«Пашанцавала? Так! Але ўсё астатняе мы робім самі»

АДКУЛЬ пайшла назва пасёлка? Версій шмат. Нават такая, што жыў тут хітры граф, які «воров поил», каб тыя не кралі. Але асноўнае сцвярджэнне — назвалі паселішча па прозвішчы інжынера Варапаева, які ў XIX стагоддзі пракладваў тут чыгунку і ладзіў станцыю. Сёння гэта буйнейшая дыстанцыя пуці, якая абслугоўвае каля чатырохсот кіламетраў чыгункі ў сямі раёнах.

Кіпіць, бурліць жыццё, вытворчая і прадпрымальніцкая дзейнасць, развіваецца культура і пашыраецца далягляд у жыхароў пастаўскага пасёлка Варапаева

АДКУЛЬ пайшла назва пасёлка? Версій шмат. Нават такая, што жыў тут хітры граф, які «воров поил», каб тыя не кралі. Але асноўнае сцвярджэнне — назвалі паселішча па прозвішчы інжынера Варапаева, які ў XIX стагоддзі пракладваў тут чыгунку і ладзіў станцыю. Сёння гэта буйнейшая дыстанцыя пуці, якая абслугоўвае каля чатырохсот кіламетраў чыгункі ў сямі раёнах.

Уласныя знакамітасці

АКРАМЯ таго, у Варапаеве ёсць дрэваапрацоўчы камбінат, а прасцей, мэблевая фабрыка, завод жалезабетонных вырабаў, бальніца, тры школы (ў тым ліку дапаможная і музычная), лясніцтва, сельскагаспадарчае падраздзяленне ААТ «Пастаўскі райаграсэрвіс» і іншыя арганізацыі. Жыве ў пасёлку каля трох тысяч чалавек.

Варапаева знакаміта сваімі людзьмі. Пакінулі тут свой след урачы Майсяёнкі. Хірург Георгій Нікіфаравіч не толькі добра лячыў людзей, але і даваў сольныя канцэрты, бо меў яшчэ адукацыю з кансерваторыі. Яго сын Андрэй стаў членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук. Чалавекам-аркестрам называлі ў Варапаеве Пятра Кіёнка, бо іграў ён адразу на трох інструментах. Праслаўляюць сёння пасёлак член Саюза кампазітараў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Іванін, мастачка Яніна Ліманоўская, паэткі Ганна Шылько і Святлана Аліхвер-Іванова.

Пашанцавала варапаеўцам моцна і з тым, што пятнаццаць год таму назад старшынёй пасялковага Савета дэпутатаў у іх стаў Аляксей Аліхвер, які і сёння пры ўладзе і якога грэх назваць сухім словам «чыноўнік». Менавіта пры ім Варапаева стала аграгарадком, і пасёлак набыў новае аблічча: адрамантаваны школы, бальніца, Дом культуры, адміністратыўныя будынкі прадпрыемстваў і арганізацый, заасфальтаваны многія вуліцы. З’явіліся шыкоўныя крамы. Вырас цэлы новы мікрараён з катэджаў, у якіх пасяліліся работнікі Пастаўскага райаграсэрвіса, Варапаеўскай дыстанцыі пуці, шматдзетныя сем’і.

Варапаеўцы ганарацца сваім пасёлкам і раўніва сочаць за парадкам дома і на рабоце. Тут ёсць нават свая народная дружына, члены якой дзяжураць на святах, танцах у Доме культуры, розных іншых мерапрыемствах. І нездарма Варапаеўскі пасялковы Савет быў прызнаны лепшым у вобласці па добраўпарадкаванні і атрымаў у якасці заахвочвання легкавы аўтамабіль...

Французскую мэблю робяць тут

ВЫ ХОЧАЦЕ пабываць у Парыжы XVIII—XIX стагоддзяў, адчуць атмасферу, у якой жылі і тварылі Бальзак, Гюго, Мапасан, не наведваючы Францыю? Няма нічога прасцей. Для гэтага трэба толькі наведаць Варапаеўскі дрэваапрацоўчы камбінат, дзе ёсць Музей мэблі. Асобная зала якраз адведзена набору старадаўняй французскай мэблі для сталовай стылю кантры. Яе вырабляюць і экспартуюць у Францыю.

Якім чынам французы трапілі ў такую глыбінку, як беларускі пасёлак Варапаева?

— Рынак мэблі перапоўнены, — дае разгадку дырэктар камбіната Ганна Седзюкевіч. — Але большасцю яна стандартная. Мы, калі аднойчы рыхтаваліся да кірмашу ў Мінск, вырашылі паказаць штосьці адметнае. Зрабілі некалькі ўзораў мэблі, якой карысталіся нашы продкі. У выніку ля нашых экспанатаў было заўсёды шматлюдна. Зацікавіўся ёй і прадстаўнік адной французскай фірмы. Ён паказаў фотаздымак мэблі ХVIII—XIX стагоддзяў і спытаў, ці змаглі б мы вырабіць падобную? Я адразу ж пагадзілася, хаця такія-сякія сумненні заставаліся. Па-сутнасці, акрамя фотаздымка, нічога не было. Ніякіх чарцяжоў. «Галовы ёсць, рукі ёсць — зробім!» — адказаў на пастаўленую задачу майстар-самародак Васіль Аліхвер. Падабраў у брыгаду хлопцаў, і праз нейкі час выдалі выдатную прадукцыю. Французам спадабалася. Так быў заключаны першы кантракт.

Давялося пабачыць у цэху ўвесь канвеер зборкі арыгінальнай мэблі на экспарт. Тут былі станкі, але некаторыя рабочыя працавалі ўручную: рэзчыкі па дрэве, шліфавальшчыкі, фарбавальшчыкі. Вытрымлівалася тэхналогія. Нават фарбы скарыстоўваліся такія, як даўней. У іх саставе былі шкіпінар, воск і іншыя кампаненты.

Кінулася ў вочы, што на рабочых месцах шмат жанчын. Аказалася, гэта нездарма. Аперацыі вытанчаныя і даволі складаныя. Ніяк не абысціся без пяшчотнай жаночай рукі.

Самая прыкметная фігура ў цэху — майстар Васіль Аліхвер. Гэта — самародак. Калісьці сталярствам займаўся яго дзед. Вось і перадаўся талент праз пакаленне. А ўвогуле, не будзе памылкай сказаць, што палова членаў калектыву — з працоўных дынастый. Можна прыгадаць тут і Андрэя Снапка, і Ніну Дзевятоўскую і многіх іншых.

Старадаўняя мэбля — не адзіны арыгінальны прадукт варапаеўцаў. Напрыклад, ці можаце вы ўявіць, што ў дзіцячым ложку, які разлічаны на немаўля, можа спаць дарослы чалавек? Не? А дарэмна. Такі ложак вырабілі на ААТ «Варапаеўскі дрэваапрацоўчы камбінат». Гэты ложак па праву называюць яшчэ трансформерам. Па меры росту дзіцяці «расце» і ён: пазбаўляецца высокіх рашотчатых бакавін, тумбачкі і гэтак далей. Навінка была прадстаўлена на рэспубліканскім конкурсе «Лепшая мэбля Беларусі» і атрымала Дыплом пераможцы. У мінулым годзе на выставе «Белэкспа» заваявалі дыпломы набор мэблі для сталовай стылю кантры, набор мэблі для гасцінай «Феліцыя».

У гэтыя дні на ААТ «Варапаеўскі дрэваапрацоўчы камбінат» пачынаецца мадэрнізацыя вытворчасці, на якую дзяржава выдаткуе 5 мільярдаў рублёў. Гэта дазволіць не толькі вырабляць новыя віды прадукцыі, але і прыкметна знізіць яе кошт.

Сучасны менеджар Іван Талецкі

КАЛІ ўязджаеш у Варапаева з боку шашы Полацк—Вільнюс, то першым на вашым шляху, справа, будзе завод жалезабетонных вырабаў (поўная назва — ДКУПП «Варапаеўскі завод ЖБВ»). Гэта магутнае прадпрыемства, без якога не можа абысціся любая будоўля. Тут выпускаюцца фундаментныя блокі, пліты, перамычкі розных памераў. Усяго — да сотні назваў вырабаў.

У завода з больш чым паўвекавой гісторыяй было ўсё: і ўзлёты, і падзенні. «Перабудова» напрыканцы мінулага стагоддзя давяла да таго, што квітнеючае прадпрыемства апынулася на мяжы краху.

Уздым пачаўся з Праграмай адраджэння вёскі, калі зноў стала запатрабаванай асноўная прадукцыя. Гэты час супаў з прыходам на завод у якасці дырэктара Івана Талецкага. За два з паловай гады ўдумлівы і энергічны кіраўнік здолеў павялічыць выпуск прадукцыі ў 6 разоў!

Сёння ўзвядзенне ніводнага дома, ніводнай гаспадарчай пабудовы не абыходзіцца без варапаеўскіх вырабаў. Асабліва шмат заказаў ад сельгаспрадпрыемстваў на вырабы для будаўніцтва малочна-таварных ферм.

Давялося асвойваць нават новую прадукцыю, так званыя паўрамы РПС, ці, як іх яшчэ па-простаму называюць, «клюшачнікі».

З аднаго боку прыемна, што вырабы карыстаюцца попытам, з другога — узніклі і даволі сур’ёзныя праблемы. Справа ў тым, што сельгаспрадпрыемствы далёка не заўсёды могуць разлічыцца за пастаўленую прадукцыю. Іхні доўг дасягнуў амаль 2 мільярдаў рублёў. Каб не спыняць вытворчасць, завод вымушаны браць крэдыты ў банку пад даволі вялікі працэнт. Выручае тое, што беларускія заводы даюць цэмент на рэалізацыю. Дарэчы, з цэментнымі заводамі Варапаеўскі ЖБВ поўнасцю разлічыўся.

Складаней з металам. За яго патрабуецца толькі перадаплата.

Каб не чакаць з мора надвор’я, калектыў завода праводзіць мадэрнізацыю вытворчасці на экспартна арыентаваную прадукцыю. Так, рэканструявалі прапарачную камеру, устанавілі новы станок для нагрэву арматуры, падрыхтавалі гідрастол, і ў кааперацыі з расійскай фірмай пачалі выпускаць слупы «СВ-110». Апошняя паставіла абсталяванне і ўзяла на сябе рэалізацыю прадукцыі.

Адчынілі ў другім цэху вытворчасць бардзюраў тратуарных і дарожных, тратуарнай пліткі. Прадукцыя карыстаецца вялікім попытам і ідзе да спажыўца ці не прама з лініі!

На чарзе — мадэрнізацыя кацельні.

Прадукцыя завода вызначаецца высокай якасцю, сведчаннем чаго з’яўляецца адсутнасць рэкламацый.

У калектыве вопытныя, граматныя спецыялісты. Роўна 40 год на прадпрыемстве галоўны тэхнолаг Эдуарда Януш, якая выдатна ведае сваю справу, аснасціла лабараторыю ўсімі неабходнымі вымяральнымі прыборамі. Не адну ступеньку майстэрства прайшлі начальнік цэха Сяргей Чудзінаў, старшы майстар Алена Янучкоўская, галоўны энергетык Анатоль Куштэль. Вынаходнікамі-энтузіястамі зарэкамендавалі сябе рабочыя Уладзімір Галай і Вадзім Філіпаў. Не пажадаў пайсці на заслужаны адпачынак, застаўся на рабочым месцы Станіслаў Станкевіч.

Калектыў Варапаеўскага завода ЖБВ глядзіць у будучыню і крочыць у яе!

«Кракадзіл» на... шпалах!

ВАРАПАЕЎЦЫ не могуць уявіць сябе без чыгункі. Яна ў некалькі «нітак» раздзяляе пасёлак надвое. Непадалёк ад пераезда — адміністратыўны і гаспадарчыя будынкі Варапаеўскай дыстанцыі пуці Віцебскага аддзялення чыгункі.

— Мы абслугоўваем 400 кіламетраў чыгункі, якая пралягае па 7 раёнах, — паведаў галоўны інжынер Павел Красоўскі. — Гэта напрамкі ў бок Маладзечна і Полацка. Раней быў выхад на Вільнюс, але літоўцы свой пуць разабралі.

Галоўная задача дыстанцыі — забяспечыць бяспеку перавозкі пасажыраў і грузаў. Створана 11 так званых акалодкаў, калектывы якіх сочаць за чыгункай і падтрымліваюць у належным стане. Ёсць і асобны цэх — дэфектакскапіі. Цэласнасць рэек правяраецца спецыяльнай апаратурай, якая ўстаноўлена на перасоўных цялежках.

— Значыць, ужо не ходзіць па шпалах з малаточкам абходчык? — цікавімся.

— Абходчыкі якраз і засталіся, — гаворыць Павел Красоўскі. — Тэхніка тэхнікай, а візуальны агляд таксама не лішні.

На станцыі складзіраваны высокія штабялі гатовых пралётаў рэек  са шпаламі. Гэта, як стала вядома, ідзе замена на пуці драўляных рашотак на жалезабетонныя. Сёлета запланавана такую работу правесці на 10 кіламетрах, ажно да Лынтуп. Прычым вядзецца гэта аперацыя без парушэння раскладу руху цягнікоў. Выкарыстоўваюцца «вокны».

А яшчэ работнікі Варапаеўскай дыстанцыі пуці навялі ўзорны парадак на сваёй тэрыторыі. Тут трапляеш як бы ў іншы свет: клумбы з на дзіва рэдкімі кветкамі, акуратныя радочкі туй, альтанка, сажалка з лілеямі і мосцік, нібыта вясёлка, праз яе. А побач — кракадзіл! І выглядае, як сапраўдны.

Навакольная прыгажосць спрыяе прадукцыйнасці працы. Усе вытворчыя паказчыкі калектывам дыстанцыі перавыкананы.

Нядаўна калектыў Варапаеўскай дыстанцыі пуці ўзначаліў Аляксандр Кандыбін. У яго шмат творчых задумак і планаў, як зрабіць набыткі яшчэ большымі.

Азарае «Заранка»

ДЫРЭКТАРА Варапаеўскай дзіцячай музычнай школы Валянціна Жагулу можна, напэўна, заносіць у Кнігу рэкордаў Гінеса. Ён на гэтай пасадзе 45 год!

Праўда, пры сустрэчы Валянцін імкнуўся як мага меней гаварыць пра сваю асобу. Затое з любоўю і захапленнем расказваў пра сваіх выхаванцаў. У школе займаецца пад сто чалавек. Дзеці вучацца іграць на баяне, акардэоне, фартэпіяна, а таксама на народных інструментах: цымбалах, гармоніку, дудачцы. Дзякуючы апошняму створаны дзіцячы ансамбль «Званочкі», які атрымаў званне ўзорны і паспеў адзначыцца на міжнародных фестывалях.

Але найбольшую вядомасць Варапаеву прынёс дарослы народны ансамбль «Заранка». У ім — звыш дзясятка ўдзельнікаў. У асноўным выкладчыкі музычнай школы. Але ёсць і былыя яе выпускнікі.

У канцэртнай праграме ансамбля гучаць песні сваёй мясцовасці і аўтарскія.

Ансамбль «Заранка» — пастаянны ўдзельнік міжнароднага фестывалю ў Паставах «Звіняць цымбалы і гармонік».

«Кола сяброў» да самай Германіі

У ВАРАПАЕВЕ нярэдка можна сустрэць жыхароў Германіі: як дарослых, так і дзяцей. І адчуваюць яны сябе тут, як дома. На гэта ёсць прычыны.

— Пачалося ўсё з таго, што адзін мясцовы жыхар у апошнюю вайну трапіў да немцаў у палон і пасля яе заканчэння застаўся ў Германіі, — расказаў дырэктар Варапаеўскай агульнаадукацыйнай школы Віктар Жук. — Завёў там сям’ю, але доўга пажыць не ўдалося. Адна з яго дачок, па прафесіі педагог, вырашыла наведаць родныя бацькавы мясціны і прыехала ў Варапаева. Спатрэбіўся перакладчык. Ім стала наша настаўніца Святлана Іванова. Жанчыны пасябравалі і падумалі: а чаму б не завязаць такія ж сяброўскія адносіны паміж навучальнымі ўстановамі гарадскога пасёлка Варапаева Рэспублікі Беларусь і горада Герцогенаўрах Германіі?

Такім чынам, амаль дваццаць год таму назад першая група нямецкіх школьнікаў пабывала ў Варапаеве. Дзеці былі паселены ў сем’ях вучняў, якія вывучалі нямецкую мову. Потым быў візіт у адказ.

Пасля такія абмены праводзіліся шмат разоў. І не толькі вучнямі. На стажыроўцы ў Германіі былі варапаеўскія педагогі. Акрамя таго, дэлегацыя з Варапаева прыняла ўдзел у святкаванні 1000-годдзя г. Герцогенаўрах і прадстаўляла там Беларусь.

Трэба адзначыць, што варапаеўцы не ездзяць проста так, як у госці. Вучні вязуць у Германію музычныя праграмы, расказы пра свой рэгіён і сваю краіну ў цэлым.

У многім дзякуючы гэтаму ў Герцогенаўрах створана грамадская арганізацыя «Кола сяброў Беларусі».

Прамяняў Віцебск на Варапаева

НА ЎСКРАЙКУ Варапаева вырас цэлы мікрараён з прыгожых катэджаў. Тут жывуць работнікі райаграсэрвіса і чыгункі. Гаспадар дома нумар адзін па вуліцы Маладзёжнай — малады хлопец Ігар Бушманаў.

— Сам я віцяблянін, — прызнаўся ён. — Прыехаў у гэтыя мясціны наведаць бабулю, а напаткаў суджаную — тутэйшую дзяўчыну Аксану. Стварылі сям’ю. Так як яна працуе ў аграсэрвісе, а я — на дыстанцыі пуці, то нам выдзелілі катэдж. Жывём у ім 7 год. Самі зрабілі рамонт, уцяплілі. Разлічваем прыватызаваць. Добраўпарадкавалі тэрыторыю і зладзілі пляцоўку для дзяцей. Сваіх у нас двое і прыходзяць суседскія гуляць. Цэлы сад бывае. Месца і ўмовы добрыя. Задавальняе зарплата. Ніколькі не шкадую, што пераехаў сюды з вялікага горада. Толькі дзякую лёсу.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter