Партызанская рэліквія

СТАІЦЬ яна ў покуце, на канапе, пад іконай святога Лукі. Гэтую дзяжу перад самай Вялікай Айчыннай вайной змайстраваў вясковы ўмелец Ахрэм. Тут, у вёсцы Запакулле, на той час у кожнай хаце былі рэчы, якія вырабляў гэты знакаміты ў наваколлі майстар: бочкі і цэбры, дзежкі і маслабойкі... І мне так хочацца распавесці, чаму гэты просты прадмет побыту стаў нашай сапраўднай фамільнай рэліквіяй.

Род Дзеравяшкаў і хлебная дзяжа – моцная, неразрыўная повязь...

СТАІЦЬ яна ў покуце, на канапе, пад іконай святога Лукі. Гэтую дзяжу перад самай Вялікай Айчыннай вайной змайстраваў вясковы ўмелец Ахрэм. Тут, у вёсцы Запакулле, на той час у кожнай хаце былі рэчы, якія вырабляў гэты знакаміты ў наваколлі майстар: бочкі і цэбры, дзежкі і маслабойкі... І мне так хочацца распавесці, чаму гэты просты прадмет побыту стаў нашай сапраўднай фамільнай рэліквіяй.

— У першую ж ваенную зіму сям’я аказалася ў Прыхабскім лесе, дзе базіраваўся партызанскі атрад «Трынаццаць», — расказвала мне маці. — Бацька, снайпер-разведчык, хадзіў на заданні, а я лячыла параненых і хворых байцоў, мыла бялізну і выпякала хлеб, які ўчыняла вось у гэтай самай дзяжы. Яна ж служыла ў цеснай зямлянцы і сталом.

Партызанскі хлеб гарчыў, бо мукі заўсёды не хапала, і дадавалі ў цеста здробненыя галоўкі дзікай канюшыны, маладое ліпавае лісце, часам — ільносемя.

...Скончылася вайна, і дзяжа зноў разам з нашай сям’ёй перабралася ў цудам уцалелую старэнькую хату пад векавымі ліпамі. Нам пашанцавала: хоць і параненым, на мыліцах, але жывым вярнуўся з вайны бацька, Марцін Якаўлевіч, інвалід Вялікай Айчыннай. А на трох яго родных братоў, і маіх дзядзькоў, Луку, Івана і Мікалая, баба Агапа і дзед Якаў атрымалі тры розныя па зместу, але адной горкай сутнасці пахаванкі. Вось кароценькія вытрымкі з арыгіналаў, што захоўваюцца ў нашым сямейным архіве: «У баі за Сацыялістычную Радзіму чырвонаармеец Дзеравяшка Лука Якаўлевіч, не парушыўшы воінскай прысягі і праявіўшы мужнасць і гераізм, загінуў 4 жніўня 1944 года..». «Чырвонаармеец Дзеравяшка Мікалай Якаўлевіч... быў паранены і памёр ад ран 22 жніўня 1944 года...». «Чырвонаармеец Дзеравяшка Іван Якаўлевіч... у верасні 1944 года прапаў без вестак»... У гэтых словах з пахаванак, што прыйшлі ў адну нашу сям’ю, адлюстраваны лёс мільёнаў абаронцаў Айчыны.

Хлеб, выпечаны з партызанскай дзяжы, меў свой непаўторны водар і смак. Мы, чацвёра братоў і сястра Шура, выраслі на ім. Раз на тыдні маці ўчыняла цеста. Калі яно падыходзіла, на кляновым лісці ставіла ў печ ёмістыя боханы. Якой жа смачнай была пасыпаная соллю, яшчэ гарачая, луста свежаспечанага хлеба!

Мінуў час. Не стала неабходнасці выпякаць хлеб дома. І чорны бохан, і белую булку на любы густ можна купіць у магазіне. Але дзяжа па-ранейшаму стаіць у покуце бацькоўскай хаты.

— Навошта яна тут? Толькі месца займае, — звярнулася неяк да маці сястра. — Можа, вынесем яе на гарышча?

— Ні ў якім разе! — запярэчыла маці. — Гэта ж і карміцелька наша, і памяць...

Даўно пайшлі ў іншы свет спачатку бацька, а следам — і маці наша, Хрысціна Сямёнаўна. Апусцела бацькоўская хаціна пад старымі ліпамі. Але і па сёння яна захоўвае святую памяць пакалення вогненных гадоў. З выцвілых фотаздымкаў задуменна глядзяць маладыя Хрысціна і Марцін.

...Кожны раз, калі сядаю за багата накрыты святочны стол, нязменна ўяўляецца мне сціплая дзяжа, што стаіць у Запакульскай хаце, на даваеннай яшчэ лаве ў покуце. Пад іконай святога Лукі і партрэтамі маіх дарагіх бацькоў...

Васіль ДЗЕРАВЯШКА, Бялыніцкі раён

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter