Каля дзвюх сотняў заявак падалі беларускія ўдзельнікі на конкурс праектаў Усерасійскага стартап тура фонду “Сколкава”, які праводзіўся ў Мінску

Патрэбны ідэі

Каля дзвюх сотняў заявак падалі беларускія ўдзельнікі на конкурс праектаў Усерасійскага стартап тура фонду “Сколкава”, які праводзіўся ў Мінску. Наш карэспандэнт пабываў на прэзентацыі некаторых з іх.  



“Разумныя паверхні для біясенсорыкі”, “Тэхналогія павышэння актыўнасці супрацьпухлінных прэпаратаў”... Ужо адны назвы праектаў гаварылі пра тое, што іх стваральнікі падышлі да конкурсу вельмі сур’ёзна. Амаль трэць заявак была пададзена па лініі нацыянальнага праекта “100 ідэй для Беларусі”. Так, заслугоўвае ўвагі робат пад назвай “Трэніруючы сімулятар складаных рухаў”. А таксама энергаэфектыўныя праекты і “Віртуальны музей тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны”. Прадстаўнік IT-кластара “Сколкава” Васіль Бялоў сам факт удзелу кожнага ў гэтым мерапрыемстве назваў перспектыўным: 

— Галоўнае — нават не ўдзел у гэтым конкурсе, а магчымасць заўважыць кожнага, прыгледзецца. І пры неабходнасці знайсці сабе кампаньёна ў будучыні.

Да паловы ад агульнай колькасці пададзеных заявак датычылася інфармацыйных тэхналогій. Што ж, гэта ўплыў часу. Зрэшты, моднасць напрамку не азначала аўтаматычнай паспяховасці: прафесійнае журы ацэнь­вала праекты вельмі дасканала. У выніку, напрыклад, стартап “antiTAXI” быў “згорнуты”. Ён уяўляў з сябе праграмнае забеспячэнне, якое дазваляе пешаходам і адзінокім кіроўцам аўто знаходзіць адзін аднаго для сумеснай паездкі. Падобны ідэалізм стваральнікі мелі намер абкатаць на вуліцах расійскай сталіцы, што выклікала толькі іронію аднаго з маскоўскіх інвестараў: 

— Вы ў Маскве даўно былі? Не заўважылі, з якім пачуццём пешаходы і кіроўцы там ставяцца адзін да аднаго. Баюся, праект ваш акажацца незапатрабаваным. 

Затое вялікую цікавасць і журы, і залы выклікаў стартап з забаўнай назвай “Сістэма аўтаматызаванага выяўлення палавой ахвоты кароў”. Яго кіраўнік, фізік ды інжынер Дзмітрый Шырокі, бачыць за гэтай распрацоўкай вялікія перспектывы на прасторах ЕАЭС: 

— Сёння нашы паспяховыя гаспадаркі выкарыстоўваюць такія механізмы замежных вытворцаў. А яны абыходзяцца прыкладна ў 100 еўра за штуку. Мы ж прапануем наладзіць выпуск гэтых датчыкаў па цане каля 59 долараў за штуку. Пры наяўнасці ў гаспадарках адной-дзвюх тысяч кароў выгада становіцца асабліва адчувальнай. А ў Еўразійскім эканамічным саюзе кароў каля 10 мільёнаў! 

Яшчэ адзін цікавы праект прадставіў Дзяніс Бачкоў: музычную студыю ў адным камп’ютары. Гаворыць, што пакуль стваральнікам і аранжыроўшчыкам музыкі даводзіцца выкарыстоўваць мноства дарагіх інструментаў альбо цэлы шэраг розных ліцэнзійных праграм, якія таксама абыходзяцца ў капеечку: 

— У выніку поўны цыкл стварэння і запісу музычнага твора сёння абы­дзецца ў суму да 10 тысяч долараў. Пры выкарыстанні ж нашай музычнай студыі гэтая сума будзе вар’іравацца ад 10 да 50 долараў. А выручка да 2018 года зможа перавысіць 5 мільёнаў долараў. 

Усерасійскі стартап-тур праводзіцца для пошуку перспектыўных інавацыйных рашэнняў. Яго пераможцы ўлетку будуць запрошаныя непасрэдна ў “Сколкава”. Але карысным гэтае мерапрыемства можна назваць для кожнага ўдзельніка. Праведзеныя майстар-класы, трэнінгі і семінары — рэч зусім не лішняя. Дарэчы, арганізатары тура — фонд “Сколкава”, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях і Мінскі гарадскі тэхнапарк — думаюць яшчэ шырэй. Яны канчатковай мэтай бачаць стварэнне вялікай інавацыйнай супольнасці. У адзінстве сіла — гэты прынцып цалкам прымяняльны і ў IT-сферы.

Міхаіл Асіпенка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter