У жывой скарбонцы старажытных беларускіх абрадаў адметнае месца займае Русалле

Павядзём русалку за сяло

Русалле дайшло да нас з дахрысціянскіх часоў і ў некаторых усходнеславянскіх рэгіёнах сімвалізавала завяршэнне вясны. Згодна з павер’ямі, у гэты час русалкі маглі выходзіць з вады і наведваць вёскі, гуляць па палях і лугах — з іх з’яўленнем звязваўся будучы ўраджай зерня. Але ж яны маглі і нашкодзіць маладым мужчынам, таму іх трэба было задобрыць. Лічылася, што пасля абраду, падчас якога русалак праводзілі за сяло, на працягу года яны больш не будуць непакоіць людзей.


Не знік гэты абрад і пасля таго як нашы продкі прынялі хрысціянства. І толькі пры савецкай уладзе ў сярэдзіне мінулага стагоддзя традыцыя святкавання Русалля амаль паўсюль была прыпынена. У апошнія гады яна пачала ўзнаўляцца, напрыклад, у Любанскім раёне. Дарэчы, русальны тыдзень працягваецца ад Тройцы да наступнай нядзелі. У гэтыя дні прынята спяваць русальныя песні. На жаль, большая частка гэтай фальклорнай спадчыны незваротна страчана, але і тое, што сёння памятаюць і спяваюць у вёсках на памежжы усходняга Палесся і цэнтральнай Беларусі, з’яўляецца сапраўдным духоўным скарбам.

Дзякуючы рупліўцам, якія захоўваюць вытокі народнай культуры, на Любаншчыне ў Кузьмічах і ў суседніх Камуне, Загаллі, Малых Гарадзячыцах, Палічыне, Канстанцінаўцы, Соснах і Нежыне штогод — ці адначасова, ці па чарзе — праводзяцца русальныя абрады, якія даюць магчымасць адчуць подых стагоддзяў, уявіць і зразумець светапогляд нашых далёкіх папярэднікаў, іхнюю непарыўную сувязь з прыродай, а таксама асэнсаваць магутную залежнасць ад стыхійных з’яў і імкненне да згоды і гармоніі суіснавання з акружаючым светам.

Русальная ноч

З надыходам нядзелі пасля свята Тройцы, калі былі завершаны ўсе дамашнія і гаспадарчыя клопаты, вясковыя жанчыны — і старыя, і маладзейшыя, і дзявоцкая моладзь — ішлі на абрадавае ігрышча праганяць за сяло русалку. У Малых Гарадзячыцах яе вядуць да вады, а ў Камуне — у лес. Дружныя галасістыя гурты з усіх пасёлкаў сыходзіліся на русалінку — месца, абранае для карагодаў. Моладзь яшчэ з раніцы рыхтавала вяночкі з клёна і бярозы — асноўны сімвал гэтых незвычайных провадзінаў.

Нідзе больш не сустрэнеш, каб у адным месцы адначасова гучалі розныя песні і вадзілі адразу некалькі карагодаў. Толькі ў русальную ноч і толькі ў гэты дзівосны час дзявочага перапявання. Наспяваўшыся песень, удзельніцы пачынаюць агульны карагод вакол вогнішча і цягнуць русальную песню разам.

У вёсцы Камуна і Малыя Гарадзячыцы ў час гульбішчаў незасватаныя дзяўчаты спаборнічалі за права быць абранай галоўнай русалкай. Яны кідалі вянкі праз галаву ў хлапечыя гурты: хто чый вянок зловіць — той і касу дзяўчыне будзе заплятаць.

Бабулькі-захавальніцы традыцый кажуць, што вянкі трэба кідаць у ваду, у жыта альбо на бярозу, варажыць, як раней, на шчасце і дабрабыт. Бо вянкі — гэта ахвяра русалкам. Каб не шкодзілі ні свойскай жывёле, ні пасевам, а, наадварот, каб гэтыя дзівосныя і таямнічыя істоты спрыялі ўрадлівасці і добраму ўраджаю.

Адзін з момантаў ігрышча, які сімвалізуе пазбаўленне ад нячыстай сілы, — зрыванне вянка з галавы галоўнай русалкі. Яго трэба разарваць літаральна на шматкі і раскідаць у розныя бакі, а русалка павінна імітаваць спробу дагнаць каго-небудзь, напалохаць.

Таямніца асвячэння

А ў вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна сцвярджаюць, што ваджэнне, альбо праводзіны, русалкі на Палессі па-жывому святкуецца толькі тут. Да вялікага гонару жыхароў многіх пакаленняў, велікаборская традыцыя ніколі не перарывалася. Старэйшая жыхарка і знаўца абраду Галіна Харошка (у Вялікім Бары паўвёскі — Харошкі) растлумачыць глыбінны сэнс гульнявога абраду:

— Русалку гналі за сяло, каб па вёсцы не хадзіла, шкоды не рабіла, дзяцей у сажалках не тапіла, коням грывы не заплятала і каб жыта не злажыла.

На русальным тыдні, які папярэднічаў нядзельнаму ігрышчу, нельга было купацца, капацца ў агародзе і ўвогуле чапаць зямлю. І велікаборцы прытрымліваюцца гэтага павер’я дагэтуль.

Раней у Вялікім Бары русалку вадзілі ў два канцы вёскі, цяпер толькі ў адзін — у Лушчавіны. Распальваюць перад полем вогнішча і, праводзячы вянок над полымем, прыгаворваюць: “Святы агонь, забяры нашы хваробы, а дай нам здароўе і дабрабыт”. Гэтыя асвячоныя агнём вянкі гаспадыні пакладуць на свае агароды, і асабліва на градкі з капустай, каб расла капустачка моцная, добракачанная. І, кажуць, вянкі сапраўды дапамагаюць.

Але ж больш за ўсё спрыяе агародніцтву ў Вялікім Бары зеляніна, сарваная з упрыгажэння русалкі. Таму, калі русалка спрабуе ўцячы ў поле, за ёю гоняцца моладзь і дзеці, валяць на зямлю і рвуць яе зялёнае ўбранне на шматкі. Потым дружна скачуць праз агонь, каб падужэць і, як сцвярджаюць старэйшыя, каб не балелі ногі. Позна ўвечары, па завяршэнні абраду, велікаборцы спяшаюцца да сваіх падвор’яў і градак, каб пакласці на іх асвечаныя русальным агнём вяночкі.

Яечныя пачастункі

На Любаншчыне ігрышча русальнай нядзелі заўсёды заканчваецца смажаннем яечні на агульным вогнішчы і частаваннем ёю ўсіх прысутных. А яшчэ — вясёлымі летнімі песнямі, скокамі пад дуду, скрыпку ці гармонік. Калі і выпівалі крыху гарэлкі як абрадавай стравы, дык абавязкова з яечных шкарлупін.

Максім Вечар

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter