Сегодня - первый экзамен на ЦТ: мы побеседовали с абитуриентами, преподавателями и представителями РИКЗ

Паступальны рух

У 11.00 раніцы амаль 22 тысячы хлопцаў і дзяўчат возьмуць ручкі і здадуць першы дарослы экзамен — ЦТ па беларускай мове, які паўплывае і на выбар іх будучай прафесіі. Да 1 ліпеня ўключна кожныя два дні праходзіць асноўны этап ЦТ. Пасля беларускай мовы — руская, потым — грамада­знаўства і гэтак далей. 76 888 чалавек паздаюць у гэтыя гарачыя для іх дні 258,3 тысячы тэстаў па вучэбных прадметах. Карэспандэнт «Р» даведалася, як рыхтаваліся да першага ЦТ школьнікі.



Першае, на чым акцэнтуюць увагу тыя, хто днямі здаў выпускныя экзамены ў школе, — рыхтавацца да ЦТ трэба загадзя. Анастасія Шаранговіч, выпускніца 11-га класа ліцэя № 1 Мінска, ужо сёння ў БДМУ будзе здаваць тэсціраванне. Кажа, што пачала падрыхтоўку да ЦТ па беларускай мове яшчэ ў верасні, а калі глядзець глабальна, то ўвогуле з шостага класа:


— Я тады перайшла ў Азярцоўскую сярэднюю школу, дзе працавала вельмі добрая настаўніца беларускай мовы. У 10-м класе, калі вучылася ў ліцэі, вырашыла, што ЦТ буду здаваць менавіта па беларускай мове. Я адзіная з класа здавала ўнутраны школьны выпускны экзамен па беларускай, а не рускай мове. Гадавая адзнака па ёй у мяне 9 балаў.

Як рыхтавалася да ЦТ? У 11-м класе, здаўшы рэпетыцыйнае тэсціраванне па беларускай мове на 70 балаў, звярнулася па дадатковыя заняткі да настаўніцы з Азярцоўскай школы. Займалася з ёй паўгода раз на тыдзень па паўтары гадзіны. Ужо на наступным этапе РТ здала на 80 балаў. Плюс былі факультатывы, самастойная праца. Акрамя гэтага, дзяўчына чытала і чытае на беларускай мове мастацкую літаратуру, якая выходзіць за межы школьнай праграмы.

— Лічу, што беларуская мова лягчэй за рускую. У ёй менш складаных правілаў, выключэнняў. Напрыклад, напісанне дзвюх Н. У рускай гэта вялікае правіла ў некалькі старонак. У беларускай усё проста: пішы адну Н.

Насця будзе здаваць тэсці­раванне яшчэ па фізіцы і матэматыцы. Наведвала платныя курсы, а таксама факультатывы. Выбірае, куды паступаць: у БДУ на мехмат або ў БДУІР на факультэт камп’ютарных сістэм і сетак. Хоча стаць праграмістам. Яна лічыць, што ў ЦТ галоўнае — рыхтавацца. Больш за тое, абсалютна рэальна ўсё вывучыць самастойна: «Ёсць кнігі, відэаўрокі, дапаможнікі. Рыхтуючыся самастойна, востра адчуваеш, дзе трэба паўтарыць, што яшчэ засвоіць».


Яшчэ адзін абітурыент, Максім Дзелібалт, таксама здае ЦТ мена­віта па беларускай мове:

— Мне яна бліжэй, радней — з дзяцінства падабаецца. З маіх знаёмых працэнтаў пяць здае беларускую мову. Шчыра кажучы, на ЦТ яна лягчэй за рускую. Я пачаў падрыхтоўку ў верасні. Па фізіцы і матэматыцы, якія таксама буду здаваць на ЦТ, каб паступіць у БДУІР, пачаў рыхтавацца раней — з 10-га класа. Па беларускай мове мне хапіла факультатыўных заняткаў і самастойнага навучання. Купіў дапаможнікі, зборнікі правілаў і заданняў, кнігі па ЦТ мінулых гадоў перадалі старэйшыя знаёмыя. На РТ беларускую мову напісаў на 82 балы. Для мяне адносна добра, але ведаю, што магу лепш: зрабіў шмат памылак. Планую падняць выніковы рэзультат.

Максім кажа, што не хвалюецца: пачаў рыхтавацца даўно і ў цэлым задаволены тым, як папрацаваў над папаўненнем ведаў у апошні год.

Выкладчык беларускай мовы мінскай школы Кацярына Міхайлаўна Сідарава рэкамендуе: «Пачынаць рыхтавацца да ЦТ лепш за ўсё з пачатку 10-га класа, калі ўжо атрыманы базавыя веды за 9 класаў і можна паўтараць пройдзенае. ЦТ не такое страшнае, як яго часам малююць: усё ёсць у падручніках, варта толькі вучыць, паўтараць заданні, правілы зноў і зноў».


Наталля Юр’еўна Ухваронак, выкладчык беларускай мовы ліцэя № 1, ужо больш за 15 гадоў у прафесіі, яе вучні атрымліваюць на ЦТ ад 70 да 100 балаў. Яна кажа:

— Пачынаем з пачатку года падрыхтоўку з таго, што вызначаемся: якую мову здаюць дзеці. Некаторыя ўжо ў 10-м класе гэта дакладна ведаюць. Беларускую мову выбіраюць часцей тыя, хто ўдзельнічае ў алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях альбо аднолькава ўпэўнены ў веданні дзвюх моў. Шмат каму лягчэй ад таго, што ў беларускай  менш выключэнняў з правілаў, чым у рускай. Адразу рэкамендуем патрэбную ў падрыхтоўцы літаратуру, а на анлайн-тэстах высвятляем, дзе ў ведах ёсць прабелы, выпраўляем іх. Зборнікі тэстаў, дапаможнікі, кнігі і падручнікі, факультатыўныя і падтрымліваючыя заняткі — і ўсё будзе добра.

Наталля Юр’еўна прызнаецца, што многія хлопцы і дзяўчаты не столькі за веды турбуюцца пасля двух гадоў падрыхтоўкі, колькі перажываюць, што паставяць адказы не ў тых месцах, сапсуюць бланк:

— Таму раю добра адпачыць і выспацца перад тэсціраваннем. Трэба ўважліва чытаць заданні, у пачатку экзамену адказваць на пункты, у якіх упэўнены. Пасля пераходзіць да больш складаных. Таксама лепш спачатку зрабіць усё на чарнавіку, пераправерыць адказы і затым унесці ў чыставік.


Юрый Міксюк,  дырэктар УА «Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў», дадаў, што традыцыйна больш юнакоў і дзяўчат зарэгістраваліся на рускую мову — амаль 63 тысячы абітурыентаў, па ёй ЦТ пройдзе 13 чэрвеня. Папулярнасць зразумелая: руская і беларуская мовы — дзяржаўныя, патрэбны для паступлення на многія спецыяльнасці. Калі гаварыць пра профільныя прадметы, то самы папулярны — матэматыка: больш за 42 тысячы абітурыентаў будуць яе здаваць.

 — На месцах здачы ЦТ усё гатова, але хваляванне прысутнічае: гэта важны экзамен, значны этап у жыцці маладых людзей. Нам трэба зрабіць усё, каб яны маглі паказаць свае веды, каб ім было камфортна, каб усё прайшло без праблем, — Юрый Міксюк таксама нагадаў, што нельга карыстацца на ЦТ шпаргалкамі, прыладамі і гаджэтамі, якія захоўваюць, прымаюць і перадаюць інфармацыю. — Таксама нельга парушаць парадак, перашкаджаць іншым, мяняцца бланкамі, месцамі. Неабходна яшчэ раз азнаёміцца з правіламі і захоўваць дысцыпліну, парадак. Вопытныя выкладчыкі кажуць: каб паказаць добрыя веды, трэба напярэдадні выпрабавання адпачыць, каб фізічна і маральна арганізм мог правільна выкарыстоўваць у дзень тэсціравання свае рэсурсы. Увесь шматгадовы вопыт ЦТ сведчыць, што не было яшчэ выпадку, калі нешта было не так залічана. Асноўнае — гэта веды. Усім жадаем поспехаў!


kasel@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter