Партизан отряда имени Николая Щорса Константин Повелечко вспоминает военное прошлое

Пасланне нашчадкам у 1945-ты

Краем партызанскай славы ўвайшла Расоншчына ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. У райцэнтры ўзвышаецца Курган Славы ў гонар партызанскіх брыгад — імя Сталіна, імя Ракасоўскага, 3-й і 7-й Калінінскіх. Народныя мсціўцы з першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі не давалі спакою ворагу.

У пошукавай базе партала «Партызаны Беларусі» (partizany.by) — сумеснага праекта выдавецкага дома «СБ. Беларусь сегодня» і Нацыянальнага архіва Беларусі, пазначана, што ў партызанскім атрадзе імя Мікалая Шчорса змагаўся з ворагам Канстанцін Мікалаевіч ПАЛЯВЕЧКА. Сяржантам 235-й стралковай дывізіі 1-га Прыбалтыйскага фронту ён прымаў удзел у вызваленні ад фашысцкіх захопнікаў Польшчы. Пераможны май 1945 года баец сустрэў у пераможаным Берліне.

Парадны касцюм 94-гадовага ветэрана ўпрыгожваюць ордэн Айчыннай вайны І ступені, баявыя медалі «За адвагу», «За Перамогу над Германіяй» і шматлікія юбілейныя ўзнагароды. 

Светлым вясновым днём мы прайшліся з Канстанцінам Мікалаевічам Палявечкам па ціхіх расонскіх вулачках, наведалі адноўлены на высокім беразе во­зера Дзяражнае партызанскі лагер, дзе базіраваліся народныя мсціўцы атрада імя Шчорса. Спачатку завіталі ў гарадскі парк да помніка партызанам і падпольшчыкам. Высокія дрэвы вартавымі ахоўваюць ваенны мемарыял. Два гады таму яго дапоўніла стэла з выбітымі на ёй назвамі 109 спаленых вёсак раёна. 

Наведалі і музей народнай славы, які меў статус філіяла сталічнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У двухпавярховым мураваным будынку кожная з дванаццаці залаў уражвае ўнікальнымі экспанатамі партызанскага руху. Гістарычныя дакументы сведчаць пра масавае супраціўленне ворагу. Пэўна, невыпадкова Расоншчына ўвайшла ў гісторыю як край партызанскай славы. Тут з першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі пачалі стварацца падпольныя групы, а потым партызанскія атрады і брыгады. У 1942 годзе народныя мсціўцы ачысцілі раён ад гітлераўцаў і аднавілі савецкую ўладу. Азвярэлыя ворагі карніцкімі аперацыямі прайшлі па мясцовасці. Палілі вёскі, бязлітасна здзекаваліся з насельніцтва.

Густыя бары ратавалі людзей. На стыку беларускіх, латвійскіх і расійскіх зямель на пачатку 1943 года ўтварыўся Брацкі партызанскі край. На яго тэрыторыі дзейнічалі 24 брыгады народных мсціўцаў, два асобныя атрады, лясны шпіталь, аэрадром. Толькі ў брыгадзе імя Сталіна змагаліся з ворагам каля 2000 партызан.

Спецыяльная экспазіцыя прысвечана партызанскаму камандзіру Герою Савецкага Саюза Пятру Машэраву і яго баявым сябрам. Канстанцін Мікалаевіч Палявечка — адзіны, хто застаўся ў жывых з машэраўскага атрада. У сцішанай зале музея былы партызан узгадаў пра свой шлях у атрад:

— Завяршалася вясна 1943 года. Фашысцкія акупанты лютавалі ў нашых мясцінах. За самую дробную непаслухмянасць учынялі прылюдныя павешанні актывістаў, сваякоў партызан. У пажарышчах палалі вёскі. Мне ішоў сямнаццаты год, калі разам з двума равеснікамі вырашылі ўпотайкі прабрацца ў партызанскі лагер. Ад старэйшага брата Івана, які раней стаў народным мсціўцам, ведалі, што атрад стаіць у лесе за вёскай Роўнае Поле. Ноччу прабраліся ў тыя мясціны. У вяскоўцаў распыталі, як трапіць у атрад. Нам дапамаглі прабрацца. І раніцай мы ўжо стаялі перад партызанскім камандзірам Машэравым. Пётр Міронавіч усміхнуўся, паляпаў нас па плячах і дадаў: «Малайцы! Нам байцы патрэбны». Пацікавіўся нашым узростам, адкуль мы, дзе вучыліся. Я расказаў, што да вайны закончыў сямігодку. Так пачалося маё партызанскае жыццё.

Пасля наведвання музея з Канстанцінам Мікалаевічам адправіліся на легкавіку за тры дзясяткі кіламетраў на той азёрны бераг, дзе яго сустрэў Машэраў. Ад вёскі Роўнае Поле да партызанскай стаянкі нас прывяла палявая дарога. Пад шапкамі высокіх сосен убачылі чатыры зямлянкі. На кожнай прымацаваны ўказальныя таблічкі: «Збройная», «Жылая», «Штабная», «Лазня». Крыху бліжэй да возера пад павеццю змайстраваны выцягнутыя лаўкі і стол сталоўкі. Абла­джана месца для вогнішча. Усё гэта аднаўлялі рабочыя Расонскага лясгаса. Партызанскую стаянку аглядала маладая пара з падлеткам. Падумалася: вось бы пракласці сюды турыстычны маршрут з вогнішчам, расповедамі пра славу народных мсціўцаў, частаваннем вандроўнікаў мясцовымі стравамі. Маю думку перахапіў Канстанцін Мікалаевіч і расказаў, што ладзяцца такія мерапрыемствы. Ён акінуў позіркам мясцовасць і ўзгадаў, што ў вайну тут было сем зямлянак. Нягледзячы на тое, што тры з іх не адноўлены, ветэран паказаў тры глыбокія ямы, якія параслі травою і хмызняком. Працягваючы свой расповед пра партызанскае мінулае, ён адзначыў, што байцы атрада не заўсёды знаходзіліся тут. Часта начавалі па сялянскіх хатах у навакольных вёсках і хутарах. У лагер прыходзілі хавацца ад паліцаяў і акупантаў. Тут пастаянна знаходзіўся штаб брыгады. Атрады займалі пазіцыі на подступах да яго, каб пры неабходнасці трымаць абарону. Неаднаразова баявая група, у якой змагаўся з ворагам і Канстанцін Палявечка, пад гэтымі соснамі атрымлівала ад камандавання заданні. 

На краі пагорка былы партызан паказаў мясціну, дзе была зямлянка Паліны Андрэеўны Машэравай. У атрадзе яе паважалі. Маладая док­тар безадказна дапамагала хворым. 

Крок за крокам ступалі па святой зямельцы партызанскага лагера. Міжволі ўяўлялася, як сосны сваімі шырокімі шатамі ўкрывалі мсціўцаў ад пільнай варожай разведкі. На гэтым лясным куточку цеплілася чалавечае жыццё. У агульнай зямлянцы з байцамі быў і камандзір атрада Пётр Міронавіч Машэраў. 

Канстанцін Мікалаевіч прызнаўся, што з першага знаёмства з ім адчуў строгасць і дысцыпліну камандзіра. Пётр Міронавіч да ўсіх адносіўся аднолькава ветліва, не цураўся простага ляснога побыту. Статны, з ясным позіркам разумных вачэй, не ставіў сябе вышэй за іншых. Яго паважалі за шчырасць і чалавечую годнасць. 

З ЦІКАВАСЦЮ зазірнулі ў жылую зямлянку. Паабапал увахода ў ёй, як і ў ваенны час, змайстраваны двух’ярусныя нары. Перад невялікім акенцам — столік з лаўкамі. Праз некалькі метраў ад гэтай — штабная зямлянка. У ёй камандаваннем распрацоўваліся маршруты дзеяння, абмяркоўваліся планы барацьбы з акупантамі. Была ў лагеры і свая майстэрня па рамонту зброі. Умельцы сваімі рукамі змайстравалі кулямёт.

З пагорка ад зямлянак праз дрэвы праглядаецца возера. Пэўна, яно забяспечвала партызанскую кухню вадой і рыбай. Ціха пагойдваліся вяршыні меднастволых сосен, сведак тых далёкіх ваенных падзей. Яны быццам перашэптваліся паміж сабою, слухаючы ўспаміны партызана. Перапрэлая ігліца сцішала нашы крокі па лясным лагеры. У Канстанціна Мікалаевіча ўспаміны ліліся ракой: 

— Вось там, за пагоркам, прывязвалі да жэрдак коней. Так званая стайня была пад адкрытым небам. Скакуны незаменнымі былі ў атрадзе. Для іх нарыхтоўвалі на зіму сена. Былі ў нас харчовыя запасы. Пяклі свой хлеб. Сяляне навакольных вёсак падтрымлівалі нас харчамі і вопраткай. Жыццё ў атрадзе ішло па дакладнаму распарадку. Раніцай каля гэтых таўшчэзных сосен умываліся. У атрадзе пільна сачылі за чысцінёй. Працавала лясная лазня. 

Пацікавіўся ў Канстанціна Мікалаевіча, як у зімовыя маразы трымаліся ў зямлянках?

— А куды было дзецца! Іншых умоў не мелі. Прызвычайваліся да холаду, снегавых завей. Выжывалі як маглі. У неспрыяльнае надвор’е часцей і ўстройвалі баявыя аперацыі. Бывала так засыпала снегам, што ледзьве выбіраліся з лагера. Снег замятаў нашы сляды. Зямлянкі нашы былі трывалыя. Накат зверху вялікі насыпалі. У сярэдзіну да двух дзясяткаў чалавек набівалася. Надыхаем і цёпла. А калі ноч заставала ў лесе на баявых заданнях, то лапак хвойных натрошчым, пасцелем і дрэмлем. Маладыя былі, прызвычаіліся пераносіць нягоду. 

— А якое баявое заданне больш за ўсё помніцца?

— Кожны дзень быў напоўнены баявымі справамі. Пастаянна даводзілася рызыкаваць жыццём. Асабліва хваляваўся, калі з сябрамі першы раз адпраўляўся падрываць чыгунку. Дзякуй богу, усё тады доб­ра абышлося. На некалькі дзён перарвалі рух цягнікоў. Бывала, што і натыкаліся на засаду гітлераўцаў. Помняцца моманты, калі цудам заставаліся ў жывых. Перадыхнём пасля аперацыі дзень-два — і зноў у паход. З кожным баявым заданнем назапашваўся вопыт барацьбы з ворагам. 

Летам 1943 года камандаванню атрада імя Мікалая Шчорса паступіў загад змяніць дыслакацыю. Тады акупанты высачылі, дзе атабарыўся лагер. За адну ноч прайшлі вялікую адлегласць у напрамку Заходняй Дзвіны паміж Бігосавам і Верхнядзвінскам. Мясціны балоцістыя, перасечаныя рэчкамі, ручаямі. Перамяшчаліся ў асноўным ноччу. Задача стаяла перайсці чыгуначны насып і пераправіцца на правы бераг ракі. У гэтых мясцінах рэчышча шырокае, плынь глыбокая і бурлівая. У тое лета фашысты ўзмацнілі кантроль над чыгункай. Уздоўж усяго палатна на 500 метраў усё навокал было расчышчана. Праз кожныя паўкіламетра стаялі бункеры з кулямётамі. Ад бункера да бункера па чыгунцы пастаянна крочыў пат­руль. 

Сітуацыя была даволі складаная. Іншага выхаду не было, як тэрмінова перайсці чыгунку. Наша разведка вызначыла найбольш спрыяльнае месца для пераходу. Падышлі ўшчыльную да насыпу і як толькі звечарэла, рушылі праз чыгунку. Нечакана перад намі з’явіліся два варожых патрулі. Імгненна кулямётчыкі іх скасілі і ўвесь атрад ірвануў уперад. Хто як мог ляцеў праз чыгунку. З нямецкіх бункераў пачалася масавая страляніна. Кулямётны агонь ворага прыціснуў да зямлі. Пад шквальным свінцовым агнём крок за крокам прабіраліся далей. Тады ўся брыгада партызанскага атрада імя Ракасоўскага, амаль чатырыста байцоў, без страт выйшла з прарыву. 

Услед фашысты адкрылі агонь з бронецягніка, які спешна прыбыў з суседняй чыгуначнай станцыі Бігосава. Ад страт атрад уратавала цёмная ноч. Як толькі дабраліся да берага Заходняй Дзвіны, сталі хутка рыхтаваць пераправу. Загадзя ў вызначанае месца дзве падводы даставілі дрот. У суседняй вёсачцы разабралі некалькі драўляных пабудоў. З бярвенняў звязалі плыты. Рака шырокая, хуткацечная. Складана было аператыўна ўсіх пераправіць. А тут яшчэ паліцаі высачылі і адкрылі агонь. Але нядоўга стралялі. Байцы атрада накрылі іх пазіцыі кулямётнымі чэргамі. Той ноччу ўдалося без страт увесь атрад пераправіць на правы бераг Заходняй Дзвіны і далей ісці ў густыя міёрскія лясы.

Як толькі спыніліся там, ад разведкі атрымалі звесткі, што ў Міёрах размешчаны невялікі фашысцкі гарнізон. Камандаванне прыняло рашэнне знішчыць яго. Пад прыкрыццём ночы разграмілі паліцэйскую ўправу і пошту. Частка гітлераўцаў схавалася ў мураваным касцёле. Складана было падступіцца да яго каменных сцен. Камандаванне атрада прыняло рашэнне храм не штурмаваць, бо маглі панесці страты сваіх байцоў. Да раніцы пакінулі горад і адразу накіраваліся на новае месца дыслакацыі ў Варапаеўскую пушчу. Там мы атрымалі магчымасць зладзіць лагер і перадыхнуць у ім ад частых паходаў.

Пад шэпт стромкіх соснаў Канстанцін Мікалаевіч узгадваў і пра рэйкавую вайну на чыгунцы Маладзечна — Вільнюс. Ад партызанскіх выбухаў ляцелі ўверх не толькі рэйкі, удавалася ўзрываць і варожыя эшалоны, якія дастаўлялі на фронт боепрыпасы і харчаванне. 

У 1944 годзе, калі Чырвоная Армія паспяхова вызваляла беларускія гарады і вёскі, партызан Канстанцін Палявечка, як і многія яго сябры па атрадзе, папоўніў баявыя рады дзею­чай Савецкай Арміі. Ён змагаўся з ворагам у 235-й стралковай дывізіі 1-га Прыбалтыйскага фронту. У адным з баёў пад Кенігзбергам атрымаў раненне. Некалькі месяцаў давялося лячыцца ў ваенным шпіталі. Пасля выпіскі зноў вярнуўся на перадавую. Прымаў удзел у вызваленні Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пад націскам савецкіх войск вораг вымушана адступаў. Даводзілася крок за крокам адваёўваць вуліцы, дамы польскіх гарадоў і мястэчак. З баямі сяржант Палявечка дайшоў да Берліна. У адным з баёў у прыгарадзе нямецкай сталіцы ад асколка варожага снарада ледзьве не загінуў. Зноў палявы шпіталь, аперацыя і лячэнне. На ўсё жыццё запомніў Канстанцін Мікалаевіч, як ваенныя ўрачы і параненыя франтавікі ў шпіталі радаваліся, што вайна пераможна закончылася. 

Эшалоны савецкіх воінаў адпраўляліся дамоў. Душа маладога байца Палявечка трымцела ад вяртання на родную Віцебшчыну. З кавенькай давялося пакідаць ваенны шпіталь. Але хутка ўсё нармалізавалася. У прыгожым мястэчку Асвея ў першы пасляваенны год сустрэў сваю нарачоную. Пераехалі з маладой жонкай Марыяй Елістратаўнай у райцэнтр Расоны. Доўгі век пражылі разам душа ў душу. Чатыры гады таму не стацццла гаспадыні. Аўдавелага бацьку наведваюць сын Валерый і дачка Ларыса. У святы двухпакаёвая кватэрка былога партызана і франтавіка патанае ў кветках.

Раней на Расоншчыне збіраліся былыя партызаны-машэраўцы. Ні адну з такіх сустрэч не прапусціў партызан і франтавік Канстанцін Мікалаевіч Палявечка. Баявыя сябры звычайна прыязджалі да мемарыяла ў гонар дзеючай тут з 1942 па 1943 год партызанскай брыгады імя Ракасоўскага, што каля расонскай вёскі Роўнае Поле, каб аддаць даніну павагі загінуўшым бая­вым сябрам. Не згасла гэта традыцыя. У святы тут збіраюцца ўдзячныя нашчадкі расонскіх партызан. Каля падножжа манумента, на адкрыцці якога прысутнічаў Пётр Міронавіч Машэраў, закладзена капсула з тэкстам: «Нашчадкам берагчы мір. Ускрыць 9 мая 2045 года». 

На тэксце звароту ёсць і подпіс цяпер ужо адзінага, які дажыў да нашых дзён, байца машэраўскага партызанскага атрада Канстанціна Мікалаевіча Палявечкі.

subbat50@mail.ru


Фота Алёны КІРЫЛАВАЙ.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter