«Пастукай мне ў дзверы, Дзед Мароз!»

Дабрачынная навагодняя акцыя праходзіць на Міёршчыне

Дабрачынная навагодняя акцыя праходзіць на Міёршчыне

Падарункаў, цудаў, спаўнення жаданняў і надзей у дні Каляд і Новага года з нецярплівасцю чакаюць усе дзеці. Каб чаканні сталі рэальнасцю і для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і сірот Міёршчыны, яшчэ месяц таму кіраўніцтва раёна звярнулася да мясцовых устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый, а таксама індывідуальных прадпрымальнікаў з прапановай прыняць удзел у дабрачыннай акцыі «Пастукай мне ў дзверы, Дзед Мароз!» і дапамагчы наладзіць ім навагодняе свята.

— На тэрыторыі Міёрскага раёна сёння пражываюць 70 дзяцей-інвалідаў і 63 сіраты. Навагоднюю дабрачынную акцыю мы ладзім не першы год, і традыцыйна грамадзяне раёна на яе актыўна і ахвотна адклікаюцца, пералічваюць на спецяльна адкрыты рахунак сродкі, каб арганізаваць дабрачынае свята, набыць падарункі для гэтых дзяцей, — расказала «Р» дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Міёрскага раёна Алена Шамёнак.

На дабрачынны рахунак пералічана ўжо каля 30 мільёнаў рублёў, але збор грашовых сродкаў яшчэ працягваецца. Тых, хто далучыўся да высакароднай справы, і сёлета аказалася многа. Аднымі з першых адгукнуліся УП «Міёрскае ПМС» і УП «ЖКГ Міёрскага раёна», прыватныя прадпрыемствы «Капіталдрэвапрадукт», «Абстэрна», а таксама Аграпрамбанк. Іх агульны ўнёсак — амаль 12 мільёнаў рублёў. Не засталіся ў баку і індывідуальныя прадпрымальнікі. У ліку лідараў сярод іх — Вольга Малашэнка, Іван Булгак, ад якіх на дабрачынны рахунак у першыя ж дні акцыі паступіла па 1 мільёну рублёў.

А тым часам ідуць апошнія рэпетыцыі галоўнай ёлкі раёна. Дзецям адпраўлены запрашальныя білеты на навагодняе прадстаўленне. Дарэчы, паштавікі даставілі іх бясплатна. Ужо гатовыя наборы падарункаў з салодкімі пачастункамі і мяккімі цацкамі. Закуплены і сувеніры ў мех Дзеду Марозу, каб адзначаць самых актыўных удзельнікаў гульнявой часткі навагодняй праграмы.

Як адзначае Алена Шамёнак, грошы, якія застануцца на рахунку пасля арганізацыі раённай ёлкі, будуць таксама накіраваны дзецям. Іх выкарыстаюць на падрыхтоўку навагодніх прадстаўленняў для юных наведвальнікаў раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, як правіла, гэта хлопчыкі і дзяўчынкі з нядобранадзейных, няпоўных, мнагадзетных сем’яў, а таксама на правядзенне святочных мерапрыемстваў для выхаванцаў раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, Дзісненскага сацыяльнага дзіцячага прытулку.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter