаўёва, пашкоджанні, якія атрымаў аўтамабіль 2003 года выпуску ў выніку надзвычайнага здарэння, робяць немагчымым яго далейшую эксплуатацыю. Адсыпку ж дамбы і аднаўленне каля 15 метраў пашкоджанага вадой дарожнага палатна завяршылі ўвечары таго ж дня.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter