Як "маленькі заводзік" з-пад Пухавічаў забяспечвае сыравінай вырабнікоў свечак у Заходняй Еўропе

Пастаўце свечку за поспех

Завод горнага воску — адно з прадпрыемстваў краіны, якое, нягледзячы на любыя складанасці ў эканоміцы, працуе стабільна. Тут амаль нiколi не адчувалі валютных ваганняў на расійскім рынку і не ламалі галаву над дыверсіфікацыяй экспарту. Разбірацца ў тонкасцях парафінавай вытворчасці карэспандэнты «Р» адправіліся ў Пухавіцкі раён, дзе ацанілі маштаб мадэрнізацыі завода, а да гэтага высветлілі, чаму беларусы не часта купляюць... свечкі.

55 млн еўра інвестыцый дазволілі заводу горнага воску стаць паспяховым экспарцёрам на рынак Еўропы.

Пераломны момант у гісторыі завода горнага воску адбыўся напрыканцы   1990-х. Тады цыкл бізнесу на аснове вытворчасці тарфянога воску тут завяршыўся, прадпрыемства апынулася на грані выжывання: для эфектыўнай працы не было ні кадравых, ні матэрыяльных рэсурсаў. Але «маленькаму заводзіку», як тут любяць пра сябе казаць, пашанцавала. Прадпрыемства патрапіла на хвалю дзвюх кааперацый — рэгіянальнай і галіновай. З падтрымкі Мінаблвыканкама і канцэрна «Белнафтахім» у свой час удалося атрымаць пэўныя прэферэнцыі і рэалізаваць шэраг інвестпраектаў. Так і атрымалася, што ўнікальны ў свой час завод — адзіны пастаўшчык на ўвесь былы Савецкі Саюз тарфянога воску і розных змазак — завяршыў адзін жыццёвы цыкл, заснаваны на «каструльных тэхналогіях», і перайшоў на прынцыпова новы ўзровень.

У лістападзе мінулага года на заводзе завяршылі буйны інвестпраект, дзякуючы якому з'явілася магчымасць штогод атрымліваць больш за 20 тысяч тон высокаачышчанага парафіну і звыш 30 тысяч тон змазак і масла. Гэтага аб'ёму ў поўнай меры хопіць для таго, каб закрыць унутраны рынак, рынак краін СНД, а таксама экспартаваць прадукцыю ў Еўропу. Мадэрнізацыя завода дазволіла не толькі абнавіць тэхнічныя магутнасці і павялічыць аб'ёмы выпуску, але і прыцягнуць на вытворчасць маладых спецыялістаў. Каля 40% супрацоўнікаў (у тым ліку кіраўнікоў і начальнікаў цэхаў) — моладзь да 30 гадоў. Некаторыя з іх прыязджаюць на завод з Мінска. Дарэчы, інвестпраект дазволіў пераабсталяваць 116 працоўных месцаў, а таксама стварыць 32 новыя.

Дырэктар Андрэй Рыбакоў прыводзіць такую лічбу: больш за 55 мільёнаў еўра было ўкладзена ў абнаўленне магутнасцей з 2011 года. Дзякуючы мадэрнізацыі прадпрыемства асвоіла выпуск цвёрдага нафтавага парафіну і сёння з'яўляецца манапалістам па яго вытворчасці. Акрамя таго, на ўсёй тэрыторыі СНД такі завод, па сутнасці, адзіны: на адной пляцоўцы тут робяць парафіны, масла, змазкі, мадэльныя саставы і іншыя віды прадуктаў малатанажнай хіміі.

У апошнія некалькі гадоў сусветны нафтавы рынак перажывае не самыя лепшыя часы. Цэнавыя ваганні ў такіх выпадках непазбежныя. Але, як прызнаецца Андрэй Рыбакоў, завод горнага воску не дыктуе свае ўмовы рынку, а падладжваецца пад яго. Заканадаўцамі цэн тут з'яўляюцца кітайскія вытворцы, якія, дзякуючы вялізным аб'ёмам прадукцыі, могуць дазволіць сабе пры выхадзе на новы рынак сур'ёзна зніжаць кошт. Зрэшты, валютныя ваганні тут адчулі не ў такой вострай ступені, як экспарцёры, «заточаныя» пад расійскі рынак. Доля Расіі ў экспартных продажах завода ўсяго 2—3%. Напрыклад, 90% вырабленага парафіну адсюль адпраўляецца ў краіны Заходняй Еўропы з каталіцкімі традыцыямі. Там большая частка беларускага парафіну ідзе на выраб свечак.

— Зайдзіце ў любую гандлёвую сетку і паглядзіце, што прадаюць у аддзеле свечак у нас — у асноўным імпарт. Мы выраблялі свае свечкі, але ацанілі, што гэта не самы папулярны прадукт, — разводзіць рукамі Андрэй Рыбакоў. — Свечачнаму бізнесу тут пакуль рабіць няма чаго: адна з еўрапейскіх кампаній выпускае ў год каля 60 тысяч тон свечак, пры гэтым сюды ідзе ўсяго 1—2%. Калі гэты рынак з часам разаўецца, мы яго ўвесь запоўнім самі. Пакуль жа маштаб не той.


Але ж беларускі парафін ідзе не толькі на вытворчасць свечак: гэта адзін з кірункаў выкарыстання, з якім мы сустракаемся ў побыце. У асноўным ён выкарыстоўваецца ў медыцыне, харчовай і іншых галінах прамысловасці. Ступень ачысткі парафіну на заводзе дазваляе пастаўляць на знешнія рынкі самы якасны прадукт. Па словах начальніка аддзела капітальнага будаўніцтва завода горнага воску Зоі Чыжык, экспартаарыентаванасць прадпрыемства — адна з яго галоўных «фішак». Сёння гандаль ідзе з дзясяткамі краін свету. Гэта дае магчымасць зарабляць валюту і расплачвацца за крэдыт, які трэба пагасіць да 2020 года. Валютны крэдыт на чатыры гады — умова сапраўды не з лёгкіх. Але ў Свіслачы ведаюць, як працаваць, і ні на хвіліну не спыняюцца.

konoga@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter