Минчанка решила открыть свое дело после пятидесяти

Паваротны момант

Як вы думаеце, што агульнага паміж амерыканцам Рэем Крокам, які заснаваў сусветна вядомую сетку рэстаранаў хуткага харчавання, японскім бізнесменам Такішырам Моры, які інвесціраваў у нерухомасць, расіянкай Ірынай Шэвіч, якая са школьнага настаўніка перакваліфікавалася ў афтальмолага, і беларускай Аленай Сухінай — дырэктарам турыстычнай кампаніі? Адказ такi: усе яны адкрылі сваю справу, адсвяткаваўшы паўвекавы юбілей. Не пабаяліся, рызыкнулі і дабіліся поспеху. Карэспандэнт «Р» сустрэлася з нашай суайчынніцай і даведалася, як гэта — пачынаць кар’еру, калі табе за 50.

Алена СУХІНА часта суправаджае групы ў турах.

Без даху дома свайго


— Я жанчына бяздомная, — здзіўляе напачатку размовы Алена Сухіна. — Жыву ў інтэрнаце. Адпрацавала ў школе 35 гадоў. Прычым штодня — па 12 гадзін, і мне дагэтуль сорамна перад дачкой, што я ўдзяляла ёй не так шмат часу і ўвагі, як хацелася б. Для дзяцей з усяго Мінска час знаходзіла, а для яе заставалася мала. Але гэта лёс неабыякавага педагога. Мая маці, якая аддала школе 45 гадоў, жыве са мной. Ёй 86. На жаль, ні яна, ні я, быўшы настаўнікамі, не змаглі зарабіць на жыллё.

Алена Леанідаўна чалавек валявы і рашучы. У свой час, не бачачы перспектыў сямейнага жыцця, яна пайшла ад мужа, забраўшы з сабой дачку. Без прэтэнзій ні на квадратныя метры, ні на аліменты. І ўзяўшы на сябе ўсю адказнасць за дзіця, несла гэтую ношу па жыцці з горда паднятай галавой.

— Затое цяпер я моцная і не баюся застацца адна. У якую б яму мяне ні закінула, я абавязкова адтуль выберуся, — дадае суразмоўнiца.

Днюючы і начуючы на працы, укладваючы ў сваіх вучняў душу, з кожным выпускам Алена Леанідаўна разумела, што гэтыя дзеці працягваюць рухацца наперад, у той час як яна застаецца на месцы.

— Да таго ж мне не давала спакою фраза: «Калі да 30—35 гадоў ты не памяняў працу, то акрамя яе ні на што не здольны», — гаворыць гераіня. — Хоць я вельмі любіла сваю працу і дзяцей, атрымлівала задавальненне, гарэла. І цяпер працавала б у школе, каб даходы ў настаўнікаў былі трохi вышэй і займацца трэба было толькі выхаваннем і навучаннем дзяцей.

Паколькі Алена Сухіна часта арганізоўвала для хлопчыкаў і дзяўчынак розныя паездкі, спаборніцтвы, паходы, палатачныя лагеры, паспрабавала пайсці ў турызм. У новую справу акунулася з галавой, да ночы распрацоўвала праграмы і стварала туры.

— Аднак у турызме хуткіх грошай не бывае, а мне трэба было гадаваць дачку. Таму вярнулася ў школу, — тлумачыць сваё рашэнне яна. — Там дапрацавала да завуча і нават была ўключана ў дырэктарскі фонд. Але дырэктарства — гэта не праца з дзецьмі. З-за гэтага пакінула прафесію.

Круты паварот

Любіць падарожнічаць і па Беларусі. Праводзіны зімы ў пасёлку Гарадзішча Мінскай вобласці.

Знаёмая прапанавала Алене Сухінай стаць дырэктарам некаль-кіх кропак грамадскага харчавання.

— У нашым арт-кафэ выступалі шматлікія беларускія артысты, праходзілі выставы карцін. Было цікава, працавала амаль круглыя суткі, паралельна вучылася новай справе. Аднак зарплата была невялікая, таму з гэтым месцам таксама развіталася, — аднаўляе ход падзей Алена Леанідаўна. — Затым пачала рассылаць рэзюмэ ў розныя кампаніі. Але, куды б ні прыходзілі мае запыты, там, бачачы ўзрост, нават не знаходзілі час запрасіць на гутарку. Патрабаваліся маладыя, даўганогія, з вопытам працы. А мне хацелася на ўвесь Мінск крычаць, што я яшчэ шмат чаго магу пазнаць, шмат чаму навучыцца. Магу і хачу.

Потым наша гераіня выпадкова трапіла ў Маскву. Знаёмы літаральна прымусіў яе прагледзець вакансіі ў гэтым горадзе. Разаслала сваё рэзюмэ ў пяць кампаній.

— Мяне, 45-гадовую, тут жа запрасілі на гутаркі і ўсюды прынялі, — успамінае Алена

Леанідаўна. — Хоць Маскву ніколі не любіла, аднак трэба было фінансава падтрымліваць дачку, якая вучылася ў ВНУ. Таму на два з паловай гады засталася там працаваць каардынатарам міжнароднага праекта «Лепшыя людзі».

Гэты вопыт папоўніў скарбонку ведаў Алены Сухінай. Але як толькі дачка атрымала вышэйшую адукацыю, жанчына тут жа вярнулася ў родны Мінск.

— Як аказалася, вельмі своечасова. У мяне выявілася анкалогія. Перанесла аперацыю. Удзячная ўсім дактарам — фанатам сваёй справы. Яны мяне выратавалі, — з хваляваннем у голасе ўспамінае тую пару суразмоўніца.

Пасля аперацыі ў Алены Леані-даўны здарыўся неверагодны прыліў жыццёвых сіл: праз 20 дзён яна стала на канькі, а праз тры тыдні адправілася ў паход у Карпаты. Потым атрымала прапанову з Масквы ўзначаліць беларускі альманах «Лепшыя людзі», якому прысвяціла тры гады жыцця.

З аптымізмам па шляху


— Калі па ініцыятыве расій-скага заснавальніка праект спыніў сваё існаванне, вырашыла зноў пайсці ў турызм, — працягвае Алена. — Паўтара года адпрацавала агентам у сваёй знаёмай. Бралася за ўсё, часта ездзіла суправаджальнiкам. Каб прадаваць адпаведныя туры, стала на горныя лыжы. Цяпер ведаю пра іх усё. Працавала вельмі шмат. Цалкам вывучыла рынак. Падспудна ў мяне фарміравалася думка пачаць нешта сваё.

Так у студзенi 2015 года наша гераіня зарэгістравала ўласную кампанію. А ўжо ў красавіку адправіла на паромны тур поўны аўтобус турыстаў, якіх набрала самастойна, без дапамогі агентаў.

— Сваё невялікае прадпрыемства адкрыла на зберажэнні. Гэтых грошай хапіла б на недарагую машыну, — усміхаецца Алена Леанідаўна. — Так, было страшна. Тады здарыўся абвал рубля, і многія думалі, што ў мяне не ўсё ў парадку з галавой: пачынаць бізнес у такі нялёгкі час. За мной няма заснавальніка, яго капіталаў. Я сама сабе гаспадыня. Гэта і добра, і дрэнна, таму што ўсё, што зарабляю, укладваю ў развіццё кампаніі.

Штатных і пазаштатных супра-цоўнікаў у кампаніі 10—12 чалавек. Большасць працуюць аддалена. Каманда набіралася цяжка.

— Нават цяпер мне не хапае двух чалавек, такіх запальнічак, якія працавалі б з цікавасцю і вялікай самааддачай, — кажа Алена Сухіна. — Гатовая ўзяць на працу як маладых спецыялістаў, так і людзей у гадах.

Дарэчы, 40 працэнтаў тураў у кампаніі Алены Леанідаўны арганізуюцца для людзей залатога ўзросту. І гэты сегмент пастаянна пашыраецца.

— Часам гэтыя туры нявыгадныя з камерцыйнага пункта гледжання, — канстатуе дырэктар турфірмы. — Але я сама без пяці хвілін пенсіянер і добра разумею іх. Многія адзінокія, не могуць знайсці кампанію для падарожжаў. Хачу зноў распаліць у іх агеньчык цікавасці да жыцця.

Плюсы і мінусы


— Уласная фірма дала мне адносную свабоду. Я самы працавіты дырэктар, прыходжу ў офіс першай і выходжу апошняй, — адзначае Алена Леанідаўна. — Але мне ўсё гэта ў радасць, бо я стварыла свой калектыў, дзе няма інтрыг і канфліктаў. А яшчэ люблю тое, чым займаюся, за творчыя складальнікі — можна прыдумляць якія заўгодна праграмы, паездкі, фестывалі і зацікаўліваць імі людзей любых узростаў.

У ліпені гэтага года наша гераіня аформіць пенсію, праўда, пакуль ісці на яе не збіраецца. У будучыні марыць перадаць сваю справу таленавітаму і здольнаму чалавеку, а самой працаваць эпізадычна, прысвячаць шмат часу падрастаючым унукам.

А яшчэ нядаўна Алена Сухіна заключыла дагавор на будаўніцтва ўласнай кватэры. Грошы на першы ўзнос ёй дапамаглі сабраць сябры і знаёмыя.

— Зрабіла гэты крок і зразумела, што не трэба баяцца. Калі рухаешся наперад, то магчымасці заўсёды з’яўляюцца, — рэзюмуе суразмоўнiца.

statkevich@sb.by

Фота з архіва гераіні
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter