З гэтага года памер пенсіі стаў залежаць ад стажу і абавязковых страхавых узносаў

Партрэт з,явы: пенсійны ўзрост

На постсавецкай прасторы засталося толькі тры краіны, дзе захаваўся “савецкі” пенсійны ўзрост: 55 гадоў для жанчын і 60 — для мужчын. Гэта Беларусь, Расія і Узбекістан. Усе астатнія яго ўжо павысілі. Прычыны для таго цалкам аб’ектыўныя — эканамічныя.



Быць павышэнню ці не быць


Нацыя старэе, рабочых рук становіцца менш. У краіне 27 працэнтаў насельніцтва — пенсіянеры, да 2020 года іх будзе ўжо 29 працэнтаў. Таму пытанне павышэння “парога старасці” — толькі справа часу.

Выгоды ад падобнай рэформы ўжо пралічылі. Павялічыцца колькасць працуючых у краіне, а значыць, скароціцца дэфіцыт сродкаў фонду сацабароны, з якога плацяцца пенсіі. Таксама гэта дасць прырост ВУП больш як на адзін працэнт пачынаючы з 2019 года.

Эксперты ўпэўненыя, што, калі павялічыць тэрмін выхаду на заслужаны адпачынак хоць бы на адзін год, — у бюджэт пальюцца грашовыя рэкі. Што зробіць больш трывалымі берагі многіх сацпраграм, разлічаных на пажылых. Да прыкладу, калі б рэформу правялі летась, то на пенсію не выйшла б 141,7 тысячы чалавек. Толькі на выплатах ім маглі зэканоміць амаль 260 мільёнаў долараў.

Як вырашыць народ, так і будзе


Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што пытанне, якое закранае літаральна кожнага жыхара Беларусі, нельга вырашаць без уліку грамадскай думкі. Прапанаваў рабіць высновы, абапіраючыся на афіцыйную статыстыку. Даведацца пра грамадскую думку даручылі Інстытуту сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук.

Дарэчы, яго спецыялісты ў 2013 годзе пра верагодную рэформу беларусаў апытвалі. Тады больш за палову выказалася супраць. 18 працэнтаў рэспандэнтаў заявілі, што гатовыя папрацаваць даўжэй, калі сама пенсія стане большай. 60 працэнтаў не пярэчылі, калі “тэрмін” павялічаць крыху — на год.



Колькі напрацаваў — столькі атрымаў


Ва Урадзе народ слухаюць, але і самі прымаюць меры. У краіне ўжо паспелі правесці невялікую рэформу. У адрозненне ад расіян у беларусаў ужо тры гады ёсць выбар: ісці на працоўную пенсію або адтэрмінаваць яе. У выпадку, калі чалавек працягвае працаваць і не афармляе пенсію, у будучыні яму за кожны “звышурочны” год даюць надбаўку. Кожны мае права разлічыць, што яму больш выгадна: атрымліваць пенсію і зарплату або, адмовіўшыся ад пенсіі на час, атрымліваць яе затым з улікам павышальнага каэфіцыента.

З гэтага года памер пенсіі стаў залежаць ад стажу і абавязковых страхавых узносаў. Цяпер працоўную пенсію па ўзросце атрымлівае работнік, які рабіў абавязковыя ўзносы ў дзяржаўны пазабюджэтны фонд сацыяльнай абароны на працягу 15 гадоў і 6 месяцаў. З 1 студзеня 2017 года страхавы стаж павялічыцца яшчэ на 6 месяцаў. І кожны год будзе прырастаць, пакуль не дасягне 20 гадоў.

Без неабходнага стажу можна прэтэндаваць толькі на сацыяльную пенсію.

На думку дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Зінаіды Мандроўскай, гэта цалкам справядліва:

— Хто больш працаваў і больш плаціў страхавых узносаў у фонд сацабароны, у таго і працоўная пенсія павінна быць вышэйшай.


Меркаванні


Мар’яна Шчоткіна, міністр працы і сацыяльнай абароны:

— Ад павышэння пенсійнага ўзросту не адысці. Будзе ідэальна, калі мы сінхранізуем нашы дзеянні ў рамках Саюзнай дзяржавы.

Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў:

— Мы не можам існаваць як нейкі сацыяльны аазіс сярод агульнага свету. У Беларусі няма эканамічных магчымасцяў для захавання падобных ільгот. Пенсійны ўзрост трэба павышаць. Але трэба прадугледзець пенсійныя льготы, напрыклад для жанчын, якія нарадзілі і выхавалі хоць бы дваіх дзяцей. Такая палітыка спрыяльна адаб’ецца на дэмаграфічным становішчы ў краіне.

Герман Маскаленка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter