Эксперымент: чацвёра з дзесяцi школьнiкаў, якiя сядзяць дома адны, адчынiлi дзверы незнаёмцам

Паштальён звонiць двойчы

Пачаліся летнія канікулы. Дзеці вельмі даверлівыя, і злачынцы гэтым карыстаюцца, калі хочуць пранікнуць у чужое жыллё. Як павядзе сябе дзіця, калі дарослых побач няма, а незнаёмы чалавек просіць упусціць яго ў кватэру? Мы правялі эксперымент: бацькі пакінулі дзяцей адных дома — і тут званок у дзверы...

Мама Ульяны задаволеная, што дачка не адчынiла дзверы і здагадалася набраць яе нумар тэлефона.

З мамамі і татамі загадзя дамовіліся: напярэдадні тыя па-акцёрску разыграюць сцэнку — маўляў, выйшлі вынесці смецце ці пайшлі да суседкі па цукар альбо ў краму па хлеб. Праз 10—15 хвілін у дзверы стукаюся я — прыстойна апранутая, з паперамі ў руках. Усміхаюся ў «вочка» і ветліва прашу: «Адчыніце, калі ласка. Гэта са школы». Чакаю дзіцячую рэакцыю.

Іду па першым адрасе і ад душы спадзяюся, што дзеткі там жывуць пільныя. Ля пад’езда жылога дома па вуліцы Гараўца, 32 сустракае Алена Ганусевіч. Мама дзяўчынак лёгка пагадзілася на эксперымент, але трохі ўсхваляваная:

— Дзяцей адных пакідаю толькі ў самых крайніх выпадках, і то максімум на некалькi хвілін. Малодшай усяго тры гады, Ульяне ўжо дзесяць. Вельмі цікава, як яна сябе павядзе.

Алена Анатольеўна ключом адчыняе жалезныя дзверы з дамафонам. Але, у прынцыпе, на лесвічную клетку і самім патрапіць нескладана — можна патэлефанаваць суседзям пад выглядам рэкламных распаўсюджвальнікаў або ўборкі пад’езда. Падымаемся на паверх. Мама з супрацоўнікам міліцыі трохі адыходзяць — пачынаем праверку.

Званок, стук — маўчанне. Да дзвярэй ніхто не падыходзіць, але мы ведаем: дзеці дома. Праз некалькi хвілін чую, як нехта асцярожна крадзецца да дзвярэй, і «вочка» зацямняецца: дзяўчынка вывучае незнаёмку. Цішыню парушае мелодыя тэлефона.

— Ульяна тэлефануе! — мама задаволеная, што дачка не адчынiла дзверы і здагадалася набраць яе нумар.

Заходзім у кватэру, дзеці адразу прыліпаюць да мамы. «Хто гэтая цёця?» — трохі спалоханыя пытаюцца яны.



— Ты вялікая малайчына, — умешваецца Сяргей Шманькоў, участковы інспектар па справах непаўналетніх ІСН міліцыі грамадскай бяспекі УУС адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска. — Толькі лепш, каб ты не хавалася дома, а адказала няпрошаным гасцям. Напрыклад: «мама мыецца ў душы», «тата курыць на балконе», «бабуля зараз у суседкі ў кватэры насупраць». Так нядобразычліўцы зразумеюць, што лепш сюды не сунуцца — дзіця дома не адно. У такім выпадку яны наўрад ці стануць ламаць дзверы або замок.

Ідзём па наступным адрасе, і інспектар успамінае нядаўні выпадак. Злачынца трапіў у дом, абчысціў яго і толькі потым заўважыў маленькую дзяўчынку — яна ўвесь гэты час мірна спала ў сябе ў пакоі. Ён не разгубіўся. Усміхнуўся і добразычліва сказаў: «Прывітанне». Малая нічога не западозрыла: «Напэўна, знаёмы дзядзька прыйшоў». Толькі пазней бацькі вярнуліся і з жахам усвядомілі: кватэру абакралі. Увесь гэты час іх дзіця знаходзілася ў вялікай небяспецы. Пашанцавала, што ўсё абышлося. А калі б не?

Эксперымент працягваем ужо на вуліцы Якубава. Дом вялікі, дзяцей шмат.

— Я не магу адчынiць, няма ключа, — праўда гэта ці не, але першае дзіця адказала правільна. Аднак супрацоўнікі МНС не раяць бацькам замыкаць дзяцей і забіраць з сабой ключы. Калі ў кватэры раптоўна здарыцца пажар, дзецям у першую чаргу трэба як мага хутчэй выбегчы на вуліцу.

Звонiм у дзверы насупраць. З кватэры чутны звонкі галасок:

— Што вам патрэбна?

— Я сяброўка тваёй мамы. Яна прасіла пачакаць яе ў вас, — часта дастаткова проста сказаць, што ты знаёмы сям’і, і дзеці вераць, не задумваючыся. Але не ў гэтым выпадку.

— Не пушчу, — чуваць, як хлопчык цягне да дзвярэй крэсла, каб паглядзець у «вочка».

Працягваю ўгаворваць малога. У ход ідуць тыповыя фразы: «прынесла табе нешта смачненькае», «мама будзе лаяцца», «зараз я ёй патэлефаную». Вынік не пры-мусіў чакаць: дзіця ўсё ж павярнула ключ у замку. Нават думаць не хачу, што было б, калі б на маім месцы апынуўся чалавек з нядобрымі намерамі.

Пасля некалькіх хвілін перамоў праз дзверы па такім жа сцэнарыі ў кватэру ўпусціў іншы школьнік — хлопчык гадоў сямі. Гісторыя паўтарылася ў другiм пад’ездзе: прыадчыніла дзверы васьмігадовая дзяўчынка. Пазней прызналася: стала цікава, хто стаіць за дзвярыма, бо «вочка» ва ўваходных дзвярах няма.

Без лішніх пытанняў нібыта «суседку во-о-сь з таго дома» збіраўся ўпусціць яшчэ адзін даверлівы падлетак. Потым падзяліўся: да іх часта заходзяць маміны знаёмыя. Падумаў, што дзявочыя вячоркі намячаюцца і ў гэты раз. А вось яго равеснікі з суседніх кватэр не былі такімі наіўнымі — ні за што не ішлі на ўступку. Малайцы.

У двары каля дома на праспекце Ракасоўскага, 25, корпус 2 нас сустракае Вера Шапетава. Яна спяшаецца паўдзельнічаць у эксперыменце:

— Баюся, што можа і адчынiць дзверы... Яна ў мяне добрая.

Падняўшыся на паверх, мама з інспектарам стаяць наводдаль, я стукаю ў дзверы. Зноў прадстаўляюся работніцай школы.

— Кацяня, адчыні мне, — імкнуся казаць мякка, каб выклікаць давер у дзесяцігадовай дзяўчынкі.

— Мне не дазваляюць самой адчыняць дзверы. Хутка мама вызваліцца і сама да вас выйдзе, — сказала як адрэзала. Што ж, яе ўзяла.

Вера Мікалаеўна радуецца: дачка вытрымала выпрабаванне! Ні на хвіліну не вагалася з рашэннем.

— Хто цябе так падрыхтаваў? — абдымае дачку.

— У школе нядаўна праходзілі. Міліцыянеры вялі ўрок, — усміхаецца Вікторыя. І тут жа ўзгадвае, як некалькі месяцаў таму ў іх дзверы пастукаў мужчына ў цёмнай куртцы і настойліва патрабаваў адчыніць. Дзяўчынка не на жарт спалохалася і схавалася ў пакоі. Дарэчы, пра гэты выпадак расказала бацькам толькі зараз.

ypopko@bk.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter