Калектыў ДКУБП «Глыбоцкая ПМК-48» стаў лепшым у першым паўгоддзі па ўсіх паказчыках

Пасля іх рук кватэры дораць шчасце, а на фермы возяць экскурсіі

Калектыў ДКУБП «Глыбоцкая ПМК-48» стаў лепшым у першым паўгоддзі па ўсіх паказчыках сярод будаўнічых прадпрыемстваў «Полацксельбуда»

Калектыў ДКУБП «Глыбоцкая ПМК-48» стаў лепшым у першым паўгоддзі па ўсіх паказчыках сярод будаўнічых прадпрыемстваў «Полацксельбуда»

Выручка ад рэалізацыі склала 29 мільярдаў 616 мільёнаў рублёў, або 131,9 працэнта, пры заданні 110 працэнтаў. Падрадныя работы ўзраслі ў паўтара раза, а прадукцыйнасць працы павялічылася на 24,5 працэнта. Сельскія будаўнікі з гарадскога пасёлка Падсвілле, а менавіта там размешчана база арганізацыі, узводзяць разнастайныя аб’екты не толькі ў населеных пунктах свайго раёна, але і суседніх.
У дасягненнях Глыбоцкай ПМК-48 у многім заслуга яе дырэктара Сяргея Кожуха, чалавека неардынарнага, няўрым- слівага, які пачаў тут у якасці кіраўніка сваю трэцюю пяцігодку.

Ён з выгляду просты, адкрыты, без лішніх амбіцый, мала нагадвае тыповага начальніка. Толькі на значных урачыстых мерапрыемствах можна ўбачыць яго пры гальштуку. Не вымушае людзей марынавацца ў прыёмнай, а сам ідзе да іх. Пытанні, нават даволі складаныя, вырашае хутка, прыкідваючы ў галаве розныя камбінацыі, як майстра-шахматыст, і выбірае ўрэшце адзіную правільную.

Так здарылася і летась, калі ўзнікла патавая сітуацыя з узвядзеннем 60-кватэрнага жылога дома № 19 па вуліцы Паўночнай у Глыбокім. Нібыта і вельмі прываблівы буйны аб’ект, на якім можна было задзейнічаць нямала людзей і зарабіць. Быў гатовы праект. Але не было галоўнага — фінансавання. І пакуль іншыя вагаліся і наракалі, як гэта будаваць без грошай, Кожух узяўся. Ён уклаў сродкі сваёй арганізацыі, што дазволіла закласці фундамент, правесці камунікацыйныя каналы. А там пайшло і фінансаванне...

Яму калегі потым гаварылі:

— Ты ж, Сяргей Пятровіч, рызыкаваў. Ды яшчэ як?!

— Я — чалавек сапраўды рызыкоўны. Але раблю гэта тады, калі ведаю, што змагу выйграць.

У дадзеным выпадку рызыка апраўдалася, бо дом быў не якой-небудзь заштатнай фірмы, а па заказе дзяржавы. Хаця, калі б потым своечасова не пайшло фінансаванне, то гэта магло б адбіцца адмоўна на іншых аб’ектах.
З гэтым домам звязана і самая вялікая сенсацыя: здалі яго не ў верасні сёлетняга года, як было вызначана планам, а ў чэрвені — ажно на тры месяцы раней тэрміну. Такіх тэмпаў ад будаўнікоў не толькі што ў «Полацксельбудзе», але і ў вобласці ў апошні час не бачылі.

— Ну няхай бы там на тыдзень-другі парупіўся, гэта можна яшчэ зразумець. А каб здаць такі аб’ект раней на цэлы квартал — не, такое сёння немагчыма. Прызнайся, Пятровіч, дзе ты што там «нахімічыў»? — дапытваліся калегі.

Каб расшыфраваць «хімію» Сяргея Кожуха, паспрабуем вярнуцца на гадоў сем назад, калі яго ад трэста на міжнародную выставу ў Гановер адправілі.

Вярнуўшыся, запрасіў падначаленых да сябе ў кабінет. Тыя глянулі на дырэктарскі стол — і ахнулі. Увесь ён быў завалены тэхнічнай літаратурай, стосамі чарцяжоў.

— Ну што запыніліся, падыходзьце смялей! — заўсміхаўся ён. — Будзем разбірацца!..

«Разборкі» гэтыя закончыліся тым, што на будоўлі неўзабаве з’явіўся рэдкі на той час перасоўны італьянскі міні-заводзік па прыгатаванні раствору. Каб чытачу было больш зразумела, патлумачым, што раней раствор гэты рабілі на стацыянарным збудаванні на самой базе, а потым развозілі за дзясяткі кіламетраў па аб’ектах. Па-першае, раствор губляў сваю якасць, а па-другое, чаго каштавала сама дастаўка ды і перапынкі бывалі, бо не заўсёды можна было даставіць той раствор своечасова. З набыццём механізаванай устаноўкі на колах малюнак рэзка памяняўся. Цяпер раствор рыхтаваўся прама на аб’екце. Рэзка падскочыла прыдукцыйнасць працы. Услед за Кожухам набылі «заводзікі на колах» іншыя арганізацыі. У самога Сяргея Пятровіча цяпер ажно тры такія ўстаноўкі, што поўнасцю дазволіла адмовіцца ад паслуг стацыянарнай.

Будаўнікі ПМК-48 на закладцы фундамента новага 60-кватэрнага дома ў Глыбокім па вуліцы Паўночная, 21 (злева направа): Аляксандр ГУЛІДАЎ, Сяргей ПАШУКЕВІЧ (брыгадзір), Генадзь МІХЕЕНКАЎ, Міхаіл ЖУК, Юрый МАНЧЫНСКІ

Увогуле, механізацыі ручных працэсаў на будоўлі, укараненню самых новых замежных навінак Кожух прыдае першарадную ўвагу. Яскравы ў сувязі з гэтым такі прыклад. Пры ўзвядзенні шматпавярховых дамоў раствор для сцягвання падлог падаваўся кранам у чане, а потым разносіўся ўручную. Сяргей Пятровіч «выглядзеў» і набыў зноў-такі за мяжой устаноўку, на якой вырабляецца патрэбны раствор і падаецца па аб’ёмным шлангу ажно на пятнаццацімятровую вышыню і там разліваецца дзе патрэбна, без усялякіх насілак. У выніку на 60-кватэрным доме замест 11 чалавек, якія выконвалі сцягванне падлогі «дзедаўскім» спосабам ажно тры месяцы, цяпер спраўляюцца ўсяго тры чалавекі за паўтара месяца.

Калі ж гаварыць у цэлым пра мадэрнізацыю, то фактычна за дзве пяцігодкі ў ПМК-48 поўнасцю абнавіўся парк тэхнікі. Толькі летась набылі шэсць дваццацітоных «МАЗаў». Сёлета інвесціравалі амаль мільярд рублёў на пакупку бульдозера.

Яшчэ адзін важны штрых: Кожух бесперапынна шукае сам і нацэльвае сваіх памочнікаў на тое, каб знізіць сабекошт будоўлі аб’ектаў.

Аднойчы, ці не ў самым пачатку свайго дырэктарства, ён быў надта здзіўлены тым, што спрацавалі нібыта і нядрэнна, і план выканалі, а грошай не стае нават заплаціць падаткі. Аналіз справы паказаў, што значную частку даходу забіраюць падрадчыкі — сантэхнікі, электрыкі і іншыя, — выстаўляючы часта празмерна высокія цэны за свае паслугі. У выніку было вырашана займець сваіх спецыялістаў азначаных прафесій. Што і зрабілі. Атрымалі адпаведныя сертыфікаты. І цяпер аб’ект з нуля і да яго здачы ўзводзяць толькі сваімі сіламі.

А электрыкі і сантэхнікі з ПМК-48 так зарэкамендавалі сябе, што іх запрашаюць на выкананне пэўных работ у іншыя раёны.

— Дабраліся ўжо да Лепеля, — не без задавальнення паведаў Кожух.

Прыкметным крокам на шляху зніжэння кошту будоўлі стала і развіццё ў арганізацыі ўласнай падсобнай гаспадаркі: цэха па вытворчасці жалезабетонных і сталярных вырабаў, драбільна-сартавальнага завода. Кольцамі ўсіх дыяметраў, перамычкамі, фундаментнымі блокамі забяспечваюць не толькі свае патрэбнасці, але рэалізуюць іншым арганізацыям і індывідуальным забудоўшчыкам. А за пяском і гравіем з драбільна-сартавальнага завода ўтвараецца нават чарга. У вялікіх аб’ёмах гэту прадукцыю бяруць Полацк і Наваполацк.

Адным з першых у аб’яднанні Сяргей Пятровіч перавёў сваіх рабочых на кантракт і здзельна-прэміяльную аплату працы. Гэта дазволіла не толькі ўмацаваць дысцыпліну, але і больш высокімі тэмпамі павышаць зарплату. За першае паўгоддзе яна ўзрасла на 43 працэнты і склала 5 мільёнаў 448 тысяч рублёў у месяц. Асобныя катэгорыі рабочых атрымліваюць да 15 мільёнаў.

МТФ «Галубічы» ААТ «Глыбоцкі мясакамбінат»

Брыгадам, якія ўзводзяць аб’ект, няма аніякай выгады выбівацца з графіка. Будзеш будаваць яго паўгода ці год — усё роўна атрымаеш адну і тую ж суму грошай. Вось і разгадка, чаму дом на вуліцы Паўночнай, 19 у Глыбокім здалі ажно на тры месяцы раней тэрміну.

Дарэчы, гэта быў шосты шасцідзесяцікватэрны дом у мікрараёне Беразвечча, узведзены будаўнікамі ПМК-48 за пяцігодку. На гэтыя прыгажуны нельга не заглядзецца. Яны прыдаюць гораду новы воблік і дораць шчасце сем’ям, якія засялілі іх.

І ўсё ж ПМК-48 — гэта будаўнічая арганізацыя для вёскі. І яна поўнасцю апраўдвае сваю назву. У аграгарадках ёй узведзены за сотню катэджаў. Вызначылася і на будаўніцтве вытворчых сельскіх аб’ектаў. Малочна-таварная ферма «Шэпелева» з даільнай залай, што ў сельгасфіліяле «Мнюта» ААТ «Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат», стала ці не ўзорнай для будаўнікоў вобласці. Сюды возяць на экскурсіі. Другую такую ж выбудавалі потым у філіяле «Галубічы» ААТ «Глыбоцкі мясакамбінат». І, нарэшце, сёлета здалі рэканструяваную МТФ «Каралі» гэтага ж прадпрыемства, дзе ўпершыню ў раёне ўстаноўлены робаты для даення кароў.

Ні для каго не сакрэт, што многія нашы будаўнікі кінуліся ў Расію за «доўгім» рублём. Не абышла гэта стыхія і «Полацксельбуд». Амаль у кожнай ПМК паменшыла людзей. А вось у ПМК-48, наадварот, у першым паўгоддзі прыйшло 12. Было 204 — стала 216.

Праўда, не сакрэт, што спрабавалі паспытаць «замежнага хлеба» і некаторыя тутэйшыя будаўнікі. Некаторыя засталіся, а многія вярнуліся назад. Адзін з іх — Сяргей Заяц, з немалай горыччу ў голасе распавядае:

— Узяў адпачынак за свой кошт і ўладкаваўся вадзіцелем на будоўлю ў Санкт-Пецярбургу. Прынялі нас добра. Аплацілі камандзіровачныя, забяспечылі жыллём, харчаваннем. А калі настаў час разліку, то выявілася, што фірма развалілася... Дома надзейней!

Тэмпы будаўніцтва, яго кошт, якасць — выгадна вылучаюць глыбоцкіх будаўнікоў. І не дзіўна, што яны атрымліваюць пакеты заказаў не толькі ў сваім раёне, але і іншых у вобласці.

У той час, як мы размаўлялі з Сяргеем Пятровічам, у кабінеце раздаўся тэлефонны званок. З райвыканкама суседняга раёна ПМК-48 прапаноўвалі прыняць удзел у тэндары на будаўніцтва сацыяльна значнага аб’екта.

Сёння будаўнікі ПМК-48 задзейнічаны на шасцідзесяцікватэрным доме ў Браславе, фізкультурна-аздараўленчым комплексе ва Ушачах, на аб’ектах Лепеля і, вядома ж, свайго раёна.

Аказваюць будаўнікі і немалую спонсарскую дапамогу. Так, яны прынялі актыўны ўдзел ва ўзвя- дзенні царквы на тэрыторыі Глыбоцкай цэнтральнай бальніцы і касцёла ў Падсвіллі. Заўсёды прыходзяць на выручку мясцовым Падсвільскай і Пліскай школам, а таксама Глыбоцкаму ліцэю. Атрымалі падзяку за выдатную падрыхтоўку аб’ектаў да Дня пісьменнасці і 600-годдзя Глыбокага.

І таму цалкам заслужана Сяргей Кожух прызнаны лепшым будаўніком Рэспублікі Беларусь 2011 года. Ён у сваю чаргу запэўнівае, што гэта заслуга ўсяго калектыву. З асаблівай цеплынёй называе сваю каманду, свой «генаральны» штаб: галоўнага бухгалтара Вольгу Бакіраву, галоўнага эканаміста Дзяніса Цэдзіка, галоўнага інжынера Валерыя Роліча, дыспетчара Алену Жолуд, начальніка ВТА Ірыну Пятроўскую, вядучага інжынера па кадрах Ларысу Івашчонак, прараба Аляксея Васілеўскага, галоўнага механіка Алега Кміту, майстра Ніну Кавалеўскую...

Напярэдадні свята выйшаў указ аб занясенні на Дошку гонару ДКУБП «Глыбоцкая ПМК-48» сантэхніка Аляксандра Буяліча, токара Васіля Фурса, муляра Рамана Кавалеўскага, тынкоўшчыцу Надзею Дырко, машыніста Аляксандра Несцяровіча, інжынера Святлану Кармалысаву, электразваршчыка Віталя Зайца, вадзіцеля Мікалая Міхайлоўскага, старшага вытворцу работ Аляксея Васілеўскага.

Усім ім уручана і адпаведная грашовая прэмія.

Цэлы шэраг работнікаў узнагароджаны граматамі «Полацксельбуда» і ДКУБП «Глыбоцкая ПМК-48».

Ад імя калектыву Сяргей Кожух віншуе са святам генеральнага дырэктара КУППБП «Полацксельбуд» Аляксандра Сямёнава, яго намесніка Мікалая Пылінскага, галоў- нага інжынера Аляксандра Жаўнерку і ўсіх работнікаў аб’яднання.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»
Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter