В Союзе писателей Беларуси обсудили судьбу детской книги

Пасеем разумнае, добрае, вечнае

Пленум па пытаннях сучаснай дзіцячай літаратуры прайшоў не зусім традыцыйна — у пашыраным фармаце. Акрамя праўлення СПБ, у Доме літаратара сабраліся настаўнікі-філолагі, бібліятэкары, кіраўнікі выдавецтваў і кнігарняў, пісьменнікі, якія не ўваходзяць у кіруючыя органы саюза, але праз усё жыццё працуюць над дзіцячай літаратурай. Сваім досведам падзяліліся многія зацікаўленыя ў гэтай галіне.


Зараз у краіне фарміруецца спіс сацыяльна значнай літаратуры, якая бу­дзе выхоўваць у чытача найлепшыя якасці. Што тычыцца дзіцячых выданняў, яны не збаўляюць сваю тыражнасць, колькасць найменняў і маюць вялікае значэнне для краіны, засведчыў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі:

— Як толькі збавім тэмп ці станем менш увагі надзяляць дзіцячым кнігам, гэты сегмент запоўняць нашы ворагі. Яны тонка і акуратна рэалізуюць свае мэты рознымі шляхамі. Узяць бы выданне «Книжка про зубы» з бел-чырвона-белымі матывамі.


Або «Беларускія нячысцікі», дзе пад выглядам міфалогіі падаюцца жудасныя пачвары. Вось такое выхаванне маральных каштоўнасцей у бчб-прыхільнікаў! Таму наша агульная задача — нарошчваць спіс канкурэнтнай літаратуры, якая б вучыла дабрыні, веры і праўдзе.
Ігар Бузоўскі вызначыў і яшчэ адну праблему: некаторыя пісьменнікі-землякі асноўнай пляцоўкай для выхаду сваіх кніг выбіраюць расійскія выдавецтвы. Чытачы іх з задавальненнем купляюць, а голас рублём сведчыць пра многае. Першым чынам пра тое, што творы цікавыя, запатрабаваныя. Варта наладзіць супрацоўніцтва з гэтымі аўтарамі беларускім выдаўцам, падтрымліваць таленты, вярнуць яркія імёны Айчыне.

Начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Тамільчык перакананы, што кніга — магутны сродак выхавання:

— Прачытаная ў дзяцінстве, яна застаецца ў памяці надоўга. Без кнігі няма прафесійнага станаўлення, эмацыйнага і інтэлектуальнага развіцця. З часам дзіцячая літаратура імкліва змяняецца, перастае быць проста займальнай ці асветніцкай — яна паказвае мадэлі паводзін, дапамагае разабрацца ў жыцці. Таму нам, дарослым, важна сачыць за тым, што чытаюць нашы дзеці. Ад гэтага залежыць іх асабісты поспех і лёс краіны. Трэба дапамагаць ім адрозніваць сапраўдныя шэдэўры мастацкага слова ад твораў-аднадзёнак.

Кіраваў пленумам старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар ВД «Звязда» Алесь Карлюкевіч. Дарэчы, менавіта ў гэтым выдавецкім доме выпускаецца значная частка айчыннай дзіцячай літаратуры. На сходзе разгледжаны многія прапановы. Напрыклад, стварыць у СПБ самастойнае выдавецтва «Дзіцячая літаратура» — шматпрофільны цэнтр па вывучэнні тэматычных праблем, пытанняў, задач. Развіццё любой краіны, сталасць выхавання пакалення вымяраецца ўзроўнем дзіцячай літаратуры, падкрэсліла першы намеснік старшыні СПБ Алена Стэльмах:


— Апошнім часам кола дзіцячых аўтараў значна пашырылася. Іх кнігі, асабліва на беларускай мове, звычайна маюць попыт у чытача. Аднак усебаковы аналіз часам сведчыць, што не ўлічваюцца ўзроставыя асаблівасці аўдыторыі, падмяняюцца агульнапрызнаныя гуманітарныя каштоўнасці. Нам не ўсё роўна, што трапляе ў галовы нашых дзяцей. Нездарма ў СПБ працуе камісія па маніторынгу кніжнай прадукцыі і грамадска-кансультатыўны савет на чале з ганаровым старшынёй СПБ Мікалаем Чаргінцом.

Асаблівых падыходаў патрабуе афармленне дзіцячай кнігі — не сакрэт, што іншым разам выдавецтва доўга шукае дэфіцытнага ў сваёй прафесіі ілюстратара. Алена Стэльмах акцэнтавала ўвагу на правядзенні акцый па сямейным чытанні, на больш актыўным супрацоўніцтве з Нацыянальным інстытутам адукацыі, каб не траплялі ў падручнікі выпадковыя аўтары:

— Трэба запрашаць у школы больш пісьменнікаў, чые творы ўключаны ў вучэбную праграму, ствараць музеі або памятныя куткі, прысвечаныя літаратарам-землякам. Прапаную часцей называць імёнамі творчых асоб вуліцы, навучальныя ўстановы, бібліятэкі. Як прыклад — прысваенне мінскай школе № 67 імя народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца.
У наш няпросты час, калі ідзе наступ на нацыянальныя здабыткі, на Вялікую Перамогу савецкага народа над фашызмам і нацызмам, барацьба за маладыя розумы, — узрастае роля кнігі, пісьменніка. Мастацкае слова асабліва ўплывае на юных чытачоў, чый светапогляд толькі фарміруецца.
У айчыннай дзіцячай літаратуры багата паэзіі, — падкрэсліў старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхаіл Пазнякоў. — Пераважаюць вершы для школьнікаў малодшага і сярэдняга ўзросту. Выдаецца многа якасных казак і казачных аповесцей. Між тым не хапае выданняў на беларускай мове для дашкольнікаў і падлеткаў. Мала ваенна-патрыятычных кніг — пра юных герояў Вялікай Айчыннай, сённяшніх піянераў, сяброў БРСМ.

Міхаіл Пазнякоў акцэнтаваў увагу, што амаль няма выданняў для дзяцей па сучаснай дзяржаўнасці. Пра нашы сімвалы, галіны ўлады, грамадскія арганізацыі і палітычныя партыі, пра сапраўдных герояў — хлебаробаў, рабочых, інжынераў, урачоў, педагогаў, вучоных, дзеячаў навукі, культуры, мастацтва, спорту. Мала кніг па экалагічным, эстэтычным, фізічным выхаванні.

Важна, каб змест вучэбнай праграмы па рускай і беларускай літаратурах адпавядаў патрабаванням часу, пераканана старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Кацярына Цемушава:

— Складаныя, неактуальныя творы выключаны з праграмы. Пашырана тэма рускамоўнай літаратуры Беларусі. А прынцыпы, па якіх тэксты трапляюць у падручнікі, простыя і выразныя. Гэта мастацкая і эстэтычная значнасць, ацэнка сучаснікаў і нашчадкаў, узроставая даступнасць, улік чытацкіх інтарэсаў. Так, вучні 5 — 7‑х класаў знаёмяцца з творамі, дзе героі — іх аднагодкі. А для старшакласнікаў акцэнт на ўнутраным свеце, сітуацыі маральнага выбару. Калі дзецям цікава — значыць, творам уздзейнічаем на іх светапогляд.

basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter