Выстава "Восеньскі салон": колькі каштуюць творы маладых мастакоў

Партрэт, пейзаж і вернісаж

Унікальны арт-праект «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам» у трэці раз пакажа ў Мінску шырокую панараму творчасці маладых мастакоў. Маштабная экспазіцыя адкрыецца ў Палацы мастацтва 6 кастрычніка.

Карціна «Алегорыя кахання» Крысціны МЕЛЬНІК выканана ў старажытнай тэхніцы ляўкас.

Прапановы на любы густ

Па выніках конкурснага адбору права ўдзельнічаць у фінальнай выстаўцы-продажы атрымаў 141 аўтар. Усяго арганізатарамі было разгледжана звыш 300 заявак.

У праекце прымаюць удзел мастакі ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў, грамадзяне нашай краіны, з работамі, створанымі за апошнія тры гады ў любых тэхніках і відах выяўленчага мастацтва: жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, фатаграфія, інсталяцыя. Акрамя таго, творы 37 аўтараў прадставяць 14 мастацкіх галерэй Мінска, Брэста, Віцебска і Гомеля. 

Куратар арт-праекта Аляксандр Зіменка ацэньвае маштаб мерапрыемства:

— Усяго на суд гледачоў і на продаж будзе выстаўлена амаль 600 твораў ад 178 нашых аўтараў. Акрамя таго, вернісаж дапоўняць работы французскіх мастакоў, прызёраў знакамітых парыжскіх Восеньскіх салонаў апошніх гадоў.

Дарэчы, азнаёміцца з прапановамі выстаўкі-продажу можна і зараз на сайце афіцыйнага партнёра «Восеньскага салона» artcenter.by. Там жа ў інтэрнэт-магазіне можна і пакупку зрабіць.

Куратар арт-праекта Аляксандр ЗІМЕНКА інтрыгуе: пераможцаў чакае сюрпрыз.

Дарагая бронза

Колькі каштуе? Зазірнула ў віртуальную галерэю. Ёсць прапановы да 500 рублёў, ёсць да 1000, а ёсць і ад 5000 рублёў.

Васіль ПЯШКУН, «Нацюрморт у бірузовых тонах».
Функцыянальная піяла для інтэр’ера са сталі і какосу «Ласуха» ад Паўла Малаткова — 140 рублёў, «Восеньская» карціна мастачкі Аксаны Шаляпінай — 126 рублёў, «Чырвоны трохкутнік» Алега Баклага — 280 рублёў. З даражэйшага: бронзавая статуэтка сабачкі «Шчасце» Ганны Дыдышка — 14 000 рублёў, карціна «Кахае — не кахае» Алесі Скарабагатай, дарэчы, уладальніцы прыза глядацкіх сімпатый на першым салоне, —  25 200 рублёў, а «Алегорыя кахання» Крысціны Мельнік — аж         56 000 рублёў. Гэты маштабны твор памерам амаль 2х4 метры складаецца з 13 частак, выкананы ў старажытнай тэхніцы ляўкас, так пішуць іконы з выкарыстаннем традыцыйнай яечнай тэмперы. 

Аляксандр Зіменка згаджаецца:

— Цэны розныя. Ёсць і сёлета работы даволі дарагія. І ў першую чаргу гэта звязана не з жаданнем аўтара прыцягнуць увагу да сваёй персоны, як тое было на першым салоне, а з тым, што выраб саміх работ, у прыватнасці скульптуры, для аўтара даволі дарагое капіталаўкладанне, таму бронзавае ліццё дорага каштуе ў любым выпадку.

Сюрпрыз для пераможцаў

Пераможцаў праекта па выніках выстаўкі вызначыць міжнароднае журы. У склад экспертаў запрошаны прызнаныя прафесіяналы ў галіне сучаснага выяўленчага мастацтва з Расіі, Украіны, Літвы, Францыі і Чэхіі.

А вось што чакае сёлетніх пераможцаў, пытанне пакуль без адказу.

На першым салоне лепшым маладым мастакам уручалі важкія грашовыя прэміі. На другім увага была звернута на дапамогу ў прасоўванні творчасці пераможцаў праекта за мяжой, і галоўнай узнагародай для іх стала магчымасць прадставіць свае работы ў Францыі на чарговым міжнародным Восеньскім салоне, які праходзіць на Елісейскіх Палях. Дарэчы, на будучым тыдні яны якраз і адправяцца ў Парыж.

Якім будзе заахвочванне на гэты раз, арганізатары трымаюць у тайне і раскрыць яе абяцаюць толькі ў час цырымоніі перад пачаткам Восеньскага салона. Спадар Зіменка адно інтрыгуе: будзе сюрпрыз, падыход да адзнак пераможцаў сёлета перагледжаны, і гэта звязана з тым, што ў класічным фармаце гэты салон завяршальны. Далей праект будзе расці і змяняцца.

Выстаўка-продаж працягнецца да 5 лістапада.

У ТЭМУ

Першы мінскі Восеньскі салон прайшоў у лістападзе 2015 года. З экспазіцыяй, якая ўключала творы 90 аўтараў, тады азнаёмілася больш за 10 тысяч чалавек, было прададзена каля сотні выстаўленых работ — 30% ад агульнай колькасці. Яркі поспех натхніў арганізатараў зрабіць выстаўку-продаж твораў маладых мастакоў штогадовай. 

У экспазіцыі 2016-га дэманстравалася каля 500 аўтарскіх твораў, у праекце прынялі ўдзел 162 мастакі, 9 мастацкіх галерэй. Больш за 50 работ знайшлі свайго пакупніка. Выстаўку-продаж наведалі каля 12 тысяч чалавек.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter