Как вести себя в церквях, костелах, домах молитвы

Павага да месца малітвы

Мы ўсе, нягледзячы на наш светапогляд і перакананні, напэўна, бывалі ў розных хрысціянскіх будынках, якія з'яўляюцца месцамі культу. Гэта маглі быць цэрквы, касцёлы, дамы малітвы і г. д. Калі мы належым да іншай хрысціянскай канфесіі ці далёкія ад хрысціянства, то часта не ведаем, як сябе паводзіць у такіх месцах. Сёння пастараемся нагадаць некалькі асноўных і важных момантаў.

У Бібліі іерусалімскі храм названы домам малітвы. Можна ўсе хрысціянскія будынкі культу назваць дамамі малітвы ў тым сэнсе, што гэта іх галоўнае прызначэнне. Яны выкарыстоўваюцца для прыватнай малітвы, калі розныя людзі моляцца асобна ад іншых, а ў першую чаргу для малітвы супольнай, калі моляцца некалькі чалавек разам.

Паставім сябе на месца таго, хто зайшоў памаліцца ў сакральны будынак асобна ці сумесна з іншымі. Нам бы перашкаджала, калі б нехта побач з намі вёў пустыя размовы ці нешта абмяркоўваў па тэлефоне. Тое самае не было б дарэчным у музеі ці ў бібліятэцы, але часам да наведвальнікаў гэтых месцаў у лю­дзей больш павагі, чым да тых, хто прыходзіць у царкву ці касцёл.

Сучасныя дасягненні ствараюць новыя магчымасці і новыя праблемы. Цяпер у многіх ёсць мабільны тэлефон з фотакамерай, але гэта не значыць, што трэба здымаць на яе кожны прадмет, які мы ўбачылі ў храме. Зноў жа, мы ж не прыходзім у музей з місіяй сфатаграфаваць як мага больш аб'ектаў, якія там знаходзяцца. Нават калі няверуючы чалавек вырашыў зайсці ў храм, важнейшым за здымкі будуць яго ўнутраныя ўражанні ад гэтага месца.

Вядома, мы можам захацець заявіць усяму свету, што «менавіта я быў менавіта тут», але знешне спробы сфатаграфавацца ў месцах малітвы часта выглядаюць недарэчнымі. Пастановачныя здымкі, папулярныя цяпер сэлфі лепш рабіць звонку храма. Калі мы маем мэту пакінуць на памяць нейкую падзею, якая адбываецца ў храме, напрыклад, хрост дзіцяці, то лепш даручыць рабіць фотаздымкі аднаму чалавеку, удакладніўшы на месцы, як фатографу сябе паводзіць.

Здараецца, людзі паводзяць сябе ў храме неабдумана нават і з добрымі намерамі. Праваслаўны мітрапаліт Антоній Суражскі аднойчы падчас літургіі расказаў, што быў сведкам таго, як у царкве старэйшая жанчына зрабіла заўвагу чалавеку, які ўвайшоў у царкву, такім спосабам, што ён адразу з царквы выйшаў. Мітрапаліт папрасіў усіх прысутных маліцца, каб гэты чалавек калі-небудзь захацеў вярнуцца.

Для вернікаў людзі, якія прыходзяць у месца малітвы, — гэта госці, часам нечаканыя. Дык вось гасцей прынята сустракаць з ветлівасцю, а самі госці павінны паважаць тых, да каго прыйшлі.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter