Інавацыйную сістэму прывода інваліднай каляскі распрацаваў беларускі інжынер «Каляска з iдэяй»

Паставiм iдэю на колы

Гэтая распрацоўка дазваляе пераўтварыць інвалідныя каляскі актыўнага тыпу ў прагулачныя. Канструкцыя не ўтрымлівае дарагіх матэрыялаў. Яна простая ў вытворчасці і зборцы. Усё гэта ў канчатковым выніку адаб’ецца на кошце вырабу. Ён стане больш даступным для спажыўцоў. Беларускі інавацыйны фонд высока ацаніў распрацоўку. Карэспандэнт «Рэспублікі» даведалася падрабязней аб навінцы.

Механізм, які лёг у аснову новай інваліднай каляскі, можна таксама выкарыстоўваць і ў веласiпедах

Асобам з абмежаванымі магчымасцямі для перамяшчэння патрэбны розныя каляскі, якія адрозніваюцца па сваім мэтавым прызначэнні: пакаёвыя, актыўныя, прагулачныя і спартыўныя. Найбольш запатрабаваныя каляскі актыўнага тыпу. Гэта значыць тыя, што рухаюцца дзякуючы кручэнню колаў рукамі. Пры паездках на вялікія адлегласці і пры перамяшчэнні па ўчастках мясцовасці, дзе часта змяняецца вугал нахілу дарогі, гэта не самы зручны варыянт — чалавек хутка стамляецца. А часам ён можа прывесці і да траўмаў плечавога апарату — хранічнага расцяжэння сухажылляў і вывіхаў. Улічваючы недахопы пры карыстанні інваліднай каляскай актыўнага тыпу, вынаходнік Міхаіл Украінка прапанаваў альтэрнатыву:

— Сістэма здымных рычажных механізмаў дае большую мабільнасць пры кіраванні і магчымасць перамяшчацца на доўгія дыстанцыі. Яна дазваляе пераўтварыць інвалідныя каляскі актыўнага тыпу ў прагулачныя. А гэта вельмі важна для асноўных спажыўцоў, якія часта не маюць фінансавай магчымасці, каб набыць некалькі тыпаў інвалідных калясак. Напрыклад, рычажныя прагулачныя ці з электрапрывадам.

Па прыблізных падліках, сабекошт вытворчасці нашай сістэмы не павінен перавышаць 255 — 300 долараў

Прапанаваная сістэма прывада ўяўляе сабой прыстасаванне з двух здымных рычажных механізмаў. Яны ўстанаўліваюцца на вобады колаў альбо непасрэдна на колы каляскі. Колы ў сваю чаргу прыводзяцца ў рух за кошт зваротна-паступальных рухаў рычагоў сістэмы. Пры гэтым цалкам адсутнічае халасты ход, які ўласцівы замежным аналагам. Гэта дазваляе павялічыць прадукцыйнасць работы сістэмы ў два разы. І як вынік, знізіць прыкладзеныя намаганні пры перамяшчэнні на калясцы.

— Дамагчыся такога выніку атрымліваецца за кошт прымянення вынайдзенага механізму ператварэння зваротна-вярчальнага руху ў вярчальны, — удаецца ў дэталі Міхаіл Украінка. — Пры гэтым велічыня намаганняў, што перадаюцца ад рычагоў, якія здзяйсняюць вагальныя рухі (узад-наперад. – Аўт.), можа рэгулявацца карыстальнікам.
Мiхаіл УКРАІНКА: «Новая сістэма дапаможа карыстальнікам інваліднай каляскі перамяшчацца на больш доўгія дыстанцыі»

Сістэму можна ўстанавіць практычна на любую мадэль інваліднай каляскі актыўнага тыпу. Больш за тое, канструкцыя не ўтрымлівае дарагіх матэрыялаў. Яна простая ў вытворчасці і зборцы. Усё гэта ў канчатковым выніку адбіваецца на кошце гатовага вырабу, робячы яго даступным для спажыўцоў.

Еўразійскі патэнт на прыстасаванне, якое лягло ў аснову сістэмы прывада інваліднай каляскі з дапамогай здымных рычажных механізмаў, атрыманы. Ужо распрацаваны эскізныя варыянты канструкцый сістэм прывадаў. Выраблена дзеючая мадэль вынайдзенага механізму. Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў станоўча ацаніла новую ідэю.

Напрыканцы Міхаіл Украінка расказаў пра канкурэнтныя перавагі гэтай распрацоўкі:

— Пры ўсёй уяўнай прастаце канструкцыі замежныя вырабы даволі дарагія — ад 2,1 тысячы долараў за адзін камплект. Кошт двухбаковай сістэмы складае адпаведна 4,1 тысячы долараў. Тым часам, па прыблізных падліках, сабекошт вытворчасці нашай сістэмы не павінен перавышаць 255—300 долараў. Засталося толькі знайсці дасведчанага канструктара ў галіне механікі.

gorbatenko_inna@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter