Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларускія і казахстанскія кінематаграфісты плануюць разам зняць фільм пра беларускіх партызан

Партызанскі кажушок як сімвал дружбы

Адзій Шарыпаў у маладосці
Казахстанскі кінасцэнарыст Бекбулат Шакераў напісаў сцэнарый мастацкага фільма, беручы за аснову празаічныя творы Адзія Шарыпава, а таксама біяграфію пісьменніка і вучонага. Адзій Шарыпавіч Шарыпаў (20.12.1912—4.11.1993) — вядомы чалавек у гісторыі Казахстана, казахскай літаратуры і культуры. Ён пасля вайны быў міністрам адукацыі, намеснікам старшыні Урада Казахскай ССР. Напісаў нямала мастацкіх кніг. Абараніў доктарскую па філалогіі. А ягоны лёс у ваенную пару быў звязаны з Беларуссю, пра што ён неаднойчы пісаў у розных творах. Дарэчы, імя героя, пісьменніка носіць адна з вуліц Гродна.

Настаўнік па адукацыі, казах Адзій Шарыпаў працаваў да вайны ў Алма-Ацінскай вобласці ў вясковай школе. У лютым 1940-га быў прызваны ў Савецкую армію, накіраваны да месца службы: у 7-ю танкавую дывізію, што дыслацыравалася ў раёне заходнебеларускага Беластока (цяпер Польшча). Там, у летнім лагеры, і заспела яго ў 1941-м вайна. У ваенных дакументах таго часу згадваецца, што 7-я танкавая дывізія трымала абарону, вяла баі ў раёне гарадка Хорашч (польск. Choroszcz). Страты людзей і тэхнікі былі вялікімі. Каб не трапіць у акружэнне, камандзір парадзелага стралковага ўзвода Шарыпаў разам з байцамі прайшоў на ўсход Беларусі, у раён Бранскіх лясоў. Там і арганізаваўся партызанскі атрад, які пазней увайшоў у 2-ю Клятнянскую партызанскую брыгаду. “Камандзір аддзялення ў атрадзе Рошчына, потым намеснік камісара 2-й Клятнянскай брыгады (прозвішча “Сашка-казах”) — чытаем пра яго ў гісторыі брыгады. Там і ваяваў з ворагам Адзій Шарыпаў, удзельнічаў у многіх баявых аперацыях, праявіў сябе смелым і мужным камандзірам.

“Фільм з умоўнаю назвай “Лета-41”, як мне падаецца, не толькі аб прыватным лёсе сына народа Казахстана, — расказвае ўдава літаратара Клара Шарыпава. — Мне імпаніруюць падыходы Бекбулата Шакерава, які ў сцэнарыі памкнуўся адлюстраваць інтэрнацыянальныя, агульныя памкненні розных народаў у барацьбе з фашызмам”. На тэму сумеснага творчага праекта ў свой час была падпісана дамова паміж “Беларусьфільмам” і “Казахфільмам”. Два гады таму Міністэрства фінансаў Казахстана планавала нават выдзеліць на рэалізацыю праекта мільён долараў. Пакуль што не ўсё тое ўдалося,  каб можна было пачынаць здымкі. Перамовы зацікаўленых бакоў, пошукі сродкаў працягваюцца. Кінастудыя “Беларусьфільм”, напрыклад, выказала жаданне прадаставіць тэхнічныя магчымасці, касцюмы, дапамагчы з арганізацыяй натурных пляцовак для здымак.

У Адзія Шарыпава ёсць аповесць “Гісторыя аднаго кажушка”: пра тое, як агульнымі памкненнямі ў барацьбе з фашыстамі жылі лясныя мсціўцы і звычайныя насельнікі шматпакутнай Беларусі. Тэмы еднасці, роднасці, партызанскага і беларуска-казахскага, у прыватнасці, пабрацімства — скразныя ў будучым кінафільме.

Ад рэдакцыі. Шмат цікавых звестак па гэтай тэме можна знайсці таксама ў кнізе “Победа одна на всех. Казахстан — Беларусь”. Яна прысвечана 70-годдзю Вялікай Перамогі, выйшла пад рэдакцыяй Амбасадара Казахстана ў Беларусі Ергалі Булегенава. У кнізе сабраны гісторыі пра воінаў з Казахстана, якія змагаліся з ворагам на тэрыторыі Беларусі ў партызанскіх атрадах і за беларускую зямлю ў складзе Савецкай арміі. Пададзены біяграфічныя даведкі, фотаздымкі казахаў і ўраджэнцаў Казахстана, ушанаваных званнем Героя Савецкага Саюза ў баях за Беларусь, аповеды пра казахстанцаў-партызан. Выданне адлюстоўвае, як ушанавана памяць пра воінаў-казахстанцаў у Беларусі. У кнізе шмат фотаздымкаў помнікаў і абеліскаў, брацкіх магіл і могілак, вуліц, якія названы ў гонар герояў.

Голас Радзімы № 40 (3544), чацвер, 19 кастрычніка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter