Как по Указу № 345 создаются магазины в небольших населенных пунктах

Пастаральныя матывы ў дзелавым выкананнi

У краіне ўжо больш за тры гады дзейнічае Указ № 345 «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання», які спрыяе росту малога і сярэдняга бізнесу на сяле. Больш за 80 працэнтаў сельскіх населеных пунктаў — а гэта амаль 19 000 вёсак, сёл і аграгарадкоў — удзельнічае ў дзяржаўнай праграме лібералізацыі рознічнага бізнесу. Комплекс прэферэнцый прадугледжвае чатыры асноўныя пункты: спецыяльны рэжым падаткаабкладання да канца 2022 года, зняцце абмежаванняў на пашырэнне гандлёвых плошчаў, а таксама льготы на абарот алкагольных напояў і на працэдуру адчужэння аб’ектаў нерухомасці. Эфект ад указа, як прызнаюць у МАРГ, станоўчы. У Міністэрстве нават выказваліся аб пралангацыі дзеяння гэтага дакумента. Мы вырашылі паглядзець, як працуе бізнес у правінцыі, і выправіліся ў госці ў Пухавіцкі раён, дзе два індывідуальныя прадпрымальнікі, дзве Алены — Дзярушка і Журок — працуюць па нормах указа.

Шмат укладанняў, але аддача ёсць

Алена Дзярушка з мужам Віталем выкупілі на аўкцыёне будынак былога клуба ў аграгарадку Энергія некалькі гадоў таму. Размешчаны будынак проста каля трасы М5. Пара пры падтрымцы бацькоў і з дапамогай уласных сродкаў цалкам перапрафілявала і адрамантавала аб’ект плошчай 210 квадратных метраў, які пуставаў амаль дваццаць гадоў. Мужу і жонцы давялося ўкласці нямала сіл і часу для таго, каб удыхнуць новае жыццё ў даволі-такі струхлелы будынак. Магазін літаральна заззяў, стаў прывабным і функцыянальным. А назвалі гандлёвы аб’ект па-сямейнаму: «Міхалыч»… 

Алена Дзярушка (злева) з мужам Віталем арганізавалi па нормах Указа № 345 паўнавартасны супермаркет у аграгарадку Энергія.
 
Па адукацыі Алена і Віталь эканамісты-бухгалтары, з гандлем былі звязаны і раней. Але калі раней сямейны бізнес туліўся ў сціплым арандаваным павільёне, дзе маглі адначасова атаварыцца максімум тры-пяць пакупнікоў, то цяпер прыватны магазін працуе як паўнавартасны супермаркет. Тут можна набыць усё, што пажадаеш: ад прадуктаў харчавання да непрадуктовых тавараў. У ліку пастаянных пакупнікоў — не толькі мясцовыя жыхары, турысты, але і шмат прыезджых замежнікаў, напрыклад, будаўнікоў-вахтавікоў з КНР. У магазіне можна набыць рэчы, якія, здавалася б, мала звязаны з прыдарожным рознічным гандлем, — будаўнічыя матэрыялы, аўтатавары, бытавую хімію. Ёсць нават аддзел штучных кветак і рытуальных прылад. 

— Усё прадумана так, каб людзям з бліжэйшых вёсак не трэба было ездзіць у Мінск па не зусім стандартныя тавары, — праводзіць нас па гандлёвай зале Алена Дзярушка.

Прадпрымальнік кажа, што асартымент магазіна перш за ўсё залежыць ад попыту вяскоўцаў, якія сталі амаль гарадскімі, адпаведна, пералік на прылаўках пастаянна пашыраецца. Ёсць у магазіна і канкурэнты: новая аўтазапраўка па трасе і магазін райпо. За 7 кіламетраў размешчаны вядомы сеткавы гандлёвы аб’ект. Уладальнікі «магазіна ля дома» ведаюць аб сучасным узроўні канкурэнцыі пад Мінскам і сапраўды стараюцца. Алена расказвае:

— Шчыра прызнаюся: я як скептык доўга ўзважвала ўсе «за» і «супраць» і доўга разважала, ці набываць будынак клуба. Але родныя мяне пераканалі. Мы прыслухоўваемся да патрэбнасцей пакупнікоў, сярод якіх — і пажылыя, і моладзь. Навучыліся размаўляць з кітайскімі рабочымі, якія працуюць на будоўлі Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі (БНБК) і часта да нас зазіраюць…


І сапраўды. Падчас нашай размовы ў магазін заходзіць пастаянны кліент — усмешлівы, энергічны кітаец. Яго пакет напаўняецца прадуктамі і напоямі да значных памераў, а жэст «о’кей» на развітанне сведчыць аб тым, што ён цалкам задаволены пакупкамі.

Гаворым з сям’ёй Дзярушка пра асаблівасці працы на сяле. Тэмы датычацца няпростых рэалій: ад закупачных цэн да адтэрміновак плацяжу і іншых клопатаў. Трэба прызнаць, што буйным сеткавым гандлёвым контрагентам пастаўшчыкі ідуць на саступкі, прадаючы многія прадукты па ніжэйшай цане. Да дробнага прыватніка падыход іншы — без усялякіх патуранняў.

Перавагам указа аб развіцці гандлю, безумоўна, тут рады. Алена і Віталь выказалі падзяку пісьменным спецыялістам-кансультантам з боку Пухавіцкага райвыканкама ў пытаннях, якія ўзнікалі падчас прывядзення аб’екта ў парадак. Сёння магазін працуе бесперабойна, па зручным графіку — з 8.00 да 20.00. За прылаўкам пазменна стаяць два прадаўцы. 

Пакупкі на беразе Цітаўкі

Другі магазін, які мы наведалі, знаходзіцца ў вёсцы Зацітава Слабада Пухавіцкага раёна. Жыхароў тут нямала — больш за 400 чалавек. Iндывідуальны прадпрымальнік Алена Журок год таму ўзяла ў двухгадовую арэнду ў райспажыўсаюза памяшканне плошчай крыху больш за 140 «квадратаў», адрамантавала яго разам з майстрам на ўсе рукі, зяцем Максімам Бараноўскім, закупіла абсталяванне для рэалізацыі прадуктаў харчавання і пачала працаваць. 


Пераканалася ў тым, што для вёскі асартымент тут далёка не бедны: у мясным аддзеле — разнастайнасць свежых вырабаў, а на прылаўку нехарчовай групы ёсць нават яркія навагоднія цацкі. Афармленне малога магазіна таксама ўражвае: на сценах упрыгожванне — валошкавы арнамент у нацыянальным стылі. Дарэчы, сама Алена як прадавец імкнецца захоўваць беларускі стыль і размаўляе з пакупнікамі на роднай мове.

Алена Журок аформіла свой магазін па-беларуску і размаўляе з пакупнікамі на роднай мове.
Для таго каб магазін за Цітаўкай стаў прыгожым і адпавядаў усім нормам, жанчына нават скарыстала крэдытныя сродкі, праўда, пазычала грошы як фізасоба. Распытваем пра перспектывы бізнесу ў Алены Аляксандраўны. У энергічнага прадпрымальніка ёсць запаветная мара:

— Я сама адсюль родам, люблю сваю малую радзіму і праз некаторы час хачу цалкам выкупіць арандаваны будынак ва ўласніка і адкрыць у асобным памяшканні ўтульную летнюю кавярню. Месца тут прывабнае для жыхароў, дачнікаў, турыстаў: побач працякае маляўнічая рака Цітаўка, непадалёк — аграсядзібы Пухавічаў і раёна, а яшчэ — прахадная міжнародная траса. 

Пры сустрэчы спытала ў дзелавых Ален: што неабходна для адкрыцця прыватнага магазінчыка па-за горадам? Мае суразмоўцы сышліся ў адзіным меркаванні: удалае месцазнаходжанне аб’екта, вядома, мае значэнне. Не абысціся без стартавага капіталу і падтрымкі сяброў, сям’і. Але фундаментальнымі ў справе гандлю на сяле з’яўляюцца моцныя маральныя якасці прадаўца, добрасумленнасць і працавітасць. Алена Журок кажа і аб індывідуальным падыходзе ў працы з насельніцтвам:

— Важна зрабіць жыццё для сваіх жа аднавяскоўцаў зручным. Фраза «А што людзі скажуць!» заўсёды была на вёсцы ў вялікім хаду, і для мяне гэта не пусты гук. 

КАМПЕТЭНТНА

Святлана ЖЫЛЬЧЫК, намеснік начальніка аддзела эканомікі Пухавіцкага райвыканкама:

— Больш за 170 населеных пунктаў нашага раёна трапіла пад дзеянне Указа № 345. У 2018 годзе па рашэнні Мінскага абласнога Савета дэпутатаў пералік тэрыторый сельскай мясцовасці быў значна пашыраны, дададзены шэраг вёсак Міншчыны і тэрыторыі ў межах сельскіх саветаў. Падатковыя льготы таксама прымяняюцца ў гарадскіх пасёлках Праўдзінскі, Свіслач і Рудзенск. Наш раён сваім прыкладам даў штуршок іншым раёнам па практычным укараненні льгот указа для малога і сярэдняга бізнесу ў сельскай мясцовасці. Для тлумачальнай працы з прадпрымальнікамі і дырэктарамі прыватных унітарных прадпрыемстваў мы правялі дзясяткі дзелавых сустрэч, каб у працы пачаткоўцы ў розніцы не адчувалі цяжкасцей, не баяліся задаваць практычныя пытанні.

ЛІЧБЫ Ў ТЭМУ

У МАРГ растлумачылі, што ў рамках дзеяння Указа № 345 у краіне па стане на 1 кастрычніка 2019 года адкрыта больш за 450 магазiнаў і павільёнаў і звыш 80 пунктаў грамадскага харчавання.

shimuk@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter