Пары ваеннай хлапчукi

I цьмяна помню нават эшалон, што вёз мяне з матуляй у палон... Такія знамянальныя даты, як 60-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа, наводзяць на глыбокі роздум. Асабліва балючая памяць у тых нашых людзей, на долю якіх выпалі страшэнныя пакуты гітлераўскай акупацыі, на долю беларускіх дзяцей, якія родам з вайны.
Пра вайну, акрамя ўсяго іншага, да гэтага часу мне нагадваюць цяжкі фарфоравы сподак з эмблемай “Luftwaffе”, спражка з надпісам “Got mit uns “ і цясак ад нямецкага карабіна, якім я гуляў у “ножычкі” са сваімі басаногімі аднагодкамі пасля вайны. Хутчэй за ўсё, гэтыя трафеі нам пакінулі немцы, якія жылі ў нашай хаце ў час акупацыі, прымусіўшы маю маці з двума сынамі туліцца ў зямлянцы. Добра памятаю, як у сонечны летні дзень фашысты скінулі першую бомбу на Гарадок, у якім мой бацька пасля доўгіх блуканняў па свеце пабудаваў уласную хату. Бомба трапіла ў дом нашага суседа і разнесла яго ўшчэнт. Потым пры варожых бамбёжках мой брат Пётр, якому тады было семнаццаць гадоў, насіў мяне на плячах у лес за Віцебскую шашу ці ў тунель пад дарогай, каб схавацца ад смерці. Па гэтай самай дарозе напрыканцы сорак трэцяга года гітлераўцы вялі нас на чыгуначную станцыю, каб вывезці ў Германію. Вялі, як раней нашу карову на бойню. А ўздоўж дарогі на слупах матляліся вісельнікі... Вайна скалечыла маё дзяцінства і забрала ў мяне трох родных дзядзькаў і бацьку. Ён загінуў 16 красавіка 1945 года пры штурме войскамі 1-га Беларускага фронту Зеелаўскіх вышынь, у шасцідзесяці кіламетрах ад Берліна. Цяпер на гэтых вышынях савецкія мемарыяльныя могілкі, дзе на адным з надмагільных камянёў высечана прозвішча майго бацькі. Я ж разам з маці да канца вайны быў вязнем працоўнага лагера ў польскім горадзе Быдгашчы, які ў той жахлівы час на нямецкі лад называўся Бромбергам. Тады я быў яшчэ малы, і толькі праз шмат дзесяцігоддзяў сэрца выдала такія сумотныя вершаваныя радкі: І цьмяна помню нават эшалон, Што вёз мяне з матуляй у палон. Запомнілася толькі, што састаў Аб нечым невясёлым грукатаў. Нібыта ў сне — калючы дрот, барак І сумны позірк маці: “Небарак”, Чарпак баланды, камендантаў карак І грозны выскал вартавых аўчарак. Затое добра помню, што, кладучы мяне спаць, мая маці звычайна пела напаўголаса “Казацкую калыханку” Лермантава: Но отец твой, старый воин, Закален в бою. Спи, малютка, будь спокоен. Баюшки-баю. Там жа, у фашысцкім палоне, відаць, спадзеючыся, што Бог злітуецца і аблегчыць долю сына, маці ахрысціла мяне. Хросныя бацькі мае — рускія людзі Кацярына і Пётр Кандаковы з горада Тосна, якія жылі з намі ў адным бараку. Вызваленне да нас прыйшло 23 студзеня 1945 года, калі войскі правага крыла 1-га Беларускага фронту вызвалілі Быдгашч. Падзеі таго дня добра помніць пісьменнік- франтавік Алесь Шашкоў, які ў складзе 47-й механізаванай брыгады 5-й танкавай арміі штурмаваў гэты горад. І, магчыма, што менавіта ён вызваляў нас, бо яго ўспаміны і мае саўпадаюць. Калючы дрот, дашчаныя аднапавярховыя баракі, чатыры вартавыя вышкі, паблізу чыгуначны мост праз Віслу. Але ж не толькі пра жахлівае ўспамінаю цяпер. Неба майго сіроцкага дзяцінства вечна будзе расквечваць радасны майскі салют пераможнага 1945 года. Я помню, каляровыя ракеты У прыцемку ўзляцелі, як букеты, І маці са слязамі на вачах Мяне ўзняла высока на руках. Бязмежнай дабрынёй і шчасцем свяціліся твары воінаў-пераможцаў і вызваленых імі з фашысцкага рабства вязняў у той дзень. І Дзень Перамогі з таго часу для мяне — самае вялікае свята, як і для ўсіх нашых людзей. Не меншыя страты панесла ў час вайны і сям’я майго айчыма партызана Васіля Кірылавіча Даўгалава, які ведаў на памяць “Тараса на Парнасе” і шмат урыўкаў з “Новай зямлі” Якуба Коласа. Менавіта ён і прывіў мне любоў да беларускай паэзіі. Яго малалетнюю дачку Надзю расстралялі паліцаі, а цяжарную жонку спалілі фашысты ў Асвенціме. Праз усю вайну прайшла мая цётка — зенітчыца Ганна Іванаўна Грыневіч. Бог уратаваў яе, але не ўратаваў яе каханага... Аднойчы я быў у Германіі, вядома ж, наведаў брацкія могілкі, дзе пахаваны мой бацька. Высыпаў на яго магілу жменю зямлі, прывезенай з роднага падвор’я, паставіў маленькі вяночак і герберы каля надмагільнага каменя. Разам з маёрам Сяргеем Дзеевым і радавым Стасем Якубоўскім, якія суправаджалі нас з жонкаю ад Франкфурта-на-Одэры да Зеелаўскіх вышынь, падняў маленькі кілішак за вечны супакой трыццаці тысяч савецкіх салдат, якiя загінулі пры штурме гэтых непрыступных вышынь. А таксама за тое, каб Франкфурт-на- Одэры і мой родны Віцебск заўсёды былі параднёнымі гарадамі. Мне вельмі хацелася б зноў ускласці кветкі на магілу бацькі і да помніка салдату, што стаіць на Зеелаўскіх вышынях. “Вечная слава героям, павшим в боях с фашистскими захватчиками за свободу и независимость Советского Союза” — выбіта на высокім пастаменце. Я чытаў гэтыя словы і думаў: Бо мы, пары ваеннай хлапчукі, Жывём, нібы выконваем заданне Кроў апраўдаць, што пралілі бацькі, Каб нашы жыцці мелі апраўданне.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter