У ПЕНСІЯНЕРКІ Ларысы Бандарэнка з вёскі Юдзічы Рагачоўскага раёна закралася крыўда на пошту яшчэ ў верасні
Менавіта тады назаўжды зачыніла дзверы для сялян мясцовае аддзяленне сувязі. І хоць 66-гадовая жанчына на ногі слабая і ўжо рэдка наведвала яго, але перажывае за аднавяскоўцаў. Прывыклі яны да пошты — там і аплачваць усё можна было, і купіць газету, прадукты, і пральныя парашкі былі танней, чым у магазіне. Ды сустрэцца і пагаварыць старым было дзе.
Зараз паштальён да пажылых людзей прыходзіць у кожную хату. Хто з сялян маладзейшы — аплачвае паслугі і камуналку ў пошце на калёсах, машына прыязджае ў вёску да прадуктовай крамы штодзень, акрамя нядзелі і панядзелка.
Пошту закрылі, як і ў Новым Крэўску, Старым Крэўску, Драгунску Рагачоўскага раёна. І кожнае аддзяленне — з боем. Асабліва цяжка даводзіцца раённым кіраўнікам Белпошты, чаго толькі там не выслухаеш.
— У нас аўтобус ходзіць рэдка, дзіцячы садок і школу закрылі, крама зачыненая, яшчэ і пошту адбярыце, — вінавацяць іх сяляне ва ўсіх бедах.
А між тым паштовы сэрвіс прыходзіць у кожную хату. І хоць аддзяленні зачыняюць, 5 разоў на тыдзень у вёску прыязджае пошта на калёсах. А там — і прадукты, і парашкі танней, чым у магазіне, і аплаціць можна ўсё, і пенсію атрымаць, і грошы з картачкі зняць. Усе паслугі даступныя.
Як па мне, дык гэта нармальная практыка — закрываць паштовыя аддзяленні, што працуюць у мінус. Прыватны прадпрымальнік, які трымае краму ў паўжывой вёсцы, пабачыў, што яго бізнес не выходзіць, павесіў бы замок і пайшоў з сяла. Чаму тады Белпошта павінна быць дабрачыннай арганізацыяй і цягнуць на сабе стратныя аддзяленні, дзе збіраюцца старыя, каб плёткі разводзіць і раз у тыдзень газету купяць?
А між іншым на пошце таксама жывыя людзі працуюць і мараць зарабляць нармальныя грошы. Каб карміць і вучыць сваіх дзяцей, каб дапамагаць ім будавацца, каб... Ды мала якіх «каб»?! Думаецца, разумная аптымізацыя Белпошты палепшыць матэрыяльнае становішча яе работнікаў.
Сёння нярэдка чую ад многіх кіраўнікоў паштовай сувязі, што прафесія губляе свой прэстыж. Заробак малы, а працаваць даводзіцца не пакладаючы рук. Моладзь не спяшаецца туда несці сваю працоўную кнігу.
— У Хатоўні сем гадоў таму пошту разносіў 68-гадовы пенсіянер, і я доўга не магла знайсці яму замену, пакуль у вёску нечакана не прыехала маладая сям’я, — прызнаецца начальнік Рагачоўскага раённага вузла паштовай сувязі Святлана Зайцава. — Пошту трэба разносіць пяць разоў на тыдзень. З-за таго, што не хапае кадраў, з самай раніцы збіраю калектыў і па-чалавечы прашу: міленькія, выручайце. І дворнік, і рабочы па рамонту памяшканняў, і інструктар па падпісцы, і два чалавекі з планавага аддзела разносяць пошту. А вядучы эканаміст з інжынерам па ахове працы на сваёй машыне — бо не хапае транспарту — развозяць пенсіі.
Іншыя на іх месцы маглі б адказацца, а яны разумеюць цяжкасці і дапамагаюць. Няўжо гэтыя людзі, што выконваюць не толькі свае абавязкі, не заслужылі нармальную зарплату?! У сталіцы нярэдка стаю па паўгадзіны і больш за пасылкай, пакуль не дабяруся да паштовага акенца. А ў аддзяленні паўсюль вісяць аб’явы: патрабуюцца паштальёны і аператары сувязі. Зарплата сталічнага паштальёна — каля дзвух мільёнаў, аператара сувязі — крыху больш за тры. Дзіва што чэргі ў акенца на пошту ёсць, аднак жадаючых працаўладкавацца не дачакаешся.
Дарэчы, зараз увесь паштовы сэрвіс свету нясе страты. Сусветны фінансавы крызіс прымусіў урад Велікабрытаніі выставіць на продаж больш за 50 працэнтаў акцый легендарнай Англійскай каралеўскай пошты. На такі крок улада пайшла з-за таго, што паштовы сэрвіс патрабуе велічэзных затрат на развіццё. А для дзяржаўнага бюджэту гэта недазвольная раскоша.
У апошнія гады каралеўскае ведамства перажыло буйныя скарачэнні штату і маштабную аптымізацыю. У 2009 годзе ўсяго за тры дні масавай забастоўкі каралеўскіх паштавікоў на складах Royal Mail сабралася больш за 100 мільёнаў недастаўленых пасылак, пісьмаў і іншай карэспандэнцыі. Работнікі пошты патрабавалі павысіць зарплаты і спыніць скарачэнні. Думаецца, што прыватнікі, якія набудуць акцыі Каралеўскай пошты, паправяць справы міжнароднага сэрвісу.
Дарэчы, калі б Белпошта стала прыватным прадпрыемствам, то, здаецца мне, што аддзяленні сувязі засталіся б толькі ў райцэнтрах, а паштальёны з непад’ёмнымі сумкамі наўрад ці заходзілі ў кожную сялянскую хату. Бо прыватнік не бачыў бы выгады з таго, што адна пенсіянерка ў сяле падпішацца на газету. І няхай на будынку мясцовага аддзялення сувязі павесілі замок, пошта ў сяле засталася. Проста цяпер яна працуе ў новым фармаце. А да яго прыйдзецца сялянам прывыкнуць. Цяпер пошта падыходзіць да кожнага індывідуальна, а якасць паслуг ад гэтага ніколькі не пагоршыцца. Будзьце аптымістамі, не настройвайцеся на дрэннае, а прыміце новае са спакойнай душой.
Наталля СЕРГУЦ, «БН»