В Слониме появился первый на Гродненщине многоквартирный электродом

Паверхі, поўныя энергіі

Незвычайная яркая дзевяці­павярхоўка ў Слоніме з’явілася ў новым мікрараёне Паўднёвы Захад на праспекце Незалежнасці. Дом на 171 кватэру пачалі будаваць на пачатку 2020 года і здалі ў эксплуатацыю на тры месяцы раней за заяўлены тэрмін. Частка кватэр ужо заселена, у іншых ідзе рамонт.

Хутка побач з першым электрадомам вырасце другі.

Галоўная асаблівасць новабудоўлі — яна цалкам сілкуецца ад электрычнасці.

— Для ацяплення, падагрэву вады і прыгатавання ежы выкарыстоўваецца выключна электраэнергія, — расказала намеснік старшыні Слонімскага райвыканкама Тэрэса Юшкевіч. — У кватэрах няма традыцыйных радыятараў, а ўстаноўлены электрычныя канвектары. Пры гэтым кватэранаймальнікі самі вызначаюць, калі ўключыць, а калі адключыць цяпло. Для кожнага пакоя можна ўстанаўліваць свой тэмпературны рэжым. Не будуць залежаць жыхары новага дома і ад сезонных адключэнняў гарачай вады. Кожная кватэра абсталявана двума воданагравальнікамі. Адзін — для ваннай, другі — для кухні. Таксама ёсць па два электралічыльнікі — адзін вядзе ўлік энергіі для асвятлення і прыгатавання ежы, другі — для ацяплення і падагрэву вады. Тарыфы на гэтыя мэты істотна адрозніваюцца.

Навасёлы — у асноўным шматдзетныя сем’і.

Узвядзенне дома «ад разеткі» даверылі флагману жыллёвага будаўніцтва ў Гродзенскай вобласці ААТ «Гроднажылбуд». Канчатковы кошт квадратнага метра разлічваецца, аднак загадзя вядома, што ён будзе ніжэй, чым звычайны панэльны «квадрат». Зараз побач з новай шматпавярхоўкай ідзе будоўля яшчэ адной. Таксама на электрычнасці. Здаць яе плануюць у сакавіку 2021 года.

— Пасля здачы другога электрадома ў эксплуатацыю цалкам закрыецца патрэба ў забеспячэнні жыллём шматдзетных сем’яў, — дадала намеснік старшыні. — У першым доме кватэрнае пытанне вырашылі 89 шматдзетных сем’яў, дзве кватэры занялі грамадзяне з абмежаванымі магчымасцямі, яшчэ дзве дасталіся дзецям-сіротам. У астатнія засяліліся сланімчане, якія маюць права на субсідыю па Указе № 240. Немалаважна, што ў шматпавярхоўцы цалкам забяспечана безбар’ернае асяроддзе для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама ўсталяваны ліфт-пад’ёмнік для інвалідаў-калясачнікаў. У Слонімскім райвыканкаме ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў стаіць каля 3,5 тысячы чалавек.

На самай сучаснай пляцоўцы з мяккім пакрыццём заўсёды мнагалюдна.

Завершана і добраўпарадкаванне прылеглай да дома тэрыторыі. Паркоўка абсталявана з улікам таго, што сёння практычна ў кожнай сям’і аўтамабіль. У двары маецца шматфункцыянальная дзіцячая пляцоўка з сучасным мяккім пакрыццём. Людзі задаволены магчымасцю жыць у доме з выкарыстаннем электрычнасці, якой у краіне з увядзеннем Беларускай АЭС будзе багата.

vrublevskaya@sb.by

Фота Кірыла ЛЯШЧЭНКІ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter