Намінант на Дзяржпрэмію мастацтвазнавец Барыс Крэпак працягвае вяртаць нам імёны славутых землякоў

Партрэт, намаляваны сэрцам

У лёсе знакамітага мастацтвазнаўца, заслужанага дзеяча мастацтваў, двойчы лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне» Барыса Аляксеевіча Крэпака, без перабольшання, адбілася ўсё мастацкае і творчае жыццё Беларусі апошняй трэці ХХ і пачатку XXI стагоддзя з яго ўзлётамі і падзеннямі. 


Барыс Крэпак пісаў пра нашых знакамітых землякоў, таленавітых людзей, сябраваў і творча супрацоўнічаў з імі. Яго героі — Леанід Шчамялёў, Віталь Цвірко, Аляксандр Кішчанка, Андрэй Бембель, Май Данцыг, Міхаіл Савіцкі, Алена Аладава, Уладзімір Толсцік, Барыс Аракчэеў, Уладзімір Мулявін, Міхаіл Пташук, Віктар Тураў, многія іншыя мастакі, музыканты, кінематаграфісты, словам, творцы з вялікай літары. Яны давяралі яму свае творчыя сакрэты, разважанні і самыя патаемныя думкi. Барыс Аляксеевіч умее выслухаць, вычленіць галоўнае, вызначыць прыярытэты, выставіць ацэнкі, нікога не крыўдзячы. У яго заўсёды была і ёсць свая прафесійная і маральная шкала.

Барыс Крэпак — аўтар каля 50 кніг, альбомаў, манаграфій, тысяч артыкулаў, нарысаў, рэцэнзій у беларускіх і замежных сродках масавай інфармацыі, асабліва ў газеце «Культура», дзе ўжо 22 гады ўзначальвае аддзел выяўленчага мастацтва. 

За апошнія гады яго бібліяграфія, акрамя манаграфій, як заўсёды, унікальных даследчых матэрыялаў, напрыклад яго ўспамінаў у фаліянце Людмілы Крушынскай пра песняра — «Уладзімір Мулявін. «Сэрцам і думамі...», узбагацілася двухтомнікам «Вяртанне імёнаў», кнігай «Завяшчанне нашчадкам» пра народных мастакоў Беларусі — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, манаграфіяй «Міхаіл Савіцкі. Чырвонае і чорнае» (з серыі «Героі Беларусі»), артыкуламі пра мастакоў Парыжскай школы...

Менавіта за стварэнне серыі кніг і альбомаў аб жыцці і творчасці дзеячаў культуры і мастацтва Барыс Крэпак вылучаны на атрыманне Дзяржаўнай прэміі 2016 года.

— Барыс Аляксеевіч, цяпер кожны карыстальнік інтэрнэту можа стаць крытыкам, выказаць сваё меркаванне. Але, пагадзіцеся, крытэрыі ацэнак, скажам, сённяшніх мастацкіх працэсаў крайне размыты. Цi не зменшылася ад гэтага значнасць прафесіі мастацтвазнаўца?

— На жаль, крытэрыі ацэнкі твораў, ды і выстаў у цэлым, даўно размытыя і  без інтэрнэту. Уласна, мастацтвазнаўства яшчэ цепліцца ў газетна-часопісна-выдавецкай прасторы, і прафесійныя напрацоўкі ў гэтай галіне ёсць. Але вось сур’ёзнага крытычнага аналізу сучасных мастацкіх працэсаў вельмі не хапае. А чаму? Адказ просты, як кола. Таму што няма ў нас прафесійнай мастацкай крытыкі — крытыкі ў меру аб’ектыўнай, доказнай, нязлоснай. Вось чаму згубіліся крытэрыі ацэнкi твораў: што такое добра ў творчасці і што не вельмі. Не звязаны напрамую з мастацтвам чалавек, які прыйшоў на выстаўку, не ведае, як вызначыць каштоўнасць таго ці іншага твора. Тым больш што прафесійныя анатацыі на выставах, як правіла, адсутнічаюць. Савецкія людзі «вывучалі» выяўленчае мастацтва ў асноўным па дрэнных рэпрадукцыях Шышкіна, Рэпіна, Айвазоўскага, Васняцова, Макоўскага. Для іх, зрэшты, як і цяпер, паняццi «кубізм», «сюррэалізм», «супрэматызм», «фавізм», «канцэптуалізм» і іншыя-іншыя «ізмы», акрамя, зразумела, сацрэалізму, за межамі чалавечага розуму. Натуральна, калі ў постсавецкай прасторы з’явілася вальнадумства і кожны мастак можа пісаць, ляпіць, маляваць усё, што душа пажадае, узнiкла, як на дражджах, столькі мастацкіх кірункаў, плыней, метадалогій, што чалавек, для якога, па сутнасці, і ствараецца мастацтва, наогул апынуўся ў поўнай разгубленасці. Як у джунглях, адкуль няма дарогi. Куды ісці, як глядзець, як разабрацца з усімі гэтымі «поп-артамі», «інсталяцыямі», «арт-аб’ектамі», «перформансамі», маляўнічымі «кампазіцыямі» пад нумарамі — ён не ведае. Вось вясной 2014 года ў Мінску адбылася выстаўка сучаснага мастацтва «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’ёму», на якой экспанаваліся сотні авангардных работ. Арганізатары казалі, што гэта ўнікальны праект, што мы, беларусы, нарэшце ўключыліся ў глабальны кантэкст еўрапейскай культуры і гэтак далей. А хто, акрамя спецыялістаў, сёння памятае гэтую выстаўку? І што ў выніку? Чаму так мала на ёй было людзей «з народа»? Так, няма каму яго, народ, гэта значыць, сёння накіраваць у патрэбнае для яго душы і розуму рэчышча. Прычын тут шмат, адна з якіх — адсутнасць мастацтвазнаўча-асветніцкай школы, той самай школы, асновы якой, дарэчы, зараджаліся ў Беларусі ў 1960—1980-я гады, але былі згублены...


 — У адным з інтэрв’ю вы казалі, што пасля Ленінграда пары «адлігі» мастацкі Мінск падаўся вам дастаткова невыразным...

— Восенню 1965 года тагачасная пастаянная экспазіцыя беларускага жывапісу ў Дзяржаўным мастацкім музеі мне падалася ў цэлым залішне змрачнаватай і па колеры, і асабліва па тэматыцы. І першым мастаком у Мінску, працы якога прыцягнулі мяне сваёй святланоснасцю і музыкай колеру, быў Леанід Шчамялёў.  У тым жа годзе ён паказаў сваю персанальную экспазіцыю ў Саюзе мастакоў на Ленінскім праспекце, 12. Я раптам убачыў такое пранізлівае святло і зямную радасць, такое захапленне жыццём на яго карцінах! Ніякай змрочнасці! Ніякай шэрасці! А яго на абмеркаванні гэтай выстаўкі так лаялі нашы аксакалы... Але, аказваецца, сонца ў Беларусі не менш яркае і цёплае, чым, скажам, у ван-гогаўскай Францыі ці сар’янаўскай Арменіі. Трэба толькі яго, гэта сонца, наша сонца ўбачыць і адчуць. Леанід Дзмітрыевіч гэта ўбачыў і свае пачуцці, эмоцыі мастака шчодра падарыў нам, гледачам...

Але што важна: менавіта з гэтага часу, з канца 1960-х, пачаўся якасны ўздым у беларускай выяўленчай культуры. Гэта час так званага суровага стылю, новага мастакоўскага погляду на свет, у якім жыве чалавек. Свет без фальшывага пафасу, свет зямной праўды і простай чалавечай любові. Імёны тых нашых творцаў сёння на слыху ва ўсіх, хто цікавіцца нацыянальным мастацтвам: народныя мастакі — той жа Леанід Шчамялёў, Міхаіл Савіцкі, Арлен Кашкурэвіч, Віктар Грамыка, Георгій Паплаўскі, Аляксандр Кішчанка, Уладзімір Стальмашонак, Анатоль Анікейчык, Леў Гумілеўскі і моладзь, якая да iх далучылася: ад Васіля 

Сумарава да Зоі Ліцвінавай. А вазьміце манументальнае мастацтва таго часу: мемарыяльныя комплексы «Хатынь», «Брэсцкая крэпасць-герой», «Курган Славы», выдатныя мазаікі, фрэскі, вітражы, габелены, пра якія ў савецкай прэсе не пісаў толькі лянівы...

 — Барыс Аляксеевіч, а калі вы задумаліся над стварэннем кнігі «Вяртанне імёнаў»?

 — Гэта вельмі цікавая гісторыя. У Ленінградскім універсітэце на першым і другім курсах у мяне быў педагог Леў Мікалаевіч Гумілёў, сын выдатных паэтаў Мікалая Гумілёва і Ганны Ахматавай. Ён вёў у нас факультатыў па тэме «Этнагенезіс» і «Тэорыя пасіянарнасці». Незадоўга да яго смерці, ужо пасля сваёй вучобы, я выпадкова сустрэў Льва Мікалаевіча ў Маскве, у Трацякоўцы. Пагаварылі пра тое-сёе, і ён сказаў прыкладна такую фразу: «Беларусы, вы такі дзіўны народ: столькі духоўных каштоўнасцей вы раздарылі чужым краінам, ці не пара іх вам вяртаць на сваю зямлю». Тады я не надаў гэтай фразе асаблівага значэння, але яна засела ў мяне ў памяці.

І ў канцы 1980-х, яшчэ не думаючы пра тое, у што гэта выльецца, я пачаў збіраць матэрыялы пра мастакоў, якія выйшлі з этнічнай беларускай зямлі. Іх аказалася досыць шмат. З пачатку 1990-х у газеце «Культура» стаў публікаваць гэтыя матэрыялы. Напісаў тады пра невядомага ў нас Хаіма Суціна, родам са Смілавічаў, потым пра Валенція Ваньковіча, Сяргея Заранку, Міхася Башылава — першага ілюстратара «Вайны і міру» Л. Талстога, пра Яўсея Маісеенку, Георгія Ніскага, Рамана Семашкевіча, Восіпа Цадкіна, Эля Лісіцкага, Канстанцiна Геду і іншых. Усяго 80 герояў у гэтай дылогіі. У 2013—2014 гадах у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшлі першы і другі тамы. Зараз працягваю збіраць матэрыялы па той жа тэме. Хочацца ўспомніць выдатныя імёны, прычым не толькі мастакоў, але і іншых дзеячаў культуры, якія нарадзіліся на нашай зямлі, якіх мы страцілі. Мне здаецца, прыйшла пара разумення таго, што гэтыя людзі — наш патэнцыял. Пара ўсё ставіць на сваё месца, бо хто гэта зробіць, калі не мы. Прыйшоў час «забыць» у дачыненні да нашай краіны сентэнцыю евангеліста Іаана: «Няма прарока ў сваёй айчыне»...

Фота Юрыя ІВАНОВА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter