Почему в Витебской области после АЧС медленно восстанавливается поголовье свиней

Пасля ўспышкi

Чаму пасля АЧС марудна ўзнаўляецца на падворках пагалоўе свіней?

Не было шчасця, ды няшчасце дапамагло


ЗГОДНА са статыстыкай, яшчэ тры гады таму на падворках насельніцтва Віцебшчыны налічвалася 86,7 тысячы свіней. У сувязі з АЧС пагалоўе скарацілася на дзве трэці. Нягледзячы на больш чым дзесяцітысячную прыбаўку свінога статка ў мінулым годзе, ён цяпер не складае нават і палавіны былога — 36,6 тысячы.



Чаму марудна ўзнаўляецца на падворках пагалоўе? На гэта ёсць некалькі прычын. Па-першае, цяжкасці з набыццём парасят. Па-другое, людзі, напалоханыя АЧС, імкнуцца завесці іншую жыўнасць. І, нарэшце, многія прыйшлі да высновы, што гадаваць свіней проста эканамічна нявыгадна.

У МІНУЛУЮ суботу аўтар гэтых радкоў пабываў на базары ў Шаркаўшчыне з надзеяй пабачыць гандаль парасятамі. Аднак так нідзе іх і не знайшоў. На мае пытанні людзі толькі паціскалі плячыма: маўляў, чаго шукаць, калі парасят даўно ўжо няма. Былы дырэктар СПК “Жвіранка” Павел Пальчэх, якога там сустрэў, адказаў, што купіць маладняк у суседнім Глыбоцкім раёне:

— На іх “Маліноўшчыне” дагаварыўся.

А чаму не ў раёне?

Свінакомплекс сельгаспрадпрыемства “Гарадзец” Шаркаўшчынскага раёна такіх паслуг пакуль не аказвае, ён толькі-толькі пачынае нарошчваць пагалоўе, і, вядома, ні аб якім продажы парасят нават гаварыць нельга.

“Маліноўшчыну”, якая ўваходзіць у аграхолдынг ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод”, бяда абышла бокам. А таму цяпер ёсць магчымасць прадаваць лішні прыплод: дзесяцікілаграмовых кабанчыкаў можна набыць за 1 мільён 200 тысяч рублёў, а выбракаваных — па ўдвая меншай цане. Для работнікаў аграхолдынга, за выключэннем тых, якія працуюць на самім свінакомплексе (ім гадаваць свіней дома забаронена), можна ўзяць парася ў растэрміноўку на 2—3 месяцы. Прычым у лік зарплаты. І гэту акалічнасць тутэйшыя людзі актыўна выкарыстоўваюць.

Дыспетчар ААТ “Канстанцінаў Двор” Алена Барыла расказала мне, што “выпісала” ажно трох. Яе можна зразумець: з арандаванай зямлі ў агульным масіве атрымала паўтары тоны збожжа, ды яшчэ 600 кілаграмаў гаспадарка бясплатна выдала мужу. Не прападаць жа дабру.
Дарэчы, па ініцыятыве старшыні Глыбоцкага раённага Савета Галіны Унуковіч свінакомплекс “Маліноўшчына” прымае заяўкі на маладняк свіней для падсобных гаспадарак з усіх сельскіх Саветаў раёна. 

Не менш чым тысячу парасят разлічвае прадаць насельніцтву ў маі з комплексу гаспадаркі старшыня СВК “Маяк-Браслаўскі” Рамуальд Шукель.

Аднак будзем называць рэчы сваімі імёнамі, гэта хутчэй рэдкае выключэнне. Намеснік галоўнага ветурача Віцебскай вобласці Сяргей Бабаед даў зразумець, што пакуль поўнасцю адновіцца пагалоўе на свінакомплексах вобласці, там прадаваць маладняк насельніцтву не будуць.

У ТАКІМ разе застаецца адно: набыць парася ў прыватнікаў, тых, хто разводзіў свінаматак. І, трэба сказаць, найбольш прадпрымальныя гаспадары зрабілі на гэтай справе нядрэнны бізнес. Вось што расказаў пенсіянер з аграгарадка Азярцы Глыбоцкага раёна Сяргей Волкаў:

— Ад адной свінаматкі ў год за два апаросы можна атрымаць як мінімум 20 парасят. Восенню за пару даюць дзесьці 2,5 мільёна рублёў, а вясною цана дасягае трох мільёнаў. Выручка з вывадка складае каля 50—55 мільёнаў. Калі палову аддаць на ўтрыманне свінаматкі, то чысты прыбытак перавысіць 25 мільёнаў.

Адзінае, што турбуе Сяргея: даць пакупніку добрых парасят. На яго думку, матэрыял для пакрыцця свінаматкі, які прывозяць з Віцебскай племянной станцыі на свінакомплекс, быў даступны і для прыватных падворкаў. Праўда, наколькі гэта рэальна і як будзе ўкладвацца ў тыя строгія рамкі па засцярозе ад АЧС, могуць адказаць толькі спецыялісты.

Сёння ці то з комплексу браць, ці то ў прыватніка, — розніца не надта вялікая. Згадзіцеся, 3 мільёны за двух парасят — грошы немалыя. За іх можна купіць ад 50 да 60 кілаграмаў мяса. І без клопатаў. Ну добра, калі выжывуць тыя парасяты. А калі не, дык “плакалі” вашы мільёны.

— Калі палічыш, колькі сродкаў ідзе на вырошчванне толькі адной свінні, — за галаву хапаешся, — сцвярджае яшчэ адзін жыхар Азярцоў Пётр Мяжэнін, дарэчы, былы дырэктар мясцовага племсаўгаса “Азярцы”, які трымае цяпер шэсць свіней і свінаматку. 

Па яго разліках, калі карміць жывёлу камбікормам, то на дзень патрэбны 30-кілаграмовы мяшок цаной ад 110 да 140 тысяч рублёў. За месяц — да 4 мільёнаў. 

Мяжэнін даўно б вылецеў у “трубу”, калі б не збожжа, бульба, морква, буракі з падсобнай гаспадаркі. Толькі для таго, каб нарыхтаваць варыва для “пятачкоў”, за год расходуецца два прычэпы дроў. А гэта яшчэ 3,5 мільёна рублёў. Не гаворачы ўжо аб тым, колькі на ўсё патрабуецца асабістага часу. 

З гэтым згодны і жыхар глыбоцкай вёскі Карабы Васіль Карабан. Ён купіў летась трох парасят. Акрамя збожжа, за зіму скарміў ім склеп бульбы.

— Адзінае, што сваё ёсць сваё! — суцяшаецца ён. — Зусім іншы смак. Ніякім купленым не заменіш. 

Карабы раней уваходзілі ў пяцікіламетровую зону ад комплексу, і таму вяскоўцам нельга было трымаць свіней. Аднак звычка аказалася настолькі моцнай, што некаторыя, хто меў хаты родзічаў за 3 кіламетры ў апусцелай вёсцы Вышадкі, гадавалі свіней там.

Многія гаспадары падворкаў Віцебшчыны, каб скараціць расходы, заводзяць у сябе так званых в’етнамскіх свіней. Яны меншыя ростам, але ахвотна спажываюць любую страву: сырую бульбу, пасуцца на траве. Паросіцца “в’етнамка” тры  разы за год і прыносіць ад 10 да 17 парасят за адзін раз.

НЕЛЬГА было не паспачуваць старшыні Лужкоўскага сельскага Савета Таццяне Краснадубскай, калі ў 2014 годзе быў закрыты свінакомплекс “Гарадзец”, а людзям Лужкоў забаранілі трымаць свіней. Для іх гэта была трагедыя. Многія на свіннях мелі неблагі навар. За “свіныя” грошы вучылі студэнтаў, пад будучы прыбытак ад падсобнай гаспадаркі бралі крэдыты ў банку, куплялі мэблю, машыны. І — усё закончылася. 

Не ўсе разумелі, не ўсе пагаджаліся. Не заўсёды прымаліся довады, угаворы. 

Давялося шукаць альтэрнатыву свінням. У першую чаргу ёй стала буйная рагатая жывёла, у асноўным — бычкі. Кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі “Гарадзец” адпускала ў растэрміноўку жадаючым па адной, а то і па дзве галавы. 

Яшчэ завялі птушку. Летась з Віцебскай бройлернай фабрыкі завязлі 4 тысячы куранят. Растуць яны хутка, за 2—3 месяцы дасягаюць 5 кілаграмаў. Ды і клопату з імі куды менш, чым са свіннямі.

Дыетычнае нятлустае мяса бройлераў асабліва спадабалася пенсіянерам:

— Якое шчасце — не мець свіней! — можна цяпер пачуць ад некаторых пажылых лужкоўцаў. 

А хто жадае свініны, то яе можна набыць усяго па 50 рублёў за кілаграм у фірменных крамах “Залаты колас” Полацкага КХП у саміх Лужках і Шаркаўшчыне.

Лужкі па-ранейшаму застаюцца ў “зоне”, а ў іншых вёсках сельсавета свіней можна гадаваць. Чым жыхары і карыстаюцца. У цэлым у Шаркаўшчынскім раёне пагалоўе свіней пасля АЧС вырасла, хаця і не дасягнула ранейшага ўзроўню. Калі ў 2013 годзе было 6470 галоў, то сёння — 2415. Праўда, за апошні год прыбавілася на 700. 

Інтэнсіўна пачалі займацца паралельна з утрыманнем свіней і птушкай у вёсках Глыбоцкага раёна. Папярэдне тут збіраюць заяўкі і робяць потым заказ на Віцебскую бройлерную фабрыку. Адначасова з продажам маленькіх куранят рэалізуецца і камбікорм для іх.

А вось Сяргей Волкаў з Азярцоў выводзіць розную птушку лепшых парод у сябе дома ў двух інкубатарах. Летась гадаваў 20 бройлераў, 60 качак і 60 гусей. Прызнаецца, што асаблівай папулярнасцю карыстаецца мяса гусей восенню і перад Новым годам: цана даходзіць да 70 рублёў за кілаграм. Для гусей спецыяльна выкапаў сажалку. Мае гектар зямлі, трактар, што дае магчымасць дастакова назапашваць розных кармоў для сваёй жыўнасці.

МЕНАВІТА аб далейшым развіцці падсобных гаспадарак у рэгіёне ішла размова ў канцы лютага гэтага года на прэзідыуме абласнога Савета народных дэпутатаў. Мясцовым Саветам пастаўлена задача аказаць усебаковую дапамогу жыхарам у пасадцы агародаў, набыцці жывёлы і птушкі.

Жыццё паказвае, што нельга трымаць на падворках толькі свіней. З боку Расіі, Літвы, Украіны зноў пачалі з’яўляцца ў нашых лясах дзікі. Для іх мяжы не існуе. А пабываў чалавек у лесе, паблукаў па вытаптаных звярамі сцяжынках, а потым зайшоў у гэтых жа ботах у свой хляўчук — і бяда... І таму, відаць, правільны ўзяты накірунак у падсобных гаспадарках Віцебшчыны, што, акрамя свіней, тут пачалі інтэнсіўна гадаваць бычкоў, бройлераў, гусей, трусоў, авечак і іншую жыўнасць.

saulich@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter