Пастырскае пасланне Мiтрапалiта Тадэвуша Кандрусевiча на Вялiкдзень 2016 года


Хрыстус уваскрос, i Ён з намi


Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты i сёстры, усе людзi добрай волi!

1. Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Сёння мы з радасцю вiтаем адзiн аднаго гэтым пасхальным прывiтаннем, бо ўваскрасенне Хрыста з’яўляецца падмуркам нашай веры i гарантыяй вечнага жыцця. Менавiта таму пасхальная радасць распiрае нашы сэрцы, i мы дзелiмся ёю з iншымi.

Евангелле распавядае нам, як жанчыны–мiраносiцы накiравалiся да магiлы Езуса, каб аддаць Яму апошнюю паслугу i паводле габрэйскага звычаю намасцiць Яго цела пахучымi алеямi. Яны былi занепакоены тым, хто адсуне камень, якiм быў загароджаны ўваход у магiлу, якую сцераглi вартаўнiкi (пар. Мк 16, 3; Мц 27, 64). Якое ж здзiўленне ахапiла iх, калi яны ўбачылi магiлу адкрытай. Яшчэ большае здзiўленне выклiкаў у iх той факт, што ў ёй не было цела Езуса, а анёлы, якiя там знаходзiлiся, iм сказалi: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; Ён уваскрос» (Лк 24, 5).

Мы толькi можам уявiць сабе стан тых жанчын! Яны былi перапалоханы ўбачаным i пачутым. I гэта не дзiўна. Тое ж самае было б з намi, калi б мы трапiлi ў падобную сiтуацыю.

Хаця i перапужаныя, яны, аднак, дзеляцца гэтай радасцю з апосталамi. Пётр i Ян iмгненна бягуць да магiлы, каб пацвердзiць факт уваскрасення Езуса i паверыць (пар. Ян 20, 4–10).

Гэты храналагiчны евангельскi аповед з’яўляецца фундаментальным для нашай веры. Ён кардынальна змянiў жыццё апосталаў i таксама павiнен змяняць наша жыццё, бо мы не адны i з намi ўваскрослы Езус — наша надзея.

2. Ён уваскрос! Нiхто i нiколi не мог сказаць больш падбадзёрваючых слоў, чым гэтыя. Уваскрасенне Хрыста — гэта дзень, якi Пан учынiў, i падзея, у якой мы з радасцю ўдзельнiчаем.

Мы завяршылi Вялiкi пост — час нашага духоўнага ўваскрашэння. У духоўнай вандроўцы разам з церпячым Езусам мы прыйшлi да сённяшняга радаснага дня. У Вялiкую пятнiцу мы перажывалi драму Кальварыi. Сын Божы дабравольна аддаў сваё жыццё за нас, каб выбавiць з улады злога духа i палону граху. Нявiнны аддаў сваё жыццё за вiнаватых i грэшных. Цi можа быць большая любоў?

Дзякуючы Пасхальнай таямнiцы крыж, як дрэва ганьбы i нечалавечых цярпенняў, перамянiўся ў знак перамогi, любовi i надзеi. Укрыжаваны Езус прыгадвае нам аб Божай любовi i Яго бязмежнай мiласэрнасцi, якая праявiлася ў Яго збаўчай смерцi i ўваскрасеннi. Збаўчы акт Хрыста змяшчае адначасова Крыж i Уваскрасенне.

Пасхальная таямнiца смерцi i ўваскрасення Хрыста адкрывае нам схаваную праўду пра Бога. Здаецца, што Крыж на Кальварыi закрывае Яго магчымасцi. Але на самай справе крыжовая смерць Езуса — гэта не канец, але пачатак. Гэта толькi пункт часовага затрымання, як быццам аўтобусны прыпынак. Як пасля прыпынку аўтобус едзе далей, таксама i Хрыстус сваёй боскай моцай не спыняецца i працягвае дзейнiчаць.

Калi Вялiкая пятнiца была чалавечым «НЕ» Богу, то велiкодны ранак стаў Божым «ТАК» чалавеку. Чалавек створаны не для смерцi, але для жыцця, якое атрымаў дзякуючы Пасхальнай таямнiцы. Велiкодная ранiца пацвердзiла ўсемагутнасць Бога i тое, што Ён, а не хтосьцi iншы, нават самы моцны гэтага свету, з’яўляецца яго Валадаром.

3. Сёння з верай мы павiнны прыняць праўду аб тым, што дрэва ганьбы сталася дрэвам бязмежнай любовi Бога да чалавека. Больш за тое, Ён заўсёды ёсць з намi. З намi ёсць Бог Любовi, якi так палюбiў свет, што аддаў свайго Сына, каб нас збавiць. Таму слова «любоў» з’яўляецца ключавым словам Пасхальнай таямнiцы. На яе мы паклiканы адказаць падобнай любоўю, якая павiнна праяўляцца ў нашых адносiнах да Бога i блiжняга.

Гэта любоў ужо 2 тысячы гадоў фармуе Божы народ i вядзе яго шляхам збаўлення. Гэта тая самая любоў, якая аберагае i ўмацоўвае нашу веру. Касцёл абапiраецца на гэтую Божую любоў, каб паспяхова выконваць сваю мiсiю i найперш абвяшчаць Бога, iмя якога «мiласэрнасць», як кажа Папа Францiшак (пар. NGM).

4. У эйфарыi сённяшняга свята мы не можам забыцца аб праблемах, з якiмi сустракаецца сёння Касцёл i хрысцiянская вера наогул. Гэта найперш фiзiчны пераслед, асаблiва на Блiзкiм Усходзе i ў Паўночнай Афрыцы. Там, у калысцы нашай веры, вызнаўцы Хрыста штодзённа плацяць сваiм жыццём або павiнны пакiдаць родныя мясцiны толькi таму, што такiмi з’яўляюцца.

У многiх краiнах свету прымаюцца законы, якiя супярэчаць Божаму закону, i само хрысцiянства высмейваецца. Людзi не прымаюць удзел у набажэнствах, не моляцца, не захоўваюць Божыя запаведзi i г.д. З’яўляецца ўсё больш абыякавых, намiнальных хрысцiян, якiх на самай справе нiчога, акрамя пасведчання аб хросце, не злучае з Касцёлам. Хрысцiянскiя ўрачыстасцi i традыцыi для многiх становяцца як быццам фальклорам i нагодай добра правесцi час без усведамлення iх глыбокага рэлiгiйнага сэнсу. У Еўропе ўжо ёсць краiны, дзе праблемай становiцца крыж на шыi веруючага цi на адзеннi на месцы працы. Гэта не што iншае, як праяўленне дэхрысцiянiзацыi i дэсакралiзацыi нашага жыцця. Губляецца сапраўдны сэнс хрысцiянства, i яно знаходзiцца ў вялiкай небяспецы ў сучасным свеце, якi з касмiчнай хуткасцю секулярызуецца.

Гiстарычна хрысцiянская Еўропа ўсё часцей дабравольна адмаўляецца ад сваёй хрысцiянскай спадчыны i каранёў i становiцца постхрысцiянскай. А калi i ўспамiнае аб хрысцiянстве, то без аднясення да канкрэтнай веры ў Хрыста i захавання хрысцiянскiх каштоўнасцяў. Наш кантынент становiцца шматкультурным, так што нават у штодзённы абыход увайшоў тэрмiн мульцi–кульцi–грамадства без ясна выражанай рэлiгiйнай прыналежнасцi.

5. На гэтую праблему i вынiкаючую з яе духоўную i сацыяльную небяспеку звярнулi ўвагу Папа Францiшак i Патрыярх Маскоўскi i ўсяе Русi Кiрыл у падпiсанай сумеснай заяве падчас гiстарычнай сустрэчы, якая мела месца 12 лютага 2016 г. у Гаване на Кубе. Яны выказалi сваю занепакоенасць сiтуацыяй, калi ў многiх краiнах свету хрысцiяне сустракаюцца з абмежаваннем рэлiгiйнай свабоды i правам сведчыць аб сваiх рэлiгiйных перакананнях i жыць паводле iх.

Яны таксама падкрэслiлi, што палiтыка секулярызацыi вядзе да небяспекi ў галiне свабоды веравызнання. Некаторыя палiтычныя сiлы, кiруючыся iдэалогiй секулярызму, якi нярэдка прымае агрэсiўныя формы, iмкнуцца выцеснiць хрысцiянства на перыферыю грамадскага жыцця. У той жа час еўрапейская iнтэграцыя павiнна паважаць рэлiгiйную тоеснасць сваiх грамадзян. Будучы адкрытай на iншыя рэлiгii, Еўропа, тым не менш, павiнна заставацца вернай сваiм хрысцiянскiм караням i захаваць сваю хрысцiянскую душу.

6. Вельмi часта ў сваiм духоўным жыццi мы кiруемся iдэямi палiткарэктнасцi ў галiне рэлiгii i свабоды веравызнання i робiм усё, каб толькi спадабацца людзям з iншымi, нават секулярнымi, перакананнямi, забываючыся пры гэтым пра свае. Зразумела, што трэба з пашанай ставiцца да перакананняў iншых людзей. Але ў той жа час нам, хрысцiянам, нельга страцiць сваёй хрысцiянскай тоеснасцi i недапушчальна не баранiць хрысцiянскiх каштоўнасцяў.

Пазiцыя абыякавасцi i iндыферэнтнасцi адносна нашай веры i захавання прынцыпаў Евангелля — гэта не што iншае, як балючы нарыў на целе сучаснага хрысцiянства. Яго неабходна як мага хутчэй аперыраваць, каб не пачалася духоўная гангрэна i не атруцiўся ўвесь арганiзм.

Калi мы сцвярджаем, што з’яўляемся хрысцiянамi, то павiнны змагацца за нашу веру i яе сведчыць у штодзённым жыццi. Мы павiнны таксама будаваць масты памiж рознымi хрысцiянскiмi веравызнаннямi, каб сумесна сведчыць Евангелле, яго баранiць i абвяшчаць. Нам неабходна весцi дыялог з нехрысцiянскiмi рэлiгiямi, каб разам вырашаць узнiкаючыя праблемы, бо iснуючыя рознiцы ва ўспрыманнi рэлiгiйных iсцiн не павiнны перашкаджаць людзям розных веравызнанняў жыць у мiры i згодзе.

7. Падчас доўгiх дзесяцiгоддзяў ганенняў на веру наш народ заплацiў высокую цану за свабоду веравызнання. Гэта вялiкi дар Божай мiласэрнасцi, прадказаны Марыяй у Фацiме ў далёкiм 1917 годзе. Але гэта таксама вялiкае i адказнае заданне — не дапусцiць размывання гэтага дару ў мутнай вадзе секулярызму i не страцiць яго. Таму мы павiнны мужна супрацьстаяць усялякiм праяўленням спакусаў рэлiгiйнай палiткарэктнасцi, якiя аслабляюць i нiшчаць нашу веру, каб крочыць за ўваскрослым Хрыстом у марафоне нашага жыцця.

Ва ўсiх яго абставiнах мы павiнны заставацца вернымi нашаму хрысцiянскаму паклiканню, якое бярэ свой пачатак у сакрамэнце хросту, што з’яўляецца маркерам нашай хрысцiянскай тоеснасцi. Менавiта iм пазначаны тыя, хто iдзе шляхам Хрыста, гэта азначае тыя, хто памёр для граху i ўваскрос для новага духоўнага жыцця. Гэтым духоўным маркерам пазначаны кожны хрысцiянiн, якi ў сакрамэнце хросту ўключыўся ў Хрыста i прабывае з намi ў служэннi Касцёла.

8. Уваскрасенне Езуса ёсць знакам уваходу ўваскрослага Бога ў наша жыццё i Яго радыкальнага дзеяння ў свеце. Уваскрослы Хрыстус аб’яўляе нам прыроду i логiку не суду, але Божай мiласэрнасцi. Ён як быццам прамаўляе да нас: «Паглядзi, чалавек, ты забiў Мяне, але Я прыходжу да цябе з пасланнем мiру, бо хачу, каб ты разам са Мною вярнуўся да жыцця».

Таму вызнаўцы Хрыста павiнны адзначацца згодным з Яго вучэннем жыццём. Гэта азначае, што наш позiрк павiнен быць скiраваны не на нас самiх i на нашы iндывiдуальныя справы, але на Божыя. Ён таксама павiнен быць скiраваны на духоўныя i матэрыяльныя патрэбы iншых, як да гэтага заклiкае Папа Францiшак у Юбiлейным Годзе Божай Мiласэрнасцi (пар. MV 15).

Свята Пасхi — гэта магутнае «ТАК» Бога для дабра чалавека. Гэта надзея, нягледзячы на ўсе цяжкасцi, якiя сёння перажывае хрысцiянства i свет. Гэта дар для ўсяго чалавецтва, што ў Хрысце смерць перамяняецца ў жыццё. Таму разам з анёламi мы павiнны казаць: «Езуса няма ў магiле. Ён уваскрос i ёсць сярод нас!»

9. Пасля трох пакаленняў ганенняў i пераследу Каталiцкi Касцёл у Беларусi перажывае сваю Пасху. У гэтым Юбiлейным Годзе Божай Мiласэрнасцi мы адзначаем сярэбраны юбiлей адраджэння касцёльных структур i ўстанаўлення св. Янам Паўлам II Мiнска–Магiлёўскай мiтраполii. Галоўныя ўрачыстасцi адбудуцца ў Будславе 1 — 2 лiпеня гг.

Сёлетнi пастырскi дэвiз «Надзея ў Божай мiласэрнасцi» ўключае ў сябе падрыхтоўку да гэтага юбiлею. Яе складнiкам з’яўляюцца пастырскiя вiзiтацыi з мэтай падсумавання дасягненняў i пошуку шляхоў удасканалення.

Адраджэнне структур Каталiцкага Касцёла ў Беларусi i яго развiццё яшчэ раз пацвярджае праўду Уваскрасення Хрыста. Езус, якога цягам трох пакаленняў атэiстычныя сiлы на нашай зямлi спiхвалi ў магiлу i хацелi пахаваць, уваскрос i ўваходзiць у наша жыццё. Ён жыве, Ён з намi, i з Iм жыве Беларусь.

10. Дарагiя браты i сёстры!

Вiншую ўсiх вас з радасным i збаўчым святам Пасхi Хрыстовай!

Няхай уваскрослы Езус будзе крынiцай нашага жыцця, каб з вечна жывой Пасхальнай таямнiцы мы чэрпалi духоўныя сiлы, былi мужнымi сведкамi i мiсiянерамi хрысцiянскай веры.

Складаю свае найлепшыя святочныя пажаданнi хрысцiянам iншых канфесiй, якiя сёння разам з намi адзначаюць гэтае свята святаў.

Вiншую праваслаўных братоў i сясцёр. Жадаю iм поспеху ў духоўнай падрыхтоўцы да святаў Пасхi, радасць якой мы будзем раздзяляць разам з вамi, каб, умацаваныя ласкай Пасхальнай таямнiцы, мы маглi плённа супрацоўнiчаць у галiне абвяшчэння i абароны хрысцiянскiх каштоўнасцяў.

Вiншую ўсiх людзей добрай волi! Езус збавiў усiх людзей, i ў Iм наша надзея.

Радаснай, поўнай ласкi ўваскрослага Пана, свята Пасхi Хрыстовай i Яго супакою!

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! I Ён з намi!

Раздзяляючы разам з усiмi вамi ласку пасхальнай падзеi, свае пажаданнi ўмацоўваю благаслаўленнем у iмя Айца, + i Сына, i Духа Святога. Амэн.

Арцыбiскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВIЧ,
Мiтрапалiт Мiнска-Магiлёўскi.


Мiнск, 2016 г.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter