
Снегаплавільны пункт невыпадкова размешчаны на вуліцы Машынабудаўнікоў, у непасрэднай блізкасці ад Мінскай ачышчальнай станцыі. Яго ўнікальнасць у тым, што снег плавіцца без дадатковага расходу электра-энергіі, выключна за кошт натуральнай і пастаяннай тэмпературы сцёкавых вод.
— Паколькі аб’ект з’яўляецца сезонным, яго вывелі з эксплуатацыі, калі скончыўся прыём снегу ад дарожных службаў горада. Па стане на 1 лістапада падрыхтоўка снегаплавільнага пункта да асенне-зімняга сезона поўнасцю завершана, ён гатовы аднавіць сваю работу, — сцвярджае Мікалай Еўдакімовіч, начальнік участка помпа-вых станцый № 3 УП «Мінскводаканал».

Падрыхтоўка да новага снежнага сезона пачалася яшчэ вясной і працягвалася ўсё лета. Перш за ўсё трэба было ачысціць снегаплавільную камеру ад асадку. Падчас працы адклалася яго нямала: з красавіка да жніўня для захавання на палігоне цвёрдых бытавых адходаў вывезлі больш за 600 тон.
Пасля гэтага правялі планава-папераджальны рамонт тэхналагічнага абсталявання і пафарбавалі яго, а таксама агараджальныя канструкцыі.
Прынцып работы снегапла-вільнага пункта дастаткова просты: снег, сабраны з гарадскіх вуліц і дарог, сюды прывозяць на аўтамабілях і выгружаюць у снегаплавільную камеру. Часам ён збіваецца ў глыбы, для драбнення якіх прадугледжаны механізаваны прыёмны бункер з драбілкамі. Далей у працу ўключаюцца дастаткова цёплыя сцёкавыя воды, якія падхопліваюць снежную масу і нясуць яе ў пескалоўкі. Там адбываецца канчатковае плаўленне снегу, а таксама адстойванне смецця і асадку. Тое смецце, што не патанула, застанецца ў спецыяльных рашэцістых кашах. Далей воды цякуць у каналізацыйны калектар, адкуль з дапамогай помпаў паступаюць на ачышчальную станцыю, каб прайсці поўны цыкл ачысткі.

Бесперабойны ход гэтых працэсаў забяспечваюць 12 чалавек. За суткі снегаплавiльны пункт здольны прыняць 333 МАЗы з аб’ёмам кузава 15 кубічных метраў – гэта значыць, утылізаваць за гадзіну звыш 100 тон снегу. Але пакуль ён абслугоўвае далёка не ўвесь горад – снег прымаецца ад арганізацый «Рамаўтадара» Ленінскага, Заводскага і Партызанскага раёнаў Мінска, а таксама УП «Гардарматэрыялы».
nevmer@mail.ru