Бібліятэкар на калёсах не толькі абслугоўвае чытачоў, але збірае вясковыя дыялекты і паданні

«Пайду з дома, бо кабаны на плоце спяваюць»

У ГАНЦАВІЦКІМ раёне з 27 тысяч жыхароў каля 14 тысяч карыстаюцца паслугамі бібліятэк. А галоўнае — за апошнія гады тут не зачынілі ні адзін філіял, толькі дзве вясковыя бібліятэкі аб’ядналі са школьнымі. Карэспандэнт “СГ” вырашыла даведацца, што чытаюць вяскоўцы, і села ў мясцовы бібліёбус.

Унукі Яніны КУРЫЛІК — Аня і Ягор — чытаюць нават на канікулах

АКАЗАЛАСЯ, што гэта першы рэйс на новым транспарце, атрыманым замест устарэлага. 15 вёсак штомесяц аб’язджаюць бібліятэкар Ірына Бруй і вадзіцель Дзмітрый Мелехавец. Шэсць розных маршрутаў прадуманы так, каб раз на 30 дзён абавязкова завітаць да ўсіх. Найбольш аддаленыя населеныя пункты — Кукава-Бор, Крышылавічы, Гута і Ясенец.

Сёння першы прыпынак — у вёсцы Красынічы. Ірына Іванаўна загадзя патэлефанавала пастаянным чытачам, паспытала, што новага прывезці. Першай са стосам прачытаных кніг у салон спяшаецца Яніна Курылік з унукамі — пяцігадовай Аняй і дзесяцігадовым Ягорам. Малыя адразу пачынаюць перабіраць казкі і дзіцячыя часопісы, бабуля таксама не застаецца ўбаку. Сям’я вялікая — дзве дачкі з зяцямі, трое ўнукаў, і ўсе не адмаўляюцца ад друкаванага слова. Да нас далучаецца і маладая суседка. У Кацярыны Рагожынай двое малых. Дзеткі спакойныя, час на чытанне ёсць, таму маладая мама выбірае часопісы для моладзі і раманы.

А як наконт больш сур’ёзнай літаратуры? Ірына Іванаўна кажа, што попыт на яе ў асобных людзей таксама ёсць. У асноўным перачытваюць класіку. Фонд перасоўнай бібліятэкі — каля 9,5 тысячы асобнікаў.

Міхаіл ДУБОЎСКІ дзеліцца ўражаннямі з Ірынай БРУЙ

Наогул для цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна штогод набываюць 2—3 тысячы новых кніг. Загадзя атрымліваюць спіс выданняў, якія будуць надрукаваны ў наступным годзе, і робяць з іх выбар. А са сродкаў камерцыйнага фонду, што існуе з 2000 года, купляюць дэтэктывы, раманы пра каханне і бестселеры, якія потым можна ўзяць дадому за дадатковую аплату, гаворыць дырэктар цэнтралізаванай сістэмы Ала Хваль. Акрамя таго, вельмі актыўна папаўняюць шафы самі жыхары. Падчас акцыі “Падары кнігу” ў бібліятэку прыносяць нават новыя і даволі каштоўныя тамы, не кажучы пра зборы, што захаваліся з савецкіх часоў.

МІЖ тым нас ужо зачакалася наступная чытачка — аператар машыннага даення ААТ “Агарэвічы” Людміла Смоліч. Хуценька праглядае часопісы:

— Улетку кнігі чытаць не паспяваю, а вось перыёдыку пра гаспадарку, агарод абавязкова пагартаю. Муж у мяне — пчаляр, для яго выбіраю асобныя выданні з парадамі.

Валянціна ВОЛАХ з Агарэвічаў.

Кіруемся ў вёску Новыя Агарэвічы да пары адных з самых апантаных чытачоў — Софіі і Анатоля Дубоўскіх. Вяскоўцы два гады таму адзначылі 50-годдзе сумеснага жыцця. Анатолю Іванавічу на месцы не сядзіцца — узімку за кнігамі нават ездзіў на веласіпедзе, хоць яму амаль 80 гадоў. Жонка выбірае для яго тры тамы з серыі “Спецназ”, для сябе — часопісы па вязанні.

Іх сусед Міхаіл Дубоўскі хваліцца, што ёсць і свая вялізная бібліятэка, кнігі захоўваюцца нават у гаражы. Субяседнік сыпле жартамі. Дарэчы, некалькі гадоў таму Ірына Бруй вырашыла сабраць трапныя выслоўі, што пачула падчас падарожжаў па раёне. Напрыклад, у вёсцы Люсіна кажуць так: “Пайду з дома, бо ўжо кабаны на плоце спяваюць”. “Кабаном” клічуць пеўня. Так атрымаўся зборнік мясцовых дыялектаў “А ў нас кажуць”. Бібліятэкар запісвае гісторыі вёсак, краязнаўчыя апавяданні, а потом пра кожную супрацоўнікі ўстановы самі выдаюць невялікія брашуры або захоўваюць інфармацыю на дысках. 

Бібліёбус запрашае наступных чытачоў. Марыя Клявец адразу пытаецца пра часопісы, прысвечаныя здароўю:

— А як без здароўя? Прывезлі на лета чатырохгадовую ўнучку, трэба даглядзець.

Бібліятэка на калёсах робіцца своеасаблівым клубам — збіраецца некалькі жанчын, пачынаюць абмяркоўваць навіны. У жыхаркі Новых Агарэвічаў Наталлі Снарскай больш за 20 парасят, а птушку і не злічыць, але і пра духоўную ежу не забывае. Валянціна Волах прызналася, што цікавіцца гістарычнай і пазнавальнай літаратурай, больш зімой, калі ёсць вольны час. Марыя Мініч выпісвае рэцэпты, парады пра кветкі і здароўе.

УСЯГО ў раёне 19 бібліятэк, удакладніла пазней Ала Хваль. У кожнай свая рызыначка. Напрыклад, у Вялікіх Круговічах на яе базе стварылі духоўна-асветніцкі цэнтр “Існасць”, разам з мясцовым бацюшкам арганізоўваюць экскурсіі па святых мясцінах. У Кукава парупіліся і пачалі збіраць экспанаты для музея музычных інструментаў, а таксама патэфоны, пласцінкі… У Малькавічах — экспазіцыя з рэдкімі дакументамі, напрыклад, прашэннямі XVIII і XIX стагоддзяў. Я ж завітала ў Агарэвіцкую сельскую бібліятэку — тут загадчыца Вольга Шаматульская і бібліятэкар Вольга Халецкая паказалі нам “Пакой рэдкай кнігі”. Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў раёне аб’явілі акцыю — кожны можа на час падзяліцца найбольш старой кнігай з дамашняга збору. Спецыяльную выставу аформяць у райцэнтры, але і ў Агарэвічах калекцыя таксама ўражвае. Найбольш важкія тамы — 1840 і 1892 гадоў. У адным добра захаваліся нават колеры на гравюрах.

Загадчыца бібліятэкі Вольга ШАМАТУЛЬСКАЯ

За дзень бібліятэка на калесах абслугоўвае ад 15 да 45 чытачоў. Рэгулярна арганізуюцца своеасаблівыя лекцыі з парадамі, што пачытаць, дзе знайсці інфармацыю. А ў стацыянарных установах на вёсцы ёсць доступ у інтэрнэт. Па сутнасці, гэта найбольш зручны і бясплатны спосаб далучыцца да друкаванага слова ў сельскай мясцовасці. І, як мы ўпэўніліся на свае вочы, вяскоўцам ён даспадобы.

КАМПЕТЭНТНА

Галоўны спецыяліст устаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Сяргей БАЦЯН:

— На пачатак года ў нашай краіне дзейнічала 2675 публічных бібліятэк і 104 бібліёбусы. На наш погляд, іх колькасць можна павялічыць, такая рэкамендацыя нават была накіравана аблвыканкамам па выніках Года культуры.

Бібліёбус існуе больш за 100 гадоў, і мы бачым, што замежныя краіны, напрыклад, Фінляндыя, Вялікабрытанія і Польшча, ад іх не адмаўляюцца і зараз. Вы здзівіцеся, але ў свеце бываюць і бібліятэкі-ровары, і нават бібліятэкі-верблюды. Галоўнае — каб чытач атрымаў сваю кнігу.

yasko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter