Как обычный шоколад становится предметом искусства

Партрэт у салодкіх тонах

Шакалад — самая вытанчаная прысмака, якую любяць амаль усе. Але звычайнай пліткай у квадрацікі ўжо нікога не здзівіш — майстры ідуць далей, пастаянна прыдумляючы розныя шэдэўры, якія так і хочацца з’есці. Часцей за ўсё імі толькі любуюцца і не ведаюць пра тонкасці такога цікавага мастацтва. Карэспандэнт «Р» зазірнула ледзь глыбей у свет салодкіх экспанатаў і сама паспрабавала намаляваць шакаладную карціну.

Майстар-клас для мяне праводзіць Міхаіл ФІЛІМОНАЎ.

Майстар-клас для мяне праводзіць Міхаіл Філімонаў, куратар выставы «Мастацтва шакаладу», якая нядаўна адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі. А дапамагаюць нам яго феі — Крысціна і Кацярына.

На квадратнай малочнай плітцы ўжо выціснуты контур будучага малюнка. Рабіць мілую панду з сэрцам у лапках буду белым, цёмным і ружовым шакаладам. Ён разліты ў тры цюбікі, але хутка цвярдзее, таму кожныя пяць хвілін памочніцы падаграваюць яго ў мікрахвалёўцы.

На квадратнай малочнай плітцы ўжо выціснуты контур будучага малюнка.

На самай справе маляваць я зусім не ўмею, але на хвілінку акунуцца ў бесклапотнае дзяцінства — з радасцю. Таму так-сяк запаўняю панду фарбай: мыску і жывот — белым колерам, вушкі, вочы і лапы — карычневым, а сэрца — пяшчотна-ружовым. Расходны матэрыял раз-пораз імкнецца выцячы і выпацкаць мне рукі, але не здаюся: апошні штрых — назву нашай газеты — выводжу асабліва акуратна.

На маю творчасць без усмешкі не зірнеш — зрэнкі расшыраныя, рот крывы, а хвосцік і зусім не на тым месцы.

На маю творчасць без усмешкі не зірнеш — зрэнкі расшыраныя, рот крывы, а хвосцік і зусім не на тым месцы. Затое вынікі працы сапраўдных прафесіяналаў зачароўваюць.

З салодкай масы можна зрабіць шмат чаго — ад маленькіх пірожных і ягад да раяля і Эйфелевай вежы. Міхаіл распавядае, што гэта мастацтва няпростае:



Раяль, Эйфелеву вежу і фламінга рабіць складаней — майстар адлівае асобныя часткі канструкцыі, разлічвае ўсё так, каб яна была ўстойлівай, і потым збірае экспанат па кавалачках.

— Спачатку майстар адлівае з сілікону патрэбную фігуру. Потым напаўняе яе шакаладам і дае застыць у маразільнай камеры. Напрыклад, для падрыхтоўкі пірожнага трэба 5 хвілін, а вось для панды ў натуральную велічыню — больш за гадзіну. Усе каляровыя фігуры зроблены з белага шакаладу, змешанага з фарбавальнікам. А вось, напрыклад, раяль або Эйфелеву вежу рабіць складаней — майстар адлівае асобныя часткі канструкцыі, разлічвае ўсё так, каб яна была ўстойлівай, і потым збірае экспанат па кавалачках.


Для падрыхтоўкі невялікіх прысмакаў трэба прыкладна 5 хвілін.


Пасля замарозкі шакаладныя скульптуры не растаюць, калі падтрымліваць у памяшканні тэмпературу не вышэй за 22—25 градусаў цяпла. Захоўваецца кожны выраб да трох гадоў.

glushko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter