Как задержать людей в селе?

Паважаць iншых i сябе

О том, чем можно задержать людей в селе

Старшыня міёрскай гаспадаркі Уладзімір Жылінскі добра ведае, што можа затрымаць людзей на вёсцы


ТРЭЦІ год кіруе міёрскім адкрытым акцыянерным таварыствам “Дрыгучы” Уладзімір ЖЫЛІНСКІ. Трыццаць гадоў таму разам з жонкаю Людмілай пасля заканчэння факультэта аўтаматызацыі сельскагаспадарчай вытворчасці Беларускага інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі атрымалі размеркаванне ў Прыдзвінне, ды і засталіся тут. Спадчына Уладзіміру Уладзімі- равічу дасталася праблемная. Па вытворчых паказчыках жывёлагадоўлі і раслінаводства гаспадарка замыкала раённую зводку. Нялёгка было пераламіць сітуацыю. Паступова справы сталі наладжвацца. Павялічвалася валавая вытворчасць малака і збожжавых. Гадавы надой ад каровы сёлета набліжаецца да шасцітысячнага рубяжа, а збожжа ўпершыню намалочана на круг звыш 45 цэнтнераў. Упэўнена трымае штурвал кіраўніка Уладзімір Уладзіміравіч, дзед якога Сцяпан Асташкевіч у кастрычніку 1917 года петраградскім матросам служыў на легендарным крэйсеры “Аўрора”.


ВАЕННАЕ ліхалецце знішчыла дакументы аўдавелай сялянкі Усцінні Асташкевіч з мястэчка Бачэйкава, што паміж Полацкам і Віцебскам. Не захаваўся і фотаздымак мужа Сцяпана, які пры царскай уладзе матросам служыў на Балтыйскім флоце. Быў сведкам гістарычнага выстралу “Аўроры” ў ахопленым паўстаннем стольным Петраградзе. Пасля кастрычніцкіх падзей вярнуўся на родную Віцебшчыну і заняўся гаспадаркай. Ажаніўся на сялянскай дзяўчыне Усцінні з суседняй вёскі Промысел. Нарадзіліся два сыны і дачка. 

Доўгімі вечарамі збіраліся вяскоўцы ў хаце бывалага матроса Асташкевіча, каб паслухаць пра яго рэвалюцыйнае мінулае. На цёплай печы ўладкоўваліся сыны Генадзь і Аляксандр, каля іх прыладжвалася маленькая Наталля, і пад расповеды бацькі засыналі.

Нядоўгім выдалася спакойнае сямейнае жыццё балтыйскага матроса. Грымнула вайна, і замалада загартаваны Сцяпан Асташкевіч першым эшалонам адправіўся змагацца з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. З фронту дасылаў лісты дамоў, расказваў пра баявыя падзеі, жыў марамі пра мірнае жыццё. Але не наканавана было яму дачакацца сустрэчы з роднымі. У адным з баёў атрымаў цяжкае раненне. З фронту яго адправілі ў тылавы Чабаксарскі ваенны шпіталь. Медыкі доўга змагаліся за жыццё франтавіка, але ўратаваць яго не ўдалося. За год да Перамогі асірацелі дзеці, аўдавела жонка Усціння. Яшчэ грымелі баі, а старэйшы сын Аляксандр адправіўся ў далёкія Чабаксары даведацца, дзе пахаваны бацька. Прывёз дамоў жменьку зямлі з яго магілы. Смерць бацькі падкасіла маці, і доўга яна не пражыла. Падрастаючай сястры Наталлі старэйшыя браты Аляксандр і Генадзь замянілі бацькоў. Дапамаглі атрымаць прафесію настаўніка ў Лепельскім педагагічным вучылішчы. 

Пасля заканчэння вучобы Наталля Сцяпанаўна выкладала ў вясковай школе родную мову і літаратуру. Закахаўся ў мала- дзенькую настаўніцу статны афіцэр Уладзімір Жылінскі, які прыехаў дамоў на пабыўку, і неўзабаве яны пажаніліся. Сабралі чамаданы і паехалі ў Германію на месца службы мужа. Там нарадзіўся першынец, якога назвалі Юрам. Доўга служыць кадравым афіцэрам Уладзіміру Сафронавічу не давялося. У гады вайны шаснаццацігадовым юнаком ён хадзіў на заданні па віцебскіх балотах. Даймалі партызан сырасць і холад. Ледзьве выжылі ў балоце народныя мсціўцы ў час гітлераўскай блакады, якая праз гады юнаму партызану адгукнулася астмай. Сям’я камісаванага па стане здароўя афіцэра Жылінскага вярнулася ў родныя мясціны. Тут, у вёсцы Мокавічы, нарадзіліся яшчэ два сыны. Браты Аляксандр і Генадзь Жылінскія падтрымлівалі сям’ю сястры. 

Братам давялося пабываць на крэйсеры “Аўрора”, дзе пачулі ад экскурсавода пра адважнага петраградскага матроса Асташкевіча і на музейным стэндзе ўбачылі фотакартку маладога бацькі. Расказалі пра гэта сваякам. Намерваліся з’ездзіць і перазняць фотакартку, але так і засталася задумка ў планах. Няма ўжо братоў і мужа Наталлі Сцяпанаўны. Амаль дзевяностагадовую маці забраў у сваю сям’ю на Міёршчыну сын Уладзімір. Не можа яна сядзець склаўшы рукі. Дапамагае па хатніх справах нявестцы Людміле, якая працуе галоўным эканамістам у гаспадарцы. Дзіцячымі галасамі поўніцца прасторная камяніца, калі прыязджаюць унукі і праўнукі Наталлі Сцяпанаўны. Для яе гэта сапраўднае свята. Яе сыны такой магчымасці не мелі.

— Ні аднаго дзядулю свайго нам не давялося ўбачыць, — адзначае Уладзімір Жылінскі. — Толькі па расказах маці ведаю пра іх трагічнае мінулае. Ганаруся, што ўвайшоў у гісторыю наш дзед Сцяпан Асташкевіч. А як рупліва гаспадарыў дзед Сафрон Жылінскі. Шмат зямлі апрацоўваў, сям’ю ў дастатку трымаў. У гады масавай калектывізацыі на Віцебшчыне, каб не трапіць пад раскулачванне і высылку ў Сібір, разам са стрыечным братам ён выехаў на данецкія вугальныя шахты. Сваяк вярнуўся дамоў і паведаміў родным, што жылі яны ў адным бараку з маім дзедам. Побач спалі. Аднойчы раніцай дзеда на месцы не аказалася. Знік так, што ніхто і не пачуў. Толькі ў гады перабудовы родныя знайшлі сляды трагічнага лёсу Сафрона Жылінскага ў турэмным лагеры. Маладымі ўдовамі засталіся мае бабулі. Самі на ногі ставілі дзяцей. Сем’і жылі дружна. Калі мы з братам вучыліся ў Беларускім інстытуце механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, нас падтрымлівалі не толькі бацькі, але і сваякі. 

— Чым захапіў вас гэты інстытут?

— Старэйшага брата Юрыя з малых гадоў цягнула да тэхнікі. Лётаў на веласіпедзе па вёсцы і мяне рана навучыў ездзіць на ім. Вялікай радасцю для нас было, калі бацька купіў мінскі матацыкл. Юра хуценька асвоіў яго і без правоў ездзіў. Пасля заканчэння сярэдняй школы ён паспяхова вытрымаў уступныя экзамены і стаў сталічным студэнтам. А праз два гады, калі я закончыў Чашніцкую сярэднюю школу нумар адзін, ён параіў мне паступаць у той жа інстытут, дзе сярод абітурыентаў трымаўся высокі конкурс. Каб вытрымаць уступныя экзамены, я адразу ж пасля выпускнога вечара, назаўтра, паехаў у Мінск на падрыхтоўчыя курсы. Лавіў кожнае слова выкладчыка, каб больш запомніць. Гарэў жаданнем паступіць вучыцца ў Беларускі інстытут механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Пасля ўступных экзаменаў дамоў ляцеў з радаснай весткай, што я ўжо студэнт электрафака. Праз год нашу спецыяльнасць вылучылі ў асобны факультэт аўтаматызацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. 

— Для студэнтаў тэхнічных спецыяльнасцей важна адолець матэматычныя навукі, якія лёгка не возьмеш. Як вам яны?

— Самыя складаныя дысцыпліны для нас былі “Начартальная геаметрыя” і “Сапрамат”. На экзамене па вышэйшай матэматыцы выкладчык Генадзь Хацкевіч з нашай групы зрабіў футбольную каманду. Адзінаццаць студэнтаў экзамен не здалі. Перада мною выйшла з аўдыторыі заплаканая выдатніца. Паспеў толькі пачуць, што ўсё адказала па білеце, за дадатковыя пытанні атрымала двойку. Да адказу рыхтаваўся нядоўга. Выкладчык хутка прымаў экзамен. Выслухаў мяне і моўчкі ўзяў у рукі заліковую кніжку. Гэтае імгненне мне падалося вечнасцю, пакуль не пачуў, што адказам задаволены. Куляй выляцеў з аўдыторыі, радасны, што экзамен здаў.

— У часы вашай інстытуцкай вучобы актыўна дзейнічалі студэнцкія будаўнічыя атрады. Моладзь выязджала на новабудоўлі краіны і ўсё лета працавала там. А дзе вы праводзілі свае летнія канікулы?

— Пасля першага курса ў складзе студэнцкага будаўнічага атрада працаваў на пракладцы паветранай лініі электраперадачы ў Порхаўскім раёне Пскоўскай вобласці. Захапляла рамантыка новабудоўлі, і прафесіянальныя веды замацоўваў на практыцы. Бацькам не трэба было ўжо дапамагаць грашыма. 

— А вытворчую практыку дзе праходзілі?

— У час вучобы мы практыкаваліся на мінскім заводзе “Прамсувязь”. Выязджалі і ў гаспадаркі. Запомнілася вытворчая практыка ў саўгасе імя Леніна Гомельскага раёна, якім кіраваў Герой Сацыялістычнай Працы, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР Віталь Жалязняк. Уразіла цэнтральная сядзіба гаспадаркі — прыгожая вёска Пакалюбічы, якая ўжо стала часткай горада Гомеля. Тры летнія месяцы мы з аднакурснікам Васілём Марчанкам працавалі электрыкамі на зернесушылцы. Дэталёва асвоілі аўтаматыку электраабсталявання. Вельмі карысная была практыка. Спецыялісты гаспадаркі нам давяралі адказную работу, і мы імкнуліся іх не падвесці. З раніцы да позняга вечара не пакідалі мы зернесушыльную гаспадарку ў напружаны час жніва. Прыемна было асэнсоўваць, што ў поспеху вядомай гаспадаркі быў і наш удзел.

Бацькоў радавала, што без напругі даецца сыну Уладзіміру вучоба. Поўнай нечаканасцю стала для іх беспаваротнае яго рашэнне ў дваццаць гадоў жаніцца на аднакурсніцы Людміле Клімовіч. Згулялі студэнцкае вяселле, і маладую пару прыняла да сябе на кватэру сваячка, што жыла ў Бараўлянах. Першынца ў гонар старэйшага брата назвалі Юрыем. Нават акадэмічны водпуск Людміла не брала. Немаўлятка дапамагалі глядзець сваякі. 

Пасля заканчэння інстытута з маленькім сынам прыехалі на працу ў Міёрскі раён. Райцэнтр здзівіў прыгажосцю і арыгінальнасцю. Быццам партовы горад з прычалам для лодак і крыклівымі чайкамі над водным блакітам у цэнтры, па якім прагульваліся матросы. Побач з Міёрамі размяшчаўся запасны аэрадром Балтыйскага флоту. 

Маладых спецыялістаў забяспечылі працай і жыллём. Нарадзіўся другі сынок, а потым і дачушка. Дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю, завялі свае сем’і. Чацвёра ўнукаў у іх падрастае. Часта збіраюцца ў бацькоўскім доме, дзе заўсёды ўтульна. Інтэлігентная бабуля Наталля Сцяпанаўна мудра настаўляе падрастаючых нашчадкаў, цікавіцца іх справамі. Старэйшы ўнук Слава завяршае вучобу ў Пастаўскім агратэхнічным ліцэі. Плануе атрымаць вышэйшую інжынерна-тэхнічную адукацыю і працягваць хлебаробскую справу дзядулі Уладзіміра Уладзіміравіча, які трыццаць гадоў нязменна працуе ў адной гаспадарцы. Закончыў курсы кіруючых працаўнікоў пры Беларускім інстытуце механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. 

Уладзіміру Жылінскаму прапаноўвалі кіруючыя пасады ў іншых раёнах Віцебшчыны. Не прымаў іх і заставаўся намеснікам старшыні ў былым калгасе імя Кутузава. Пасля чарнобыльскай катастрофы гаспадарку папоўнілі перасяленцы з забруджаных радыяцыяй раёнаў Палесся. Для іх пабудавалі жылыя домікі. На цэнтральнай сядзібе адкрылі новую тыпавую базавую школу. Але ў перспектыўныя населеныя пункты вёска Дрыгучы не трапіла і статус аграгарадка не атрымала. Некалькі гадоў таму згарэў адміністрацыйны будынак, у якім размяшчаўся сельскі клуб і кантора гаспадаркі. Школа стала пачатковай з яслямі—дзіцячым садзікам. Трыццаць дзяцей наведваюць установу адукацыі. Гаспадарка патанала ў банкаўскіх пазыках. Такой прыняў яе новы кіраўнік Уладзімір Жылінскі. 

— Уладзімір Уладзіміравіч, эканамічны стан ведалі, а ці бачылі шляхі выхаду?

— Папярэдні кіраўнік Антон Рэдзіка дванаццаць гадоў кіраваў калектывам і пайшоў на пенсію. Дырэктарства я пачынаў са згуртавання каманды аднадумцаў. У раслінаводстве не было спецыяліста, і самому давялося першы год кіраваць тэхналогіяй на палях. За тры дзесяцігоддзі маю вопыт. У нас практыкавалася выпускніца Лужаснянскага аграрнага каледжа Ганна Ачановіч і добра сябе праявіла. Пасля атрымання дыплома агранома прыехала на працу з мужам-аграномам Сяргеем Шышкіным. Цяпер яна ў дэкрэтным водпуску, а Сяргей выконвае абавязкі галоўнага агранома. З Віцебскай дзяржаўнай ветэрынарнай акадэміі чакаем спецыяліста на пасаду галоўнага заатэхніка. Інжынерную службу ўзначаліў выпускнік Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа Уладзіслаў Касевіч. Перш чым нешта планаваць, разлічваем, абмяркоўваем разам і прымаем рашэнне. Рэнтабельнасць у раслінаводстве ўзнялася да 10 працэнтаў, а малака да 25. 

— Ёсць каму працаваць на палях і фермах гаспадаркі?

— Асабліва адчувальны недахоп механізатараў. Спадзяёмся на выпускнікоў аграрных ліцэяў. Сёлета з асеннімі палявымі работамі спраўляюцца тры энерганасычаныя трактары. Своечасова пасеялі азімыя. Апрацоўваем глебу пад веснавую сяўбу. Корманарыхтоўчая тэхніка завяршае ўборку кукурузы на сілас.

Сёлета ўпершыню за трыццаць гадоў маёй працы ў гаспадарцы атрымалі па 46,9 цэнтнера збожжа з гектара. Насення рапса намалацілі 17 цэнтнераў з гектара. Выручаных сродкаў ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства хопіць, каб разлічыцца з банкаўскімі пазыкамі і выплаціць заробкі працаўнікам. Растуць вытворчыя паказчыкі і на жывёлагадоўчых фермах. Дзякуючы высакаякасным кармам павысілася прадуктыўнасць дойных кароў. Да канца года наблізімся да шасці тысяч кілаграмаў малака ад кожнай каровы. На фермах праблем з кадрамі няма.

— Што вас як кіраўніка калектыву найбольш хвалюе?

— Каб своечасова выплачваць людзям заробкі. Нам вельмі неабходна зернесушылка. Летась намалацілі 2400 тон збажыны. Дзяржзаказ выканалі і яшчэ частку збожжа пакінулі ў засеках. Сёлета павялічылі валавую вытворчасць збожжа, а перапрацоўваць яго не хапае тэхнічных сродкаў. Вышукваем варыянты выйсця са становішча. 

— Клопатаў у старшыні заўжды шмат. Ён павінен быць строгім, патрабавальным, часам лаяльным. А якім яшчэ…

— Высакакампетэнтным. Без гэтага немагчыма быць сучасным кіраўніком. За тры дзесяцігоддзі працы ў Міёрскім раёне многае спасціг. Раён адзіны на Віцебшчыне, дзе захавалася 17 гаспадарак. Нас плануюць далучыць да суседзяў. Закрыецца пачатковая школа, праўленне і ўся інфраструктура знікнуць. Што маладым застанецца тут рабіць?

— Чым можна затрымаць людзей на вёсцы?

— Вартымі заробкамі, сучасным жыллём, сацыяльна-бытавымі ўмовамі працы і жыцця. Два гады таму пяць дамоў пабудавалі для маладых сем’яў, і ў кожным з іх немаўлятка прыбавілася. Трэба вёску адраджаць. На жывёлагадоўчай ферме “Галінова” дзве вопытныя даяркі, Ала Талочка і Людміла Міснік, пайшлі на пенсію. Пры іх гэтая ферма была лепшай на Віцебшчыне. Для тых, хто прыйдзе працаваць сюды, мы прадаставім жыллё. 

Мяне выхоўвалі, каб паважаў чалавека незалежна ад яго сацыяльнага становішча. І зараз маці наказвае, каб нікога не крыўдзіў, падтрымліваў тых, каму патрэбна дапамога. На досвітку ўстаю, а маці ўжо на нагах і бласлаўляе на ўдалы дзень, а ўвечары чакае, калі вярнуся. Вялікае шчасце дажыць да ўнукаў і заставацца сынам. Спадзяюся, што ўнук заменіць мяне.

Уладзiмiр СУБАТ

Міёрскі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter