В этом году исполняется 120 лет со дня рождения белорусского поэта Владимира Жилки

Паслядоўнік Багдановіча

wikipedia.org
Імя беларускага паэта, крытыка і перакладчыка Уладзіміра Жылкі не так добра вядома, як, скажам, імёны Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча… Доўгі час у краіне не было ні адной вуліцы, ні адной установы, названых у яго гонар. І толькі сёлета, калі святкуецца 120-годдзе з дня нараджэння паэта, у Нясвіжы, на малой радзіме песняра, з’явілася вуліца Уладзіміра Жылкі. Бясспрэчна, Жылка з яго талентам, яскравай паэзіяй і грамадзянскай актыўнасцю заслугоўваў гэтага.


У  яго быў кароткі лёс. Паэт пражыў усяго 33 гады. Але Жылка паспеў шмат зрабіць за гэты час. Ён нарадзіўся 27 мая 1900-га ў сялянскай сям’і ў вёсцы Макашы Навагрудскага павета — зараз гэта Нясвіжскі раён. У 1919—1920 гадах працаваў настаўнікам у мінскай школе, зблізіўся з беларускім культурна-асветным рухам, пазнаёміўся са старшынёй Беларускага тэатральнага таварыства Ядвігіным Ш., а таксама з Янкам Купалам, Змітраком Бядулем, Міхасём Чаротам, Леапольдам Родзевічам. Восенню 1920-га Уладзімір Жылка захварэў на сухоты і быў вымушаны пераехаць да дзеда ў Навагрудскі павет. Так пасля Рыжскага дагавора 1921 года паэт апынуўся на тэрыторыі Заходняй Беларусі. З гэтага часу пачынаецца яго актыўная творчая дзейнасць. Жылка друкуецца ў выданнях «Беларускія ведамасці», «Наша думка», «Наша будучыня», «Новае жыццё», выдае паэму «Уяўленне» (1923), зборнікі вершаў «На ростані» (1924) і «З палёў Заходняй Беларусі» (1927). Гэта адзіныя тры кнігі, які выйшлі пры жыцці паэта. У 1926-м Жылка вяртаецца ў Мінск і прымае савецкае грамадзянства. Спачатку ён працаваў у Інбелкульце, потым у газеце «Беларуская вёска», пазней быў загадчыкам аддзела літаратуры газеты «Звязда» і выкладчыкам у Мінскім музычным тэхнікуме, з’яўляўся членам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша», працаваў перакладчыкам у Белдзяржкіно.

bas-net.by
Летам 1930 года Уладзіміра Жылку арыштавалі па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і асудзілі на 5 гадоў ссылкі, якую паэт вымушаны быў адбываць ва Уржуме Кіраўскай вобласці. У ссылцы Жылка не толькі працягваў пісаць уласныя творы, але і перакладаў еўрапейскіх паэтаў з французскай, нарвежскай, польскай, чэшскай моў. На жаль, нядоўга… Ва Уржуме ў Жылкі абвастрылася даўняя хвароба — сухоты. Ён памёр у 1933 годзе. Рэабілітавалі паэта ўжо пасмяротна — у 1960-м.

Цікава, што ўсё жыццё Уладзімір Жылка лічыў сваім духоўным настаўнікам Максіма Багдановіча. Беларускі паэт, публіцыст, перакладчык Макар Краўцоў, параўноўваючы творчасць паэтаў у артыкуле «Новы Багдановіч», напісаў: «Прыглядаючыся да творчасці Жылкі, лічыш, што ягоным заданнем у беларускай літаратуры ёсць замена без часу загінуўшага М. Багдановіча, на што ён мае ўсялякія дадзеныя, будучы духоўна найбольш прыбліжаным да памерлага Маэстра».

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter