Переболевшие COVID-19 делятся опытом выздоровления

«Пасля хваробы па-іншаму глядзіш на свет»

«Стала донарам, каб дапамагаць людзям»

Халадок унутры і радасць — такі смак пакінула ў 22-гадовай Ганны Шэвелінскай з Мінска працэдура здачы імуннай плазмы. На ноце прыпаднятага настрою мы з ёй і пазнаёміліся ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій. Аня перамагла COVID-19 і ўпершыню стала донарам, каб дапамагчы тым, хто яшчэ змагаецца з хваробай.

Ганна ШЭВЕЛІНСКАЯ: «Такі салодкі водар вясны».
Фота з асабістага архіва гераіні матэрыялу

— Хачу, каб мая плазма прынесла карысць. Бо ёсць людзі, якія хварэюць цяжка, — гаворыць дзяўчына.

 Мая суразмоўца працуе праві­зарам у адной з мінскіх аптэк і як медык асабліва разумее цану ўзаемадапамогі. Як жа яна сама перанесла хваробу?

— Не ведаю, дзе падчапіла вірус, — паціскае плячыма Ганна. — Рукі мыла заўсёды і смартфон працірала антысептыкам. Але насіла маску толькі на працы і ў транспарце. Праз дарогу ад маёй аптэкі ёсць кіёск. Я бегаю туды за печывам да гарбаты. Мы размаўлялі з прадаўцом. Я ёй яшчэ казала: «Ай, ну захварэю, дык захварэю. Нічога страшнага».

Калі 1 красавіка ў Ані паднялася тэмпература 37,8 і забалела галава, панікі не было. Але як спецыяліст, які працуе ў сферы медыцыны, выпрабоўваць здароўе яна не стала. Засталася дома і выклікала ўрача.

— Доктар сказала, што дыханне нармальнае, прызначыла супрацьвірусны сродак. Але на наступны дзень стала балець у грудзях на выдыху, — Ганна прыкладвае далонь да грудной клеткі, паказвае, дзе яе прыціснула хвароба. Сімптом ёй паказаўся дзіўным. Ён не ўпісваўся ў звыклую карціну прастуды.

— Тэмпература збілася да 37,2, але адчувала я сябе вельмі дрэнна. Патэлефанавала дзядзьку, які працуе ўрачом, параіцца. Каб яго супакоіць, прыехала на рэнтген. На здымку была двухбаковая пнеўманія. Мяне палажылі ў бальніцу, выявілі каронавірус. Ужо праз тыдзень лёгкія былі чыстыя, але ляжала я больш за дваццаць дзён — да двух адмоўных тэстаў. Засталіся вельмі добрыя ўспаміны аб людзях у палаце, дактарах, якія лячылі. У бальніцы з’явілася новае хобі — маляванне карцін па нумарах.

— Ці атрымалася засцерагчыся ад віруса дамачадцам? — цікаўлюся ў Ані.

— Захварэлі, — ўсмешка адразу ж збягае з твару маёй суразмоўніцы. — Цётка, дзядуля, брат — усе заразіліся. За тры дні да таго, як у мяне паднялася тэмпература, мы з сястрой спецыяльна пераехалі на кватэру, каб паберагчы дзядулю, які нядаўна перахварэў пнеўманіяй. Але тэст на каронавірус у іх таксама аказаўся станоўчым. Родных ненадоўга шпіталізавалі, а потым адпусцілі на ізаляцыю. У іх інфекцыя прайшла лёгка. Цікава, што сястра, з якой мы, як гаворыцца, пілі з аднаго кубка, не падхапіла «карону». На шчасце, калег вірус таксама абышоў.

Кажуць, COVID-19 мяняе людзей. Ганна Шэвелінская таксама заўважыла за сабой перамены:

— Калі пасля гэтай хваробы выходзіш на вуліцу, па-іншаму глядзіш на свет. Я з захапленнем удыхала водар вясны, захаплялася тым, як квітнеюць яблыні. Глядзела на ўсё, як дзіця. Раней нічога гэтага не заўважала. Цяпер вастрэй бачу прыгажосць прыроды.

«Медсёстры клапаціліся, як дочкі пра бацьку»

Дзень нараджэння настаяцеля мінскага храма Сабора беларускіх святых Аляксандра Верамейчыка сёлета прыйшоўся на Вербную нядзелю. Але павіншаваць яго асабіста з падвойным святам прыхаджане не змаглі. У тую раніцу на службу ён не прыйшоў. Напісаў толькі паведамленне ў прыходскім чаце: «Прашу малітваў і ва ўсіх прабачэння, перажываю наведванне хваробай».

Айцец Аляксандр: «Важна звярнуцца да духоўных каштаўнасцяў».
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА

Тады думалася, што гэта прастуда, а значыць, праз тыдзень пройдзе. Але хвароба не адступіла. Амаль адначасова захварэлі жонка святара і два сыны.

— Напярэдадні 11 красавіка пасля службы адчуў лёгкае недамаганне, — успамінае айцец Аляксандр. — Паднялася невялікая тэмпература, таму назаўтра служыць не пайшоў. У панядзелак градуснік паказваў больш 39. Збівалася на пару градусаў. Трохі кашляў. На выклік прыйшла ўчастковы ўрач. Адвязла мяне на рэнтген. Тры здымкі, па словах вопытнага доктара, не паказалі нічога. Вярнуўся дадому ў радасным настроі: пнеўманіі няма, а значыць, «кароны» таксама. Ляжаў дома, лячыўся народнымі сродкамі.

Аляксандр Верамейчык упершыню не служыў у пакутлівыя для яго перадвелікодныя дні. Ён іх пражываў. Станавілася ўсё горш.

— У пятніцу ўчастковы ўрач настаяла, каб я выклікаў «хуткую». «Хуткая» забрала мяне ў Мінскую цэнтральную раённую бальніцу. КТ паказала двухбаковую пнеўманію. А тэст — каронавірус.

Тэмпература збівалася нязначна, на пару гадзін. На дапамогу прыходзілі медыкі ў ахоўных касцюмах. За спецы­яль­нымі маскамі не відаць твару, з-за чаго, кажа айцец Аляксандр, псіхалагічна было яшчэ цяжэй:

— Прашу: дзяўчынка, дапамажы, задыхаюся. Прыбягае дзюймовачка ў «скафандры», дае парацэтамол. Я ўспомніў армію, як выкручвалі агульнавайсковы ахоўны камплект пасля прабежкі, мокры ад поту. А тут медсястрычкі не здымаюць касцюмы па восем гадзін... Як яны вытрымліваюць?.. На такое дакладна здольны толькі той, хто любіць сваю прафесію, людзей.

На дзясяты дзень хваробы сувязь з настаяцелем пера­пы­нілася. Ён апынуўся ў рэанімацыйнай палаце:

— Паказчык насычэння крыві кіслародам знізіўся. У адзін момант стан стаў крытычным. І вось я задыхаюся ад кашлю. Быццам страшная сцяна чорнай масай падступае ўсё бліжэй. І ў гэтыя хвіліны пачынаеш разумець: калі яна цябе паглыне, назад ты ўжо не вернешся, а духоўна ты яшчэ не гатовы…

— Трымайцеся, калі ласка, — надавалі ўпэўненасці ў выздараўленні айцу Аляк­сандру медыкі.

— Ноч. Паветра не хапае. Медсястрычка бяжыць да мяне, маску дае, кісла­род, пераварочвае. Натхня­ла вель­мі, калі да цябе падыходзіць дзяўчынка гадоў дваццаці трох, якой ты ніхто, і размаў­ляе з табой, як любячая дачка з бацькам. Да слёз радасна ад таго, што ёсць такія людзі. Гэта цэнна.

30 красавіка ноччу прывезлі ў бальніцу жонку святара Зою з двухбаковай пнеўманіяй. Сыны атрымлівалі лячэнне дома. «Ты павінен жыць» — настаўляў святара па тэлефоне сябра. 

На 15-я суткі наступіў пералом у стане айца Аляксандра. Упершыню за два тыдні ён адчуў, што тэмпература панізі­лася.

— Нібы ў цябе тыкалі ўжо не іголкамі, а лыжкамі. Яшчэ праз пару дзён дрыжыкі прайшлі.

Прафесіяналы медыцыны многае зрабілі для таго, каб іх пацыент не здаўся ў гэтай цяжкай сітуацыі. Загадчык рэанімацыі Павел Лапатаў па-мужчынску адразу патлумачыў, гледзячы ў вочы з-за ахоўных акуляраў: «Жыць хочаце — выконвайце ўсе ўказанні». Айцец Аляксандр рабіў нават больш, чым патрабавалі:

— Калі табе дрэнна, ты ляжыш на кіслародзе ў поўным спакоі. А потым трэба распра­цоўваць лёгкія. Рабіў дыхальную гімнастыку, піў шмат цёплай вады з лімонам. Усе дзівіліся майму імпэту, а я сказаў, што хачу жыць, бачыць унукаў, служыць усявышняму.

На днях настаяцель, як і яго сям’я, выйшаў з ізаляцыі і спаўна адчуў Вялікдзень. На поўнае выздараўленне яшчэ патрэбны час, але ўжо цяпер Аляксандр Верамейчык пачувае сябе нібы народжаным зноў:

— Гэта захворванне ставіць чалавека перад выбарам, як жыць далей, дзеля чаго. Важна звярнуцца да духоўных каштоўнасцяў. У адносінах павінна быць любоў. Кажуць, свет стане іншым. Не ведаю... Але некаторыя стануць жыць па-іншаму дакладна. Дзякуй медыкам, у прыватнасці, урачу Ніне Сцяпанаўне, галоўнаму ўрачу Мінскай цэнтральнай раённай бальніцы Гарыку Тарыелавічу Барсамяну за тое, што ўмее падбіраць кадры. Вельмі крануты стаўленнем сясцёр трэцяга паста рэанімацыі. Клапаціліся, як дочкі пра бацьку. Жыць хочацца дзеля таго, што не паспеў.

kasiyakova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter