Минск
+1 oC
USD: 2.12
EUR: 2.36

Каму патрэбна Нацыянальная літаратурная прэмія — чытачам або для справаздачы?

Пасля п’едэстала

Каму патрэбна Нацыянальная літаратурная прэмія — чытачам або для справаздачы?


Здавалася, гэта было нядаўна. А прайшоў ужо год з мінулага Дня беларускага пісьменства ў Шчучыне, дзе я атрымаў Нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі “Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства”. Але, акрамя зразумелых радасці і гонару, згадваю тую прэмію з адчуваннем пэўнай прыкрасці. Чаму?



Пасля ўрачыстай цырымоніі асабіста са мной захацелі пагутарыць карэспандэнты трох СМІ: газет “Звязда” і “Вячэрні Гродна”, а таксама Беларускага радыё “Рацыя”. Крыху раней тэкст пра маю кнігу “Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча” змясціў штотыднёвік “Літаратура і мастацтва”. Вось і ўсё. Здавалася б, скардзіцца не выпадае: інфармацыю пра Нацыянальную літаратурную прэмію змясцілі ўсе асноўныя айчынныя СМІ (ад газет да сайтаў). Але прозвішчы пераможцаў у кожнай з шасці намінацый былі пададзены ў пераліку, праз коску. Падрабязнасці пра іх творы або факты біяграфіі адсутнічалі. А значыць, ніякіх асацыяцый у чытачоў яны не выклікалі.

“Дык вам не хапае славы?” — раздражнёна спытае ў мяне чытач “Народнай газеты”, і моцна памыліцца. Якраз наадварот! Яшчэ да перамогі ў Рэспубліканскім конкурсе “Нацыянальная літаратурная прэмія” назбіраўся з дзясятак публікацый пра маю кнігу. Таму мне было крыўдна па іншых прычынах.

Перш за ўсё за калег. Калі пачаў шукаць праз Google, то знайшоў толькі два інтэрв’ю, якія даваў Уладзімір Саламаха (пераможца ў намінацыі “Лепшы твор прозы”) — выданням “СБ. Беларусь сегодня” і “Сельская газета”. Некалькі публікацый пра Ганну Скаржынскую-Савіцкую (пераможца ў намінацыі “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва”) з’явілася яшчэ да Дня беларускага пісьменства ў Шчучыне. Упэўнены, што прыкладна тая ж сітуацыя назіралася і з іншымі лаўрэатамі. Але ж Нацыянальная літаратурная прэмія ладзіцца не толькі для таго, каб матэрыяльна падтрымаць пераможцаў або ўручыць ім дыплом!

У бязмежным акіяне кніг кожная прэмія з’яўляецца своеасаблівым навігатарам. Чым больш аўтарытэтны конкурс, тым больш шанцаў, што на пераможцаў звярнуць увагу чытачы, перакладчыкі, кнігавыдаўцы. Нездарма, калі творца не адзначаны адной з прэстыжных міжнародных літаратурных прэмій, шанцы атрымаць Нобеля набліжаюцца да нуля.

Атрымліваецца, што для большасці беларускіх чытачоў Нацыянальная літаратурная прэмія прайшла міма. Продажы кніг і колькасць сустрэч з аўтарамі не павялічыліся. А пісьменнікі, як і раней, застаюцца невядомымі шырокай публіцы.

Натуральна, прасцей за ўсё абвінаваціць ва ўсім журналістаў. Не патэлефанавалі, не пацікавіліся... Свая логіка тут ёсць. На жаль, у грамадстве няма вялікага попыту на літаратуру, і журналісты (аўтар гэтых радкоў не выключэнне) не шмат робяць, каб рашуча змяніць сітуацыю. Але ж пэўныя пытанні ўзнікаюць і да арганізатараў. Дзе сайт прэміі, на якім можна знайсці інфармацыю пра пераможцаў і намінантаў, іх партрэты і вокладкі кніг, каб пачытаць самыя “смачныя” фрагменты і пазнаёміцца з рэцэнзіямі? Чаму не агучваюцца прамежкавыя вынікі — лонг-ліст і шорт-ліст? Чаму няма прэс-рэлізаў з гэтай інфармацыяй, якія маглі б рэгулярна накіроўвацца ў СМІ? Усе журналісты шукаюць інфармацыйныя нагоды. Чаму б не дапамагчы крыху лянівым, або, наадварот, не надта дасведчаным?

Але што сайт! Калі пацікавіцца падрабязнасцямі пра Нацыянальную літаратурную прэмію праз Google, пошукі прывядуць нас на сайт Міністэрства інфармацыі, аднаго з арганізатараў конкурсу. Але там размешчана толькі інструкцыя аб парадку яго арганізацыі і правядзення. На сайце Саюза пісьменнікаў Беларусі падрабязнасці пра прэмію я не знайшоў. Ці яны схаваныя недзе ў глыбіні сайта? Але, згадзіцеся, не кожны мае магчымасці губляць гадзіны на іх пошук.

Трэба быць зусім наіўным чалавекам, каб спадзявацца, што належнае асвятленне адной прэміі кардынальна зменіць літаратурны ландшафт. Але пачынаць трэба з маленькіх крокаў, а не здзіўляцца, чаму наша публіка амаль не ведае беларускіх пісьменнікаў.

Дарэчы, у беларускай літаратуры ўжо ёсць пісьменнік, з якога варта браць прыклад. Гаворка пра Віктара Марціновіча, майго аднафамільца. Мае сябры, якія цікавяцца сучаснай літаратурай, сведчылі: яго апошні раман “Возера Радасці” разыходзіўся ў кнігарнях нібы гарачыя піражкі. Не хачу ідэалізаваць Марціновіча або ствараць з яго куміра. Калі быць шчырым, мяне не надта натхніў яго перадапошні раман “Мова”. Зрэшты, пісьменнік не дзяўчына, каб падабацца кожнаму.

Больш істотна іншае. Калі пісьменнік не атрымае адну з прэстыжных міжнародных прэмій (Нобелеўскую або Букераўскую), ён можа ўсур’ёз скардзіцца на страчаныя магчымасці. Бо перамога адкрывае яму шлях да патэнцыяльнага чытача ў іншых краінах і на іншых кантынентах. Калі творца не стане лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі, ніякай катастрофы не адбудзецца.

Больш за тое, прыклад Марціновіча паказвае, што пісьменніку зусім не абавязкова атрымліваць пэўныя айчынныя ўзнагароды (у Беларусі на рахунку Віктара пакуль толькі прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча ў галіне прозы за раман “Сцюдзёны вырай”). Куды больш важна мець сваё кола чытачоў і ўмець заінтрыгаваць журналістаў. Пакуль Нацыянальная літаратурная прэмія не зацікавіць такіх пісьменнікаў, як Віктар Марціновіч, і не зможа даць ім больш, чым яны маюць цяпер, яе місія застанецца да канца не рэалізаванай.

4 верасня на свяце ў Рагачове аб’явяць новых пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі... Хочацца спадзявацца, што ім пашанцуе больш, чым мне і маім калегам.

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ

denis.martsinovich@gmail.com
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...