Паварот на Косава

Гэты край зусім хутка стане турыстычным цэнтрамБольшасць людзей прыязджаюць у Косава толькі для таго, каб зірнуць на мясцовыя архітэктурныя помнікі ды адразу ж накіравацца далей. Мясцовая моладзь, якую вабяць вялікія гарады, таксама надоўга ў родным доме не затрымліваецца. У апошні час рэспубліканскія ўлады звярнулі ўвагу на гэтае мястэчка. І такі паварот, як спадзяюцца мясцовыя жыхары, дапаможа Косаву стаць не проста ўзбочынай галоўных дарог, а цэнтрам прыцягнення турыстаў і інвестыцый.

Кардыяграма лёсу
За больш як 500-гадовую гісторыю спазнала Косава і ўзлёты, і заняпады. Яно развівалася, адбудоўвалася, здзіўляла, але і гарэла, памірала ад варожых куль, пазбаўляла людзей работы і заробку. Калісьці вялікі цэнтр рамесніцтва з 7 тысячамі жыхароў страціў дзве трэці свайго насельніцтва (фашысты масава знішчалі яўрэяў), а потым з развалам СССР згубіў і сваю прамысловую моц.
Сённяшні гарадок з яго па-заходнебеларуску акуратнымі дамамі і дзвюма з паловай тысячамі жыхароў, напэўна, мала чым адрозніваецца ад мноства іншых мястэчак нашай краіны. Але яго багатае на архітэктурную і гістарычную спадчыну наваколле робіць яго непаўторным і вельмі прывабным.
Рыцар на варце
Візітоўка Косава — палац Пуслоўскіх. Падобны на сярэднявечнага рыцара-асілка, ён здалёк назірае за ўсімі, хто набліжаецца да яго.
Гэты нашчадак мінулага быў узведзены ў ХІХ стагоддзі па ініцыятыве Вандаліна Пуслоўскага — прамысловага магната, які валодаў спіртавым і цэглавым заводамі, суконнымі мануфактурамі.
Палац пабудаваны ў стылі неаготыкі. Ён мае 12 зубчатых вялікіх вежаў, кожная з якіх сімвалізуе месяц года, а таксама 365 маленькіх, што адпавядае колькасці дзён года.
Усе 132 пакоі, як сцвярджаюць гісторыкі, былі непаўторныя. Самы знакаміты з іх — белы, у якім ладзілі балі. Гавораць, што яго падлога была з двайным шклом. Вось і атрымлівалася, што спадары і спадарыні танчылі, а пад іх нагамі плавалі сотні экзатычных рыбак. У блакітным пакоі да балю рыхтаваліся мужчыны, у ружовым — жанчыны. Чорны, сцены якога былі выкананы з мармуру, быў прызначаны для аматараў гульні ў карты.
Быў ля замка і дзівосны парк, у якім былі высаджаны каля 150 рэдкіх раслін. Але войны знішчылі яго. Апошняя з іх, Другая сусветная, не пашкадавала і сам палац. Ён гарэў дзесяць дзён. Пасля вайны пашкоджаны замак, відаць, мазоліў камусьці вочы. Адсутнасць грошай на рэстаўрацыю вырашылі кампенсаваць зялёнымі насаджэннямі. За дзесяцігоддзі тыя дрэвы выцягнуліся высока-высока і амаль што схавалі старажытнага “рыцара”.
Касцюшкаў дом
— Але большасць турыстаў усё ж цікавіць не палац, а Тадэвуш Касцюшка, — сцвярджае дырэктар мясцовай сядзібы-музея Ірына Анціпенка.
Гэты аб’ект па малюнках Напалеона Орды адбудавалі якраз на фундаменце той сядзібы, у якой нарадзіўся герой Беларусі Тадэвуш Касцюшка. Ён змагаўся супраць падзелаў нашай краіны (тады ў складзе Рэчы Паспалітай) і расійскай экспансіі.
За сваё жыццё наш зямляк стаў героем Польшчы, Францыі, ЗША. Таму ў яго родную сядзібу прыязджаюць не толькі беларусы, але і жыхары іншых краін. Музей працуе толькі з 2004 года. Але штогод яго наведваюць звыш 10 тысяч экскурсантаў.

Гасцініца — прыезджым, работа — сваім
Ужо падрыхтавалі праектную дакументацыю на першую чаргу рэстаўрацыі Косаўскага замка, узятага пад ахову ЮНЕСКА, расказваюць у аддзеле культуры Івацэвіцкага райвыканкама. На чарзе — будаўнічыя работы і падрыхтоўка плана другой чаргі. Плануецца пашырыць і сядзібу Касцюшкі.
— Канешне, будзем ствараць калі не гасцініцу, дык гасцінічныя нумары, — дзеліцца планамі старшыня Косаўскага гарсавета Марыя Люндышава. — Трэба ж дзесьці начаваць прыезджым.
Гасцініца спатрэбіцца, тлумачыць яна, не толькі турыстам, але і тым, хто прыедзе ў мясцовы фізкультурна-аздараўленчы комплекс, які плануецца значна абнавіць.
Будаўніцтва ды рэстаўрацыя дадуць многім незанятым мясцовым жыхарам работу, адзначае Марыя Люндышава. Калісьці ў Косаве на дрэваапрацоўчым прадпрыемстве працавалі да 900 чалавек, цяпер жа — менш за 200. Будучыня мястэчка не толькі за турызмам, але і за вытворчасцю, лічыць старшыня гарсавета. Развіваецца свой малы бізнес. У апошні час прыязджаюць і замежнікі, у прыватнасці з Італіі, Даніі, збіраюцца набыць будынкі, што прастойваюць без руплівых гаспадароў. Магчыма, у гарадку адкрыецца цэх па пашыву адзення...

Як дабірацца?
Калі няма свайго аўто, то, напрыклад, з Мінска можна па чыгунцы даехаць да Івацэвічаў, а потым яшчэ каля 15 кіламетраў — на аўтобусе. Не пашкадуйце часу і абавязкова пабывайце і ў Ружанах. Там убачыце палац Сапегаў, які згодна з легендай калісьці злучаўся з Косаўскім замкам 25-кіламетровым падземным тунелем.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter