На працягу многіх гадоў доктар біялагічных навук з Гомеля працаваў над пераадоленнем наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС

Павучальны досвед пераадолення

На працягу многіх гадоў доктар біялагічных навук з Гомеля працаваў над пераадоленнем наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сумесна з расійскімі калегамі ён займаўся распрацоўкай сістэм радыяцыйнай бяспекі, абароны насельніцтва і тэрыторый пры магчымых тэхнагенных катастрофах. Сёння Віктар Аверын працягвае гэтую работу ўжо з заходнімі калегамі.

Віктар Аверын са сваімі студэнтамі
Віктар Аверын са сваімі студэнтамі 

У тым, што такая работа неабходная, пераконвае і аварыя на АЭС “Фукусіма-1” у Японіі, якая адбылася чатыры гады назад. У гэтай высокаразвітай і высокатэхналагічнай краіне падобную трагедыю чакалі менш за ўсё. 

Тое, што адбылося, падштурхнула сусветную супольнасць да выпрацоўкі мер, прыёмаў і заканадаўчых актаў, якія дазволяць усім краінам у экстрэмальных абставінах дзейнічаць граматна і дакладна. Менавіта з гэтай мэтай была створана міжнародная камісія, у якую ўвайшлі прадстаўнікі па пытаннях ядзернай бяспекі са ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі ды Японіі. У якасці эксперта быў запрошаны і Віктар Аверын, адзіны ад СНД. Камісія працуе ўжо некалькі гадоў. Сустрэчы і дыскусіі праходзяць то ў Францыі, то ў Японіі. 

— Вынікам нашай работы павінен стаць дакумент, які самым падрабязным чынам, крок за крокам, будзе рэгламентаваць дзеянні ўсіх служб у форс-мажорных сітуацыях на аб’ектах ядзернай энергетыкі. Гэта дасць магчымасць у выпадку надзвычайных абставінаў звесці іх наступствы да мінімуму, — расказвае навуковец пра задачы інтэрнацыянальнай камісіі. 

Дакумент павінен быць гатовы ўжо ў будучым годзе і стане набыткам усіх дзяржаў, што выкарыстоўваюць атамную энергетыку. У самай бліжэйшай будучыні ў іх клуб увойдзе і Беларусь, якая сёння будуе ўласную АЭС. 

Праблемамі радыяцыйнай бяспекі Віктар Аверын займаецца з 1989 года. Спачатку на пасадзе намесніка дырэктара па навуковай рабоце беларускага Інстытута радыялогіі, а з 2007-га — дырэктара. Навукоўцамі інстытута падрыхтаваныя дзясяткі праграм па бяспечным развіцці пацярпелых тэрыторый, тэхналогій пераспецыялізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, атрымання нарматыўна-чыстай прадукцыі. Сам Віктар Сяргеевіч з’яўляецца аўтарам сотняў артыкулаў, дзясяткаў кніг і манаграфій па практычным пераадоленні наступстваў радыяцыйнай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Яго доктарская дысертацыя была прысвечана мінімізацыі доз унутранага апраменьвання чалавека, што фарміруюцца за кошт спажывання прадукцыі жывёлагадоўлі. 

З мінулага года Віктар Аверын працуе дэканам біялагічнага факультэта  Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны, перадае свае веды і досвед моладзі, лічачы гэта таксама вельмі важнай справай. 

— Выпускнікі ВНУ часта неахвотна едуць працаваць у раёны, пацярпелыя ад аварыі. Калі пытаеш, чаму, — дзеліцца суразмоўца, — далей канстатацыі факта, што, маўляў, была аварыя і тэрыторыя забруджана, справа звычайна не ідзе. Моладзь не праінфармавана пра тую вялікую работу, якая праведзена па пераадоленні наступстваў  катастрофы, што сёння дазваляе бяспечна пражываць на раней забруджаных тэрыторыях. Праз сістэму адукацыі гэтыя веды павінны стаць набыткам моладзі. І ў Беларусі, і ва ўсім свеце. 

Валянціна Грыгор’ева
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter