У Магiлёве абкатваюць незвычайную сацыяльную паслугу – бабуля на гадзiну

Паслухайце бабулiны казкi

Збіраецеся ў тэатр, у магазін ці аптэку і не ведаеце, з кім на гэты час пакінуць дзіця? У Магілёве гэту праблему вырашылі з дапамогай новай паслугі — «бабуля на гадзіну». Карэспандэнт «Р» высветліла, хто выступае ў ролі валанцёраў і ці карыстаецца паслуга попытам у маладых мам?


Для некаторых магілёўскіх мам пытанне, куды падзець дзіця на той час, калі трэба схадзіць у краму ці паліклініку, сёння стаіць не так востра. Сваіх малых яны цяпер адводзяць да Алы Мішкінай, і пенсіянерка на грамадскіх пачатках прыглядае за імі. А пачалося ўсё з таго, што ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Магілёва патэлефанавала адна з маладых гара-джанак з просьбай дапамагчы пагля-   дзець дзіця: ёй неабходна было адысці па сваіх справах на непрацяглы тэрмін.

— Такой паслугі ў нас не было. Аднак і адмаўляць чалавеку не хацелася, — прызналася загадчыца аддзялення цэнтра Ларыса Безвадзіцкая. — Таму патэлефанавалі пенсіянерцы Але Міхайлаўне. Жанчына — у спісе нашых падапечных, але энергіі і пазітыву ў яе хапае, так што з малымі пасядзець пагадзілася ахвотна. 

У выніку абодва бакі засталіся задаволеныя. А «бабуля на гадзіну» сказала, што на яе разлічваць можна і надалей. З тых часоў па дапамогу да Мішкінай звярнуліся ўжо некалькі магілёўскіх сем'яў. «Адзіная ўмова — каб хлопчыкаў-дзяўчынак прыводзілі да мяне дадому», — гаворыць магіляўчанка. А яшчэ дадае, што ведае, як падабраць ключык да дзіцячай душы, бо за плячыма амаль сорак гадоў педагагічнага стажу. У дзіцячым садку была музработнікам, так што з маленькімі гасцямі можа і песеньку развучыць, пагуляць, пачытаць кніжку, памаляваць, сабраць канструктар. Сумна, прызналася, не бывае: дзеці — вельмі цікавыя, шчырыя суразмоўцы. «Адзін з хлапчукоў, да прыкладу, кашу з проса назваў «кашай для кураняці». У адным выразе — уражанні пасля паездкі ў вёску, дзе бачыў, як яго родная бабуля курэй просам карміла, і колер крупы пазначаны. Ды і пра смак кашы па такой характарыстыцы таксама можна здагадацца, — успамінае валанцёр. — Пагадзіцеся, далёка не кожны дарослы зможа так ёмка і дакладна выказацца». 

Бабуль шмат не бывае.

Праблемы мам, якім няма з кім пакінуць дзіця, пенсіянерцы зразумелыя, таму і плату за свае паслугі «бабуля» не бярэ. Як можна, кажа, бо для яе гэта не столькі праца, колькі задавальненне і адпачынак для душы. Акрамя таго, лічыць: выдатна, калі ў табе хтосьці мае патрэбу.  Ці падтрымлівае адносіны з былымі выхаванцамі, якія даўно сталі дарослымі? «Не, — растлумачыла. — Гэта выпускнікі школ пасля яе заканчэння сустракаюцца, а садзік дзеці пакідаюць даволі-такі маленькімі. Аднак нядаўна нейкая кабета дагнала мяне на вуліцы, прадставілася — аказалася, што дзяўчынкай хадзіла ў дзіцячы сад, дзе я працавала. Дапамагла паднесці сумку, мы паразмаўлялі пра дзяцей з яе групы. Добрыя засталіся ўспаміны ад гэтай сустрэчы». 

— Пакуль у Магілёве попыт на «бабуль на гадзіну», — адзначыла Ларыса Безвадзіцкая, — не такі ўжо і вялікі. Хаця, магчыма, многія пра падобную магчымасць нават не ведаюць. Таму мы маем намер гэтую паслугу развіваць і рэкламаваць.  Для чаго падбяром кандыдатак, а людзей, якія ў свае сталыя гады хочуць і могуць быць карыснымі, паверце, нямала. 

Мяркуецца, што «бабулі» сядзець з «прыёмнымі» ўнучатамі  будуць бескарысна, а па дапамогу да іх у першую чаргу змогуць звярнуцца шматдзетныя мамы або сем’і, якія апынуліся ў цяжкай, у тым ліку і фінансавай, жыццёвай сітуацыі.

— Асабіста я магла б і заплаціць (у разумных, вядома, межах) — галоўнае, каб памочніца была надзейным чалавекам, — выказала сваю думку маці дваіх дзяцей Наталля Вясёлкіна. 

Маленькі Дзімка не супраць яшчэ адной бабулі.

— Мой сын — вучань пачатковай школы, пасля ўрокаў ходзіць на трэніроўку. А як я магу яго суправаджаць, калі сама на працы? Кожны раз прасіцца ў начальства, каб адпусцілі, не будзеш.

Кацярыне Васілеўскай пашчасціла адной з першых выкарыстаць і ацаніць новую паслугу. «Няня — гэта адно, але бываюць і непрадбачаныя сітуацыі, калі дапамога «бабулі на гадзіну» — самае лепшае выйсце», — лічыць маладая мама. Дарэчы, ёсць і іншыя меркаванні. Напрыклад, магіляўчанка Таццяна Сіроціна, якая разам з мужам гадуе двух  дачок і сына, аддае перавагу выхаванню толькі ўласнымі сіламі. Аднак, з іншага боку, гаворка пра падмену родных бабуль ці бацькоўскіх абавязкаў наогул не ідзе. Як і пра навязванне паслугі. Ды і сама яна залежыць выключна ад попыту. А жыццё паказвае: патрэба ў «дзяжурных бабулях» існуе. 

Каментарый у тэму 

Ірына Бараноўская, псіхолаг Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы: 

— Для пажылога чалавека, асабліва калі ён адзінокі, стаць «бабуляй на гадзіну» — дадатковая магчымасць рэалізавацца ў сацыяльным плане, трымаць сябе ў форме і нават адчуць маладзейшым. Нельга скідаць з рахунку і станоўчыя эмоцыі, якія дораць дзеці. Хутчэй за ўсё, людзі, якія вырашылі зрабіць падобны крок, гэта разумеюць. На самай справе: калі яны пайшлі ў валанцёры, значыць, гэта для нечага ім патрэбна.

Што датычыцца дзяцей, то тут усё залежыць ад таго, як малое ўспрымае чужога чалавека. Будзе нядрэнна, калі спачатку дзіця пазнаёміцца з новай «бабуляй», правядзе некаторы час разам з ёй, але ў прысутнасці мамы. Аднак у любым выпадку такі варыянт — рашэнне чыёйсьці праблемы. А значыць, ён мае права на існаванне.

svet.markova@gmail.com 

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter