На Витебщине обносляются свинокомплексы

Пасля успышкi

НЕКАЛЬКІ гадоў таму на Віцебшчыне ў сувязі з АЧС рэзка скарацілася колькасць свіней  як у сельгаспрадпрыемствах, так і ў асабістых гаспадарках жыхароў. Урадам пастаўлена задача ў даволі сціслы тэрмін выйсці на ранейшае пагалоўе  на свінакоплексах вобласці. Некаторыя гаспадаркі з ёй справіліся ўжо, іншыя працягваюць работу. Што тычыцца падсобных гаспадарак грамадзян, там таксама не без праблем. Па-першае, ёсць пытанні з набыццём парасят, а па-другае, людзі, навучаныя горкім вопытам, засцерагаюцца іх купляць, пачынаюць гадаваць авечак ці птушку.



Сітуацыю ў рэгіёне аналізаваў уласны карэспандэнт “Сельской газеты”. 

1. Рабі, як у Браславе. І Даніі


ЗА апошні год пагалоўе свіней  на Віцебшчыне павялічылася на 100 тысяч і дасягнула 296 тысяч. І хаця да паўмільёна, які быў тры гады назад, яшчэ далёка, зрухі відавочныя. А ў некаторых месцах ужо выйшлі або выходзяць на стапрацэнтнае ўзнаўленне.

Амаль чвэрць жывёлы давялося “скінуць” у сувязі з прафілактыкай АЧС на свінакомплексе “Маяк-Браслаўскі” Браслаўскага раёна, але ўжо праз год там зноў утрымлівалася 20 тысяч свіней. Быў момант, калі нават перасягнулі і гэтую лічбу, прыбавіўшы зверх яе 500 галоў. Вырашыць праблему дапамаглі 3,5 мільярда рублёў дзяржаўнага крэдыту і ўласныя сродкі. Калі справы так пойдуць і далей, то ўжо гэтай вясной гаспадарка мяркуе рэалізаваць не менш за тысячу парасят насельніцтву.

Больш як на тры чвэрці запоўнены ўжо станкі на аналагічным комплексе адкрытага акцыянернага таварыства “Шайцерава”. Акрамя таго, на аб’екце прыведзены ў парадак сістэма водазабеспячэння, каналізацыя, абноўлены вытворчыя памяшканні. Тэрыторыя вакол комплексу ў радыусе 100 метраў ачышчана ад дрэў і закальцавана меліяратыўнымі каналамі. На ўсё, у тым ліку і ўзнаўленне статка, пайшло 5 мільярдаў рублёў крэдыту і 5 мільярдаў уласных сродкаў.

Вялікую работу па поўным узнаўленні пагалоўя свіней вядуць аграхолдынгі. Так, у інтэграцыйным аб’яднанні Полацкага КХП ажно тры свінакомплексы: “Дунілавічы” — у Пастаўскім раёне, “Цітова” — у Міёрскім і “Гарадзец” — у Шаркаўшчынскім. Усяго на рамонт памяшканняў і закуп пагалоўя камбінат выдаткаваў ужо 12 мільярдаў рублёў. Але калі на першых двух работа фактычна завяршаецца, і да канца года яны выйдуць на былы ўзровень, то ў “Гарадцы” складаней. Цяпер там крыху больш за 3700 свіней. Да канца года запланавана давесці іх колькасць да 9 тысяч, а на поўную магутнасць — 18 тысяч — выйсці ў 2017 годзе.

Намеснік начальніка сельгасаддзела Полацкага КХП  па вытворчасці і рэалізацыі  прадукцыі Міхаіл Максіменка лічыць, што запаўненне свінакомплексу магло б ісці хутчэйшымі тэмпамі, калі б не затрымка з-за біяпроб, якія трэба здаць  пасля рамонту памяшканняў і потым доўга чакаць адказу. З такім сцвярджэннем не зусім пагаджаецца галоўны ветурач вобласці Аляксандр Казак. Ён зазначае, што на біяпробы ідзе ўсяго 45 дзён. Галоўная прычына, на яго думку, у негатоўнасці памяшканняў.

Яшчэ адна праблема ў “Гарадцы” — кадры. Асабліва не хапае спецыялістаў галоўнага і сярэдняга звяна. Мясцовыя за час вымушанага перапынку ў рабоце комплексу раз’ехаліся не толькі ў іншыя гаспадаркі, але і за межы раёна. Таму даводзіцца вазіць пакуль што сваіх спецыялістаў з КХП.  

АДНАЧАСОВА з нарошчваннем пагалоўя прымаюцца беспрэцэдэнтныя меры па яго бяспецы. Так, эстакада, на якую вывозяцца свінні з комплексу філіяла “Зара” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” Чашніцкага раёна для адпраўкі на мясакамбінаты, пабудавана за 800 метраў ад вытворчых памяшканняў. Тут жа непадалёку абсталяваны першы пост і дызбар’ер. Тэрыторыя вакол ачышчана ад кустоў і дрэў, выкапаны абвадны канал, устаноўлены спецыяльныя датчыкі, якія рэагуюць на любы рух у ахоўваемай зоне. 

Асаблівыя патрабаванні да работнікаў. Напрыклад, пакуль яны трапяць у цэх, абутак мяняюць двойчы, не гаворачы ўжо пра дэзынфекцыйныя растворы, душавыя, спецвопратку. Ніякіх абедаў у сумках. Харчаванне наладжана ў сталовай, на месцы. Кошт вельмі каларыйнага абеду чыста сімвалічны — 7 тысяч рублёў, а ў начную змену — бясплатны. Парушэнне ўстаноўленага рэжыму караецца надта строга: ажно да звальнення работніка.

На “Маяк-Браслаўскім” у гэтай справе ўзяты вопыт еўрапейскіх краін. Намеснік старшыні гаспадаркі па свінагадоўлі  Людміла Арцем’ева спецыяльна вывучала яго ў Польшчы, Даніі.

— У чым характэрная розніца? — дзеліцца яна. — У нас перад комплексамі шлагбаўмы, санпрапускнікі. У іх жа асноўная ўвага самім памяшканням, стану сцен, вокнаў, дзвярэй. Іншымі словамі, на поўнай ізаляцыі ад знешняга асяроддзя. 

У гаспадарцы паступілі аналагічным чынам: самыя маленькія шчыліны ў цэхах, там, дзе стаялі шклоблокі, пазадувалі будаўнічай пенай. Устанавілі вентыляцыю, якая выдатна зарэкамендавала сябе ў заходніх краінах. Яна ўключаецца камп’ютарамі па зададзеным рэжыме. А калі не перастае працаваць, аўтаматычна шчыльна закрываецца. Праз яе не толькі птушка, а муха нават не праляціць.

Яшчэ адно ўкараненне браслаўчан — шлюзаванне адходаў вытворчых цэхаў. Раней жыжа, бесперапынна сплываючы, распаўсюджвала ў цэхах непрыемны пах. Каб пакончыць з гэтым, у сістэме каналаў цэхаў комплексу ўстанавілі каля двухсот шлюзаў. Дзякуючы новай вентыляцыі і шлюзаванню  змяніўся мікраклімат у цэхах, зараз на комплекс з задавальненнем ідзе працаваць моладзь, якая, дарэчы, складае палову калектыву.

КОЖНЫ месяц ААТ “Маяк-Браслаўскі” атрымлівае ад рэалізацыі свініны каля двух мільярдаў рублёў, рэнтабельнасць вытворчасці складае 20 працэнтаў. На комплексе трымаецца, па вялікаму рахунку, эканоміка гаспадаркі. Сярэднясутачныя прывагі пагалоўя на свінакомплексе перавышаюць 720 грамаў. 

Галоўную ролю тут іграе свой камбікормавы завод, на якім вырабляюць прадукцыю толькі па ўласна распрацаваных рэцэптах:

— Мы раней не маглі атрымаць сярэднясутачныя прывагі свіней звыш 500 грамаў, — сведчыць кіраўнік завода Сямён Арцем’еў. — Потым убачылі, у чым справа: камбікармы. Падключылі да гэтага абласную арбітражную лабараторыю. Канкрэтна нам вельмі дапамог загадчык Мікалай Гідрановіч. А біяпробай нашых фірменных кармоў з’явіліся вытворчыя цэхі, дзе прывагі жывёлы пачалі ўзрастаць. 

Браслаўчане пастараліся  пры гэтым максімальна пазбавіцца ад імпартных кампанентаў камбікармоў, поўнасцю забяспечылі сёлета свой “дваццацітысячнік” зернем, на месцы імкнуцца выпрацоўваць многія вітамінныя дабаўкі і прэміксы. Увогуле ж, толькі на кілаграме стартавых камбікармоў для самых маленькіх парасят гаспадарцы ўдалося скінуць цану больш як у два разы: з 14 тысяч да 6596 рублёў.

У ААТ “Шайцерава” зрабілі стаўку на гарох, якога  летась намалацілі ажно 800 тон. Гэта з лішкам хапіла, каб поўнасцю замяніць імпартныя сою і сланечнік. Сёлета палеткі гароху павялічваюцца да 300 гектараў, і мяркуецца атрымаць яго не менш як 1200 тон. Між іншым, прывагі на адкорме свіней на свінакомплексе гаспадаркі сёння перавышаюць 700 грамаў. Рэнтабельнасць вытворчасці — 25 працэнтаў.

Але лідарства па прывагах упэўнена трымае філіял “Зара” Чашніцкага раёна. Тут на дарошчванні кожная жывёліна прыбывае ў суткі на 808 грамаў, а на адкорме — больш за кілаграм.

ГЭТЫЯ дасягненні якраз своечасова: у беларускіх вытворцаў свініны з’явіліся вельмі моцныя канкурэнты — так званыя расійскія мільённікі, якія пачалі пастаўляць сваю сыравіну на беларускія мясакамбінаты. І гэта, хутчэй за ўсё, толькі пачатак...

saulich@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter