Павук згарыць, а з ім усё дрэннае

ТЭНДЭНЦЫЯ з’язджаць з горада ў вёску далёка не новая нават для Беларусі. Падчас сваіх камандзіровак я нярэдка сустракаю такіх аматараў вольнага жыцця на сельскім прасторы. Але ў кожнай пераехаўшай сям’і свае гісторыя, мэты, погляд на жыццё ў весцы і пабудову хаты... Мастак, музыка і этнакультуролаг Тодар Кашкурэвіч з жонкай Вольгай больш за чатыры гады таму адмовіліся ад кватэрнага жыцця ў сталіцы. Для свайго новага жытла яны абралі Ракаў у Валожынскім раёне. I ня дзіўна, бо гэты аграгарадок — сапраўдная полікультурная прастора, якая прываблівае музыкаў і мастакоў.

Авангард і тыповая беларуская хата ўдала спалучаюцца ў мастакоў Кашкурэвічаў

ТЭНДЭНЦЫЯ з’язджаць з горада ў вёску далёка не новая нават для Беларусі. Падчас сваіх камандзіровак я нярэдка сустракаю такіх аматараў вольнага жыцця на сельскім прасторы. Але ў кожнай пераехаўшай сям’і свае гісторыя, мэты, погляд на жыццё ў весцы і пабудову хаты... Мастак, музыка і этнакультуролаг Тодар Кашкурэвіч з жонкай Вольгай больш за чатыры гады таму адмовіліся ад кватэрнага жыцця ў сталіцы. Для свайго новага жытла яны абралі Ракаў у Валожынскім раёне. I ня дзіўна, бо гэты аграгарадок — сапраўдная полікультурная прастора, якая прываблівае музыкаў і мастакоў.

Хтосьці з іх тут нарадзіўся, хтосьці, як і Кашкурэвічы, пераехаў з горада. Іншымі словамі, Кашкурэвічы і іх хата ўдала ўпісаліся ў каларыт мясцовасці.

— У нас з жонкай няма каранёў на Валожыншчыне. Але ў дзяцінстве мае бацькі на лета прывозілі мяне ў гэтыя мясціны.  Яны выхавалі мяне з цягай да прыроды і вясковага жыцця, — распавядае Тодар. Але адразу падкрэслівае:

— Мы не спрабуем жыць, як сяляне. Мы мастакі-авангардысты і адаптуем прастору пад сябе. Чаму не ў горадзе? Таму што ў сталіцы 30 квадратных метраў у «хрушчоўцы». А тут — 11 сотак уласнай прасторы, гэтак неабходнай для творчасці. Мы, мастакі, заўсёды застаемся самімі сабой. А горад, вёска, рэчка — гэта проста пляцоўка для рэалізацыі. Таму кожны з нас абірае тое, што яму больш даспадобы. Дарэчы, тут, у Ракаве, у нас нарадзіўся авангардны музычны праект, і неўзабаве мы выпусцім дыск.

З тым, што ў вёсцы жыць менш камфортна, Тодар таксама не пагаджаецца: «Сучасныя вясковыя жыхары ўладкоўваюць сваё жыццё часам больш камфортна, чым людзі ў горадзе. На жаль, у нас гэта пакуль цалкам не атрымалася. Патрэбны грошы. Тое, што трэба распальваць печку ці насіць ваду — гэта ўсё дробязі. Галоўнае, што адчуваеш сябе вольным чалавекам, а не сядзіш у клетцы. Мы церпім гэтыя часовыя цяжкасці і радуемся таму, што ў нас з’явіліся новыя магчымасці для творчасці, палепшылася самаадчуванне».

Як у этнакультуролага і фалькларыста, у Тодара ёсць свой падыход да жытла. Пытанне не ставілася, якой павінна быць хата, — толькі драўляная. Такую і набылі — тыповую беларускую, якой ужо каля 100 (!) год. Адаптавалі пад сябе, пад сваю мастацкую эстэтыку, напоўнілі прастору сваімі рэчамі, сваёй прысутнасцю, але захавалі ўсе тыповыя рысы сялянскай беларускай хаты. І атрымаўся выдатны ўзор таго, як у адным месцы спалучаюцца нацыянальныя традыцыі, авангард і сучаснае жыццё.

– ГЭТАЯ хата пабудавана па ўсім канонам: у паўднёва-ўсходняй частцы красны кут, на месцы бабінага кута — кухня, з заходняга боку, адкуль дзьме вецер, няма вокнаў. Унутры мы амаль нічога не перабудоўвалі, проста паспрабавалі давесці ўсё да ладу і зрабілі тыя рэчы, якія даспадобы нам як мастакам, — кажа гаспадар.

Сярод такіх рэчаў вылучаецца красны кут — некалі абавязковы для кожнай беларускай хаты, а сёння — хутчэй рыса старога, больш традыцыйнага жытла. У ім — хатні абраз ХVIII стагоддзя, набыты ў антыкварнай краме, аўтэнтычныя беларускія ручнікі, а таксама дзве калоны з разбуранага касцёла, што некалі стаяў у Яршэвічах, таксама на Валожыншчыне. Антыкварныя і выратаваныя ад знішчэння рэчы ёсць і каля другой сцяны, дзе мастакі Кашкурэвічы зрабілі невялічкую інсталяцыю, якая для іх адлюстроўвае вобраз Радзімы. Там ваконная рама з таго ж касцёла ў Яршэвічах, уніяцкі абраз ХVII стагоддзя, рэшткі аўтэнтычнай дуды.

— Дарэчы, гэтую раму некалі выратаваў ад знішчэння мой брат. Потым яна больш за 20 год вандравала па мастацкіх майстэрнях і, нарэшце, зноў вярнулася на Валожыншчыну. Гэта вельмі сімвалічна, — распавядае гаспадар.

Старажытныя рэчы размешчаны на фоне старога цаглянага мура. Па словах Тодара, ён даўно марыў пра камяні ў хаце. Таму абрадаваўся, калі знайшоў гэтую кладку, перабудоўваючы печку, і вырашыў пакінуць яе ў такім выглядзе.

ХТОСЬЦІ можа здзівіцца і запытацца пра энергетыку такіх рэчаў у хаце. Але мастакі бачаць у іх, хутчэй, эмоцыі мастацтва, а яны для кожнага розныя.

— Заўсёды ёсць стыль, які менавіта вас настройвае на канкрэтныя эмоцыі, перажыванні і адчуванні. Таму кожны абірае тое, што яму даспадобы, — удакладняе Тодар.

А калі для вас і гэта не аргумент, тады Кашкурэвічы пакажуць вам свайго павука. Яго спакон веку рабілі беларускія гаспадары, скручваючы з саломы розныя невялічкія піраміды ці іншыя фігуры. Такога павука падвешвалі ў хаце, і ён збіраў усё дрэннае, што магло прыйсці да гаспадароў. Па традыцыі раз на год яго спальвалі, а потым рабілі новага.

— Гэта вельмі цікавая і прыгожая рэч, якая і зараз можа вельмі добра выглядаць нават у самым сучасным інтэр’еры, — кажа Вольга, якая сама зрабіла ўжо не аднаго павука.

Адразу ж прыходзіць думка пра фэн-шуй і іншыя філасофіі пра абсталёўванне хаты: а навошта нам яны, калі ў нас ёсць свае не менш цікавыя і карысныя «інтэр’ерныя традыцыі»? Дарэчы, беларускі павук уражвае нават японцаў, у характары якіх прага да падобных рэчаў.

— Разумны чалавек рана ці позна запытае сябе: «А навошта гэта мне, бо ў мяне ж няма каранёў сярод індусаў ці кітайцаў? Як я гэта патлумачу сваім дзецям?» А свая родная рэч так ці інакш будзе адгукацца ў сэрцы, бо яна бліжэй да нашай душы, — распавядае Вольга. — Але, на жаль, зараз многія на месцы краснага кута ставяць тэлевізар. Так было і ў гэтай хаце, калі мы яе набылі. Да таго ж паліца пад тэлевізар — гэта адзінае ў гэтай хаце, што было зроблена на сумленне.

Далёка не кожны сёння думае пра красны кут, калі робіць рамонт у сваей хаце ці кватэры. Але мастакі ўпэўнены: нават з пункту гледжання сучаснага дызайна яго можна ўдала ўпісаць у любы інтэр’ер.

— Я на ўласныя вочы бачыла такія прыклады. Нават у кватэрах не вельмі веруючых людзей. Магчыма, іх не так шмат, але яны ёсць. Да таго ж нацыянальная духоўнасць і ідэнтычнасць не павінны быць трэндам. Гэта нешта вечнае, глыбока духоўнае. Хтосьці красны кут зробіць, хтосьці ручнік павесіць. Няхай нават толькі дзеля моды. Але, я ўпэўнена, гэта неяк адгукнецца ў душы, — дадае Вольга.

Размаўляючы з сям’ёй Кашкурэвічаў, можна даведацца яшчэ шмат чаго пра беларускі побыт і ўладкаванне хаты. За кожным прадметам — драўлянымі начоўкамі ці ступкай — яны бачаць глыбокі сакральны сэнс. У хуткім часе Тодар раскажа сваім гасцям пра філасофію, здавалася б, зусім звычайных хатніх рэчаў — у планах гаспадара зрабіць у сваім двары ўласны музей. Будучыя экспанаты ўжо чакаюць памяшкання, якое Тодар плануе дабудаваць да восені.

А ПАКУЛЬ ідзе жыццё — для некага дзіўнае, а для Кашкурэвічаў — шчаслівае.

— Я ніколі не пашкадаваў, што з’ехаў з горада, — прызнаецца Тодар. — І галоўнае, што жонка мая таксама шчаслівая!

Яна МІЦКЕВІЧ, «СГ»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?
Новости
Все новости