Малоизвестные факты о самом молодом классике белорусской литературы

Паспець за 25

Імя Максіма Багдановіча — як яркая пуцяводная зорка на небе. Нават цэлае сузор’е, пад якім мы зараз знаходзімся, — учора споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння паэта.  Да гэтай даты прымеркавана шмат разнастайных мерапрыемстваў, не пакінулі яе па-за ўвагай радыё і тэлебачанне. У прыватнасці, тэлеканал «Беларусь 3» запрасіў гледачоў у віртуальную вандроўку ў музеі ў Гродне і Ракуцёўшчыне, прапанаваў песенны цыкл «Вянок» Уладзіміра Мулявіна і дакументальную стужку «Я не самотны...», вершы Багдановіча чыталі знакамітыя дзеячы культуры і мастацтва.

Паэт, публіцыст, літаратуразнаўца, перакладчык, адзін са стваральнікаў сучаснай літаратурнай беларускай мовы… Гэта ўсё пра яго. Пры тым што зямны шлях Багдановіча аказаўся вельмі кароткім — лёс адмерыў яму ўсяго 25 гадоў.

Беларускую мову вывучыў выпадкова

Цяжка ўявіць, але Максім Багдановіч, якога называюць заснавальнікам беларускай мовы новага часу, гэтай самай мовы мог і не спазнаць. Бацькі будучага паэта былі русіфіцыраваныя. Яго маці Марыя Апанасаўна вучылася ў Санкт-Пецярбургу, бацька Адам Ягоравіч скончыў Нясвіжскую семінарыю і лічыў сябе часткай рускай інтэлігенцыі, таму выхаванне ў іх сям’і вялося выключна на рускай мове. Беларускую мову Максім чуў, толькі калі прыязджаў у вёску да сваякоў.

У пяцігадовым узросце, адразу пасля смерці маці, Максім разам з сям’ёй пераязджае ў Ніжні Ноўгарад. Здавалася б, сувязі з роднай культурай абарвуцца назаўсёды. Але атрымалася наадварот. Справа ў тым, што Адам Ягоравіч пераехаў у гэты горад разам з сёстрамі і іх мужамі — простымі беларусамі. І паколькі бацька быў часта заняты працай, Максім з іншымі дзецьмі шмат часу право­дзіў з цёткамі і такім чынам пераймаў беларускую культуру і мову.

Застаўся ў школе на другі год

Аказваецца, будучы паэт быў не вельмі паслухмяным вучнем. Яго бацька пісаў, што Максім рэдка ўважліва слухаў выкладчыкаў, круціўся, размаўляў з сусе­дзямі, жартаваў, спазняўся. А ў 1906 годзе хлопец увогуле атрымаў нездавальняючыя адзнакі па некалькіх прадметах, у тым ліку па лацінскай і французскай мовах, і быў пакінуты на другі год у чацвёртым класе. Праўда, у той час гэта не было так сорамна, як цяпер. Што да замежных моў, пазней Максім так палюбіў іх, што нават захапіўся перакладамі.

Рос сціплым і сарамлівым

Максіму было вельмі цяжка завя­заць новыя знаёмствы. Яго аднакласнік і сябар Дзіядор Дзябольскі ўспамінае, што Багдановіч спецыяльна выбіраў малалюдныя вузкія сцяжынкі, каб не сутыкацца з іншымі людзьмі. Праўда, варта яму было перайсці мяжу знаёмства і завязаць размову, як ён тут жа выклікаў у суразмоўцы прыхільнасць да сябе. Прызнавацца ў пачуццях Максіму таксама было цяжка. Вядома, што яму вельмі падабалася сястра аднакласніка Ганна Какуева. Але ён нават не мог звярнуцца да яе на «ты» і па імені — называў Ганнай Рафаілаўнай, хаця яна была не нашмат старэйшая за яго. Пра пачуцці яму было прасцей не гаварыць, а пісаць у вершах.

Меў складаныя адносіны з мачыхай

Бацька ажаніўся другі раз у 1899 годзе — яго выбранніцай стала Аляксандра Волжына, родная сястра жонкі Максіма Горкага. Маладзенькая 19-гадовая настаўніца вельмі палюбіла Адама Ягоравіча і цёпла прыняла яго дзяцей, як і яны яе. Але шчасце было нядоўгім — не прайшло і года пасля шлюбу, як Аляксандра памерла пры нараджэнні дзіцяці. Максіму тады было 8 гадоў, і ён цяжка перажываў гэту страту. А вось з трэцяй жонкай бацькі, якой стала родная сястра першай Аляксандра Мякота, Максім агульнай мовы не знайшоў. Хлопец адасобіўся ад сям’і, жыў сваім жыццём і хутчэй за ўсё з-за адносін з цёткай пераехаў пасля сканчэння ліцэя з Яраслаўля ў Мінск.

Гурманам не быў

Пра кулінарныя густы Максіма Багдановіча вядома мала. Але па ўспамінах яго блізкіх можна зрабіць вывад, что да харчавання ён адносіўся даволі абыякава. Калі вярнуўся ў Мінск, часта еў у сталовых, дзе, як заўважалі сябры, ужываў самыя простыя стравы і катэгарычна адмаўляўся піць гарбату з цукрам. Блізкія Максіма спрабавалі высветліць прычыны цукровага аскетызму паэта, але марна. Аднойчы з яго нават пажартавалі — падкінулі ў гарбату цукерку, за што ён вельмі пакрыўдзіўся. Як аказалася, паэт глыбока перажываў за тых, каму няпроста прыходзілася ў той суровы час, і збіраў свой цукровы паёк, каб потым аддаць яго ў дзіцячы прытулак.

Пакінуў сяброў дзеля іх спакою

Пераехаўшы ў Мінск у 1916 годзе, Багдановіч пачаў адчуваць, што спадчынная хвароба, сухоты, развіваецца. Ён разумеў, што пачнуцца перажыванні, шкадаванні і клопаты блізкіх. І, як чалавек уражлівы і далікатны, вырашыў з’ехаць у Крым. Пачатак 1917 года быў не самым спрыяльным часам дзеля такога рашэння: халоднае надвор’е, рэвалюцыйныя падзеі… Максім, развітаўшыся з сябрамі, адправіўся ў Ялту, якая і стала для яго апошнім прытулкам.


Напісаў больш, чым лічылася

Адзіным прыжыццёвым зборнікам паэзіі Максіма Багдановіча быў «Вянок», надрукаваны ў 1914 годзе. Але толькі ім яго творчая спадчына не абмяжоўваецца. Багдановіч пакінуў пасля сябе і паэмы, і апавяданні, і пераклады... Прычым здавалася, што ўсе творы Багдановіча даўно падлічаны і вывучаны. Якім жа было здзіўленне, калі праз сто гадоў пасля яго смерці навукоўцы адкрылі раней невядомы верш паэта. Яго знайшлі ў 2018 годзе падчас падрыхтоўкі матэрыялаў для кнігі «Максім Горкі і Адам Багдановіч: сяброўства, народжанае на берагах Волгі». Верш аказаўся ў рукапісным сшытку класіка з рускамоўнымі перакладамі. Літаратуразнаўцы мяркуюць, што можна адшукаць і беларускі арыгінал невядомага дагэтуль твора. Як бачыце, і ў ХХІ стагоддзі Багдановіч працягвае здзіўляць. 

Святкуем разам

Да юбілею Максіма Багдановіча многія ўстановы падрыхтавалі спецыяльныя праекты. Да прыкладу, у Нацыянальнай бібліятэцы паспрабавалі рэканструяваць бібліятэку паэта. У яе ўвайшлі асобнікі з яго аўтографамі, беларускія выданні пачатку ХХ стагоддзя з выдавецтваў Санкт-Пецярбурга, Вільні і Мінска, першыя беларускія газеты і календары, іншыя каштоўныя матэрыялы, якія некалі меў Максім Багдановіч. Пазнаёміцца з «Бібліятэкай Максіма» можна да 15 студзеня.

А Белдзяржфілармонія вырашыла парадаваць прыхільнікаў творчасці класіка святочным канцэртам Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча. Прагучаць песні на вершы Максіма Багдановіча беларускіх кампазітараў Ігара Лучанка, Уладзіміра Мулявіна, Ігара Паліводы і іншых. У суботу, 11 снежня, меламанаў запрашаюць паслухаць любімыя кампазіцыі, сярод якіх «Зорка Венера», «Вераніка», «Па-над белым пухам вішняў», «Слуцкія ткачыхі», «Лявоніха».

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter