Вакол спартыўных аб'ектаў Мінска будуць ствараць культурны ландшафт

Пасля відовішчаў патрэбен адпачынак

Да Еўрагульняў, якiя пройдуць у Мінску, засталося менш за два гады. У міні-алімпіяды ўжо ёсць дэвіз, лозунг, лагатып, шукаецца талісман... Усё гэта разам з нашай традыцыйнай гасцiннасцю і павінна падкупіць балельшчыкаў і аматараў спорту, якiя прыедуць да нас у госцi. Праўда, кожны спартыўны фанат — гэта больш, чым проста турыст, сцвярджаюць эксперты Сусветнай турысцкай арганізацыі (ЮНВТО). І раяць нам па максімуме падрыхтаваць адпаведную інфраструктуру для iх прыёму.

Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА

Даходы ад спартыўнага турызму ў свеце ацэньваюцца ў 800 млрд долараў. Кожнае дзясятае падарожжа на планеце звязана з чэмпіянатамі, спаборніцтвамі, гульнямі. І толькі пятую частку свайго часу і ўвагі пры паездцы візіцёр траціць на самі відовішчы. Астатнiя грошы iдуць на адпачынак і забавы. А вось тое, колькі грошай пакіне госць акрамя кас стадыёнаў, залежыць ад развіцця сферы гасціннасці.

Такія меркаваннi прагучалi на нядаўняй міжнароднай канферэнцыі па брэндынгу тэрыторый з вуснаў эксперта па спартыўным турызме ЮНВТО Тэры Стывенса. Так што да Еўрагульняў, на думку брытанскага прафесара, трэба наводзіць глянец не толькі на арэнах, але і вакол іх, каб заявіць пра сябе яшчэ гучней.

Яшчэ б: чакаецца, што да нас прыедзе не менш за 5 тысяч спартсменаў. Трэба дадаць сюды ж трэнераў, камандных медыкаў, суддзяў, высокапастаўленых гасцей, журналістаў, валанцёраў і саміх замежных балельшчыкаў. Па сціплых ацэнках экспертаў, набягае мінімум каля 20 тысяч чалавек. Каб прыцягнуць як мага больш удзельнікаў і назіральнікаў, мы спросцім праходжанне мытні. Адродзім практыку бязвізавага ўезду па квітках для гасцей.

Мы, падаецца, вырашылi разганяцца паступова, назапашваючы вопыт. Мяркуйце самі: яшчэ пяць гадоў таму краіна прымала чвэрць сотні спартыўных турніраў, у гэтым годзе — ужо восем дзясяткаў. Штогод паўтара-два дзясяткі спаборніцтваў, што праходзяць у Мінску, — топ-узроўню. Праўда, перыядычна ўзнікаюць праблемы росту ў сферы гасціннасці. Некаторыя агучыў кіраўнік дырэкцыі II Еўрапейскіх гульняў 2019 года Георгій Катулін. Так, нягледзячы на тое што ў Мінску з'явілася шмат гасцініц, яны ўсё роўна не адпавядаюць тым задачам, якія мы ставім па правя-  дзенні гульняў і, у канчатковым выніку, прыцягненні зусім іншага ліку турыстаў. Зрэшты, у бліжэйшы час будзе пабудавана яшчэ каля дзясятка гатэляў.

Спартыўны турызм у свеце развіваецца сямімільнымі крокамі, і пара нам заявіць пра сваё месца. Гэта, на думку экспертаў, можна зрабіць двума спосабамі. Адзін з іх — эксплуатаваць вопыт правядзення мультыспартыўных спаборніцтваў. Другі — ствараць спартыўныя зоны ў горадзе падчас тых самых шматпрофільных спаборніцтваў. Мы, мяркуючы па выступленні Георгiя Катуліна на брэндынгавай канферэнцыі, пойдзем па другім шляху:

— Сутнасць стварэння спартыўных зон у чым? Каб павялічыць лік турыстаў не толькі за кошт прыцягнення да асноўнага дзейства балельшчыкаў і спартсменаў. Але і праз стварэнне вакол аб'ектаў культурнага ландшафту. Такi можа сфарміравацца, напрыклад, уздоўж праспекта Пераможцаў. У Мінска ёсць усе шанцы, каб у нас адбылася паўнавартасная спартыўная зона, прадстаўленая на міжнародным узроўні.

Вераніка НIКIЦIНА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter