Отследить посылку, найти ближайшее почтовое отделение и вызвать курьера: «Белпочта» разработала полезное приложение для смартфона

Пасылка па спасылцы

Нiхто не стане спрачацца: высокiя тэхналогii выдатна спрашчаюць нам жыццё. Менавiта таму апошнiм часам многiя дзяржаўныя i прыватныя арганiзацыi ствараюць для людзей электронных памочнiкаў — разнастайныя чат-боты i дадаткi, якiя здольны вырашыць пытанне ў некалькi клiкаў. Днямi App Store i Play Market папоўнiлiся яшчэ адной навiнкай, распрацаванай «Белпоштай» для сваiх клiентаў. Карэспандэнт «Р» спампавала дадатак i пратэсцiравала яго магчымасцi.

Кожны дзень беларусы атрымліваюць тысячы пасылак і лістоў.
Фота Аляксея СТАЛЯРОВА

Пяць зорак

Спецыялісты «Белпошты» клапоцяцца пра сваіх кліентаў і робяць для іх зручныя сэрвісы.
ФОТА ПАЎЛА ЧУЙКО
Перш чым пазнаёмiцца з дадаткам, мы даведалiся ў прэс-службе «Белпошты» аб яго прызначэннi. Спецыялiсты кажуць, што ў першую чаргу зручная навiнка дазволiць зберагчы час i аператыўна прадаставiць iнфармацыю пра месцазнаходжанне паштовых адпраўленняў — аб статусе пасылкi можна будзе даведацца ў анлайн-рэжыме. Акрамя таго, карыстальнiкi з дапамогай дадатку змогуць знайсцi блiжэйшае аддзяленне паштовай сувязi, даведацца iндэкс патрэбнага аддзялення, а таксама выклiкаць кур’ера. Ну што ж, праверым.
 
Дадатак знайсцi нескладана, ён так i называецца — «Белпошта»: квадратная iконка з белым фонам i ўсiм вядомым лагатыпам арганiзацыi. Дарэчы, мяркуючы па водгуках у Play Market, некалькi карыстальнiкаў ужо паспелi яго ацанiць на пяць зорак: пiшуць, што дадатак выглядае па-сучаснаму i працуе без «багаў».

Перш за ўсё мне прапануюць зарэгiстравацца, каб было зручней сачыць за пасылкамi. Уводжу нумар мабiльнага, на якi высылаюць праверачны код i прапануюць прыдумаць пароль. Пасля нескладаных манiпуляцый на экране з’яўляюцца два акенцы — «мае пасылкi» i «мае заяўкi». Вось ужо месяц чакаю з-за мяжы чахол для навушнiкаў. Праверым, дзе ён зараз знаходзiцца. Для гэтага заходжу ў дадатак, дзе заказвала тавар, капiрую нумар адсочвання, i ён аўтаматычна з’яўляецца ў дадатку. Нацiскаю кнопку «адсачыць» — вуаля, пiшуць, што мая пасылка паступiла ва ўстанову дастаўкi, гэта значыць, ужо праз пару дзён футляр ад бесправадных навушнiкаў будзе «апрануты» ў бэжавы чахол. Дарэчы, так можна адсачыць шлях любой пасылкi, нават той, якую вы ўжо атрымалi. А каб пастаянна не капiраваць трэкер, можна скласцi спiс i кожнаму тавару даць iмя — «сукенка» i «спiнiнг», напрыклад.

Пiшыце лiсты

Дадатак дапаможа хутка праверыць, дзе знаходзіцца ваша пасылка.
Яшчэ адзiн прыемны бонус дадатку — выклiк кур’ера, праз якога можна даставiць пасылку або лiст па Мiнску i iншых гарадах краiны. Для выклiку паштовага кур’ера праграма папросiць запоўнiць некалькi граф, выбраўшы патрэбныя дату i час прыезду спецыялiста, адрас адпраўлення i што трэба даставiць — унутранае адпраўленне або мiжнароднае.

З дапамогай дадатку таксама можна знайсцi блiжэйшае да вас паштовае аддзяленне — дастаткова ўключыць на тэлефоне геалакацыю i зайсцi ў карту, на якой высвецяцца патрэбныя даныя. А яшчэ тут ёсць адказ на пытанне аперацыянiстаў, якое ставiць у тупiк многіх: «Якi ў вас iндэкс?»Тым, хто спампаваў дадатак, больш не давядзецца вiнавата апускаць вочы — дастаткова ўвесцi свой адрас, i праграма адразу выдасць камбiнацыю лiчбаў. Вось у мяне 220051, так што пiшыце лiсты!

glushko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter