Павiншуйце мову са святам

Пра тое, што сённяшнi дзень — святочны, ведаюць, падазраю, зусiм нямногiя. Тым не менш у кожнага насельнiка гэтай планеты 21 лютага ёсць нагода для свята. Бо ў кожнага з нас ёсць мова, на якой мы на самым пачатку жыцця вымавiлi першае слова, на якой усе астатнiя адведзеныя небам днi думаем, бачым сны, марым, пiшам вершы, гаруем i радуемся, якую з цеплынёй i пяшчотай называем роднай i матчынай. I ў кожнай з гэтых моў сёння афiцыйнае свята — Мiжнародны дзень роднай мовы. Ён быў зацверджаны сесiяй ЮНЕСКА ў 1999 годзе па прапанове невялiкай азiяцкай краiны Бангладэш.

Чаму менавiта 21 лютага i менавiта Бангладэш? Для гэтай зусiм маладой дзяржавы (адлiк сваёй незалежнасцi яна вядзе з 1971 года) 21 лютага 1952 года стаў не толькi днём жалобы i смутку, але i днём усведамлення нацыянальнай прыналежнасцi, днём нацыянальнага гонару i памяцi...
Калi паглядзець на карту свету, даволi складана паверыць, што Бангладэш i Пакiстан былi калiсьцi аб’яднаныя ў адну краiну: памiж iмi тысяча кiламетраў зусiм iншай дзяржавы — Iндыi. Але ў 1947 годзе, калi былыя англiйскiя калонii пачалi набываць незалежнасць, Усходнюю Бенгалiю (так называлi тады тэрыторыю сучаснай Бангладэш) было вырашана далучыць iменна да Пакiстана, хоць межавала яна з Iндыяй. У прынцыпе, тых, хто так дзялiў, зразумець можна: рабiлася гэта, каб пазбегнуць мiжканфесiйных канфлiктаў памiж iндуiстамi i мусульманамi (большасць насельнiцтва Усходняй Бенгалii спавядала iслам). Таму i вырашана было назваць краiну Усходнi Пакiстан, далучыўшы яе да Пакiстана Заходняга, дзе жылi браты па веры.
Але ўся праблема ў тым, што, акрамя веры, бадай, нiчога агульнага памiж пакiстанцамi заходнiмi i новаспечанымi ўсходнiмi не было. Розныя былi традыцыi, культура, i, што самае галоўнае, гаварылi яны на абсалютна розных мовах — у Пакiстане на урду, у Бенгалii — на бангла. Не зважаючы на гэта,  у хуткiм часе пакiстанскiя ўлады аб’явiлi урду адзiнай дзяржаўнай мовай i на захадзе, i на ўсходзе. Пратэстуючы супраць гэтага, адстойваючы сваё права размаўляць i вучыцца на роднай мове,  на вулiцы выйшлi  студэнты бангла. Палiцыя расстраляла дэманстрантаў — пяць чалавек загiнулi. Але iх ахвяра аказалася недарэмнай — ускалыхнулася магутная хваля пратэсту па ўсёй краiне, актывiзаваўся нацыянальна-вызваленчы рух, i гэта быў першы, самы важны крок да аддзялення ад Пакiстана i ўтварэння незалежнай краiны. Штогод у сталiцы Бангладэш 21 лютага на цэнтральную плошчу прыходзяць тысячы людзей. Усе яны босыя — у знак павагi i памяцi аб тых пяцярых, якiя за родную мову аддалi жыццё. А ў 2000 годзе там жа быў створаны Мiжнародны iнстытут роднай мовы, першы камень у падмурак якога заклаў Генеральны сакратар ААН Кофi Анан.
21 лютага, паводле дэкларацыi ЮНЕСКА, павiнен стаць днём, калi найбольшая ўвага грамадскасцi павiнна быць прыцягнута да моў, якiя знаходзяцца на мяжы знiкнення. Паводле звестак гэтай арганiзацыi, з  6 тысяч моў, якiя iснуюць на нашай планеце, палове ў той цi iншай ступенi пагражае знiкненне. У групу рызыкi аўтаматычна трапляе мова, якую ў той цi iншай супольнасцi перастае вывучаць больш як трыццаць працэнтаў дзяцей. Толькi ў Еўропе пад такой пагрозай знаходзiцца больш як 50 моў i гаворак (у адной толькi Францыi iх 14). У Афрыцы з 1400 мясцовых моў на мяжы знiкнення стаяць не менш як 250, а 600 ужо знiкаюць. У Аўстралii з 400 iснуючых моў актыўна выкарыстоўваецца толькi 25. У шматнацыянальнай Расii ў “зону бедства” з iснуючых 150 трапiлi 66 моў...
Страцiць лёгка, пасля вельмi цяжка, а то i зусiм немагчыма знайсцi. Праўда, удалы вопыт ёсць. У Японii на востраве Хакайда на мясцовай мове айну гаварылi толькi восем чалавек, прычым усе немаладога ўзросту. Разам з апошнiм з гэтых людзей адышла б у нябыт i мова. Але ў справу ўмяшалася дзяржава, пры яе падтрымцы быў створаны музей мовы, моладзi прадастаўлена магчымасць вывучаць мову на спецыяльных курсах. Носьбiтаў айну спачатку было некалькi дзесяткаў, цяпер дасягнула некалькiх соцень... Дыялект кельцкай мовы корнiк наогул вярнулi з глыбiнi стагоддзяў — ён знiк больш за дзвесце гадоў назад. Зусiм нядаўна яго адрадзiлi, i цяпер у Англii iм як другой мовай карыстаецца больш за тысячу чалавек...
Падчас апошняга перапiсу каля 75 працэнтаў жыхароў Беларусi роднай мовай назвалi беларускую. Яна ў нашай краiне мае статус дзяржаўнай, вывучаюць яе ва ўсiх без выключэння школах, так што знiкненне ёй, намiнальна, не пагражае... Але ўсё-ткi важна не толькi ўсведамляць i вывучаць, але i размаўляць на ёй, i падтрымлiваць, i купляць дзецям кнiжкi на ёй, i расказваць iм казкi, каб, прыйшоўшы ў школу, яны не знаёмiлiся з ёй як з замежнай. Не трэба спадзявацца на тое, што нашы нашчадкi, калi што якое, як тыя кельты, выцягнуць мову з небыцця. Лепей для iх жа, нашчадкаў, захаваць тое, што пакуль яшчэ маем.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter