Нацыянальны мастацкі музей распачаў новы музычна-мастацкі праект.

Партрэт у маштабе эпохi

Нацыянальны мастацкі музей распачаў новы музычна-мастацкі праект
Нацыянальны мастацкі музей распачаў новы музычна-мастацкі праект. Яго стваральнікі абяцаюць цыкл культурных адкрыццяў і сенсацый, якімі стануць знаёмствы з шэдэўрамі з калекцыі галоўнай мастацкай скарбніцы краіны.

Першым і толькі на чатыры дні са сховішча выйшаў парадны «Партрэт Міхала Казіміра Агінскага». Музычным аздабленнем для прэзентацыі славутага палатна сталі творы сям’і Агінскіх, выкананыя духавым аркестрам Capella Academia.

Міхал Казімір Агінскі (1728—1800) — дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, князь, генерал-маёр войскаў Вялікага Княства Літоўскага, вялікі гетман літоўскі, пісьменнік, кампазітар, мецэнат. Прадстаўнік старажытнага магнацкага роду Агінскіх, якія па сваім дабрабыце і ўплыве на палітычнае жыццё маглі параўнацца толькі з князямі Радзівіламі.

На шыкоўным і маштабным, амаль у два метры вышынёй, партрэце Міхал Казімір Агінскі прадстаўлены ў поўны рост. Тэатральнасць і дэкаратыўнасць кампазіцыі, урачыстаць і велічнасць паставы выдатна адпавядаюць зместу твора — услаўленне воінскай доблесці палкаводца.

— Аўтар партрэта, які быў заказаны ў 1755 годзе самім Агінскім, — знакамітая нямецкая мастачка польскага пахо-    джання Ганна Разіна Лішэўска. 27-гадовы Міхал Казімір пазіраваў ёй у Дрэздэне. Заказ быў зроблены з нагоды атрымання ім ордэна «Белага арла» — на той час вышэйшай дзяржаўнай адзнакі Польшчы, — расказвае гісторыю шэдэўра вядучы навуковы супрацоўнік музея Надзея Усава.

Пікантная падрабязнасць. Менавіта да Ганны Разіны Агінскі звярнуўся яшчэ і па той прычыне, што модная мастачка была блізкая да расійскага царскага двара, пісала саму Кацярыну ІІ. У імператрыцу Міхал Казімір быў закаханы і хацеў трапіць у лік яе фаварытаў, але пацярпеў фіяска.

Цікава, што год напісання і імя аўтара партрэта сталі вядомыя не адразу, на палатне не было подпісу. Выснову, што яго стварыла Лішэўска, зрабілі пасля таго, калі ўжо сучасныя мастацтвазнаўцы параўналі партрэт Агінскага з другім, які знаходзіцца ў адным з польскіх музеяў. Адрозненне было толькі ў тым, што той быў пакаленны, а не ў поўны рост, але пазначаны датай і імем мастака. Даследчыкі мяркуюць, што палатно, якое знаходзіцца ў нашым музеі, было напісана па ліку другім.

Паводле слоў Надзеі Усавай, пасля нацыяналізацыі партрэт быў вывезены з радавога слонімскага маёнтка Агінскіх і трапіў у Дзяржаўны гістарычны музей. У мастацкі музей, дакладней у тагачасную новаўтвораную Дзяржаўную карцінную галерэю, яго перадалі ў 1939-м.

Прыгоды працягнуліся і ў час Вялікай Айчыннай вайны. Разам з тысячамі іншых музейных экспанатаў партрэт вывезлі ў Германію. Але ў адрозненне ад шэрагу шэдэўраў яму пашанцавала вярнуцца назад на радзіму. Зноў спачатку ў гістарычны музей і толькі ў 1968-м — у мастацкі. 

Міхала Казіміра Агінскага часта блытаюць з Міхалам Клеафасам Агінскім. Магчыма, таму, што ў іх аднолькавыя прозвішчы і ініцыялы. Ці таму, што абодва былі выдатнымі кампазітарамі свайго часу. Яны — сваякі. З дзяцінства Міхал Клеафас часцяком гасцяваў пры слонімскім двары свайго дзядзькі Міхала Казіміра. Менавіта дзякуючы яму будучы аўтар знакамітага паланэза «Развітанне з Радзімай» далучыўся да класічнай музыкі.

Слынны дзяржаўны дзеяч і ваенны, Міхал Казімір Агінскі быў і вялікім аматарам мастацтваў. Невыпадкова і мянушка ў яго была Гетман-Кларнет, а Слонім у той час называлі палескімі Афінамі. У горадзе Міхал Казімір стварыў тэатр з опернай, балетнай і драматычнай трупамі, выдатны аркестр. Палескае мястэчка мела славу значнага культурнага цэнтра ўсёй Усходняй Еўропы. 

Міхал Казімір сам ствараў музыку, пісаў раманы і вершы, займаўся жывапісам. Іграў на скрыпцы, кларнеце, арфе. Прычым на арфе вельмі віртуозна. Ёсць звесткі, што захоплены яго выканальніцкім майстэрствам французскі філосаф і асветнік Дэні Дзідро мог слухаць музыканта-аматара аж па тры гадзіны запар. Ён жа папрасіў Агінскага напісаць артыкул пра арфу ў сваю знакамітую энцыклапедыю, бо той адмыслова ўдасканаліў гэты музычны інструмент.

Новы музычна-мастацкі праект будзе рэгулярным. Прэзентацыі музейных каштоўнасцей мяркуецца праводзіць штомесяц.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter