Пастаўце помнiк удаве

Из почты главного редактора

Пiшу з горада Слуцка. Я дзiця ваеннага часу, нарадзiлася 24.09.1944 г. Варанцова Ганна Мiкалаеўна.


З болем у душы жыву i не магу забыць, якi цяжкi лёс быў у маёй матулi.


Я хачу вынесцi на ўсенароднае абмеркаванне пытанне: цi патрэбен у Беларусi помнiк... удаве ВАВ?


Прайшло шмат гадоў, а нашым болем была i застаецца памяць аб Вялiкай Айчыннай вайне. Памяць аб ёй — гэта памяць бяды, пакут, вялiкiх страт, разбурэнняў, галечы. Бяжыць час, дзецi ваеннага часу сталi пенсiянерамi. Усё менш застаецца ў жывых удзельнiкаў ВАВ. 65–ы год пайшоў з таго часу, як адгрымелi баi, вырасла шмат пакаленняў. А боль не ўцiхае ў нашых сэрцах.


Недачакалася i наша сям’я з вайны нашага бацьку Самусевiча Мiкалая Фёдаравiча, яму было 38 гадоў. Засталася маладая ўдава 33 гадоў, а на руках — пяцёра дзяцей: 11 г., 7 г., 6 г., 2 г. i я, самая меншая ў сям’i, — 1 месяц. Колькi прыйшлося перажыць нашай дарагой мамачцы Самусевiч Марыi Ахрэмаўне, толькi сам Бог ведае. У ваеннае лiхалецце зберагчы i паставiць на ногi, нягледзячы на галечу, голад i холад. Усе мы выжылi дзякуючы нашай маме. Хто перажыў ваенны i пасляваенны час, той ведае, колькi гора прыйшлося зазнаць таму пакаленню. А што давялося вынесцi мужным жанчынам у гады вайны: кармiць партызанаў, дапамагаць франтавiкам, iсцi за плугам, касiць касой, араць уручную, сеяць i збiраць ураджай, прасцi, ткаць. Рукамi шыць кашулi. Помню сваю маму, якая касiла сена, iшла за плугам, малацiла зерне, за дамашнiмi жарнавамi. А затым i хлеб выпякала з чарнушкаю, памятаю. Я не ведаю, якую б работу яна не ўмела рабiць, якiя прыгожыя ткала пакрывалы–перабiранкi. У калгасе iмя Красiна яна працавала з 12 гадоў да 1978 г. Цяпер гэта СПК «Вялiкая Слiва» Слуцкага раёна Мiнскай вобласцi. За гэтыя гады дзе толькi не прыйшлося працаваць жанчынам. Была мая мама i конюхам, паляводам, цялятнiцай, свiнаркай. Шмат урадавых узнагарод мела наша мама. Яе iмя занесена ў Чырвоную кнiгу калгаса. Памерла наша мама ў 87 гадоў. Наша мама — наш гонар.


Мне цяжка ўспамiнаць дзiцячыя гады: помню, збiралi каласы па ўбраным полi, вясной пасля дажджу збiралi перазiмаваўшую бульбу (цупiкi — так называлi). У гэтых каласах i бульбе — жыццё i лёс дзяцей ваеннага часу. Цяжка гэта ўспамiнаць. А яшчэ цяжэй было жыць пакаленню, якое на сваiх плячах вынесла цяжкасць ваеннага i пасляваеннага перыяду, быць у адной асобе мацi i бацькам. Пра такiя лёсы можна было б пiсаць бясконца, мноства ўдоў ВАВ у Беларусi.


Нiзкi паклон двухжыльным працаўнiцам поля, усiм удовам ВАВ за iх ратную Працу, за Каласкi, за Трудаднi, за Стойкасць, Самаадданасць, Мужнасць... у сталiнскiя днi.


Удаве прыйшлося цяжэй удвая: расцiць дзяцей, касiць, пахаць, садзiцца за руль трактара цi машыны, вучыць дзяцей, лячыць людзей i г.д.


Боль вайны i цяпер жыве ў нашых сэрцах. Вельмi шкада, што аб ВАВ будуць расказваць толькi падручнiкi, i не заўжды праўдзiва. Ветэраны ВАВ, як нiхто iншы, ведаюць, як цяжка зберагчы мiр на зямлi.


Цi можна апiсаць усё аб вайне? Не, немагчыма. Ах, як яна, вайна, — гэтае пекла — даняла пакаленне нашых мам — удоў ВАВ! Як бы хацелася ўвекавечыць памяць аб удовах ВАВ, пакiнуць памяць у стагоддзях. У нас, у Беларусi, кожная другая жанчына была ўдавой ВАВ, а помнiка няма. Iх працу i гераiзм нельга ацанiць нiчым, яны дастойныя памяцi. Iх святыя вобразы можна павесiць у Храм як iконы. Так давайце паставiм помнiк удовам ВАВ. К 65–годдзю вызвалення Беларусi. Светлая памяць аб усiх удовах ВАВ!


Я так представляю памятник: скорбящая, озабоченная женщина с детьми на руках и постарше дети с колосками в руках, вокруг посажены рябины, плакучие ивы и множество цветов.


А.Н.ВОРОНЦОВА, г. Слуцк.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter