Партнёрства пачынаецца з даверу

Што неабходна для паспяховага бізнесу?
Што неабходна для паспяховага бізнесу? Адказаў можа быць мноства, але ўсё пачынаецца з безумоўнага даверу партнёраў адзін да аднаго. У гэтым кантэксце беларуска-кітайскія адносіны могуць служыць узорам у сусветнай дыпламатыі. За гістарычна кароткі адрэзак часу Мінск і Пекін выйшлі на ўзровень усебаковага стратэгічнага партнёрства і цяпер гатовыя паскорыць тэмпы супрацоўніцтва, падключыўшы да яго рэгіёны. Пацверджаннем таму стала сустрэча Прэзідэнта з дэлегацыяй Народнага ўрада правінцыі Хунань на чале з Ху Хэнхуа.


Фота БелТА

 Зрэшты, слова “правінцыя” тут не зусім дакладна адлюстроўвае маштабы патэнцыйных кантрактаў. У гэтым рэгіёне на паўднёвым усходзе Кітая пражываюць амаль 70 мільёнаў чалавек, у паўтара раза больш, чым ва Украіне. А ўзровень ВУП дасягае 450 мільярдаў долараў, што ў шэсць разоў больш за наш. Упускаць такі рынак проста неразумна. А таму, звяртаючыся да гасцей, Аляксандр Лукашэнка не мог не падкрэсліць значнасць моманту:

— Ваш цяперашні візіт носіць асаблівы характар. Ён праходзіць напярэдадні запланаванай на верасень нашай сустрэчы на вышэйшым узроўні са Старшынёй КНР Сі Цзыньпінам. Гэтыя перагаворы павінны пакласці пачатак якасна новаму этапу кітайска-беларускага партнёрства — рэалізацыі поўнамаштабных інвестыцыйных праектаў, што спрыяльна паўплывае на работу дзелавых колаў правінцыі Хунань і рэгіёнаў Беларусі.

Застрэльшчыкам такога супрацоўніцтва ўжо выступіла кітайская кампанія Zoomlion. Гэта транснацыянальная карпарацыя з сусветным іменем і перадавымі тэхналогіямі. Спецыялізуецца на вытворчасці спецтэхнікі для сельскай гаспадаркі, энергетыкі, будаўнічай галіны і мае даччыныя прадпрыемствы і даследчыя інстытуты ў 80 краінах. У Беларусі кампанія працуе ўжо больш за год. Уражанні аб краіне самыя добрыя. Адсюль і жаданне працягваць інвеставанне. Нараўне са стварэннем доследных узораў будаўнічай і камунальнай тэхнікі на базе шасі МАЗаў пачалася рэалізацыя сумесных праектаў з удзелам МТЗ і “Гомсельмаша” па пашырэнні мадэльнага рада тэхнікі як для еўрапейскага, так і азіяцкага рынкаў. Прычым у большасці сваёй гэта будзе прынцыпова новая для нас тэхніка. Кітайскія партнёры не супраць замацавацца ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку “Вялікі камень”. У бліжэйшыя пяць гадоў плануецца рэалізаваць праект па вытворчасці пажарных машын. Прэзідэнт таксама прапанаваў развіваць прамысловы патэнцыял Магілёўскай вобласці з прыцягненнем вядучых прадпрыемстваў правінцыі Хунань. Выгада ўзаемная: нашы заводы атрымліваюць так неабходныя інвестыцыі для развіцця, а Кітай пашырае сваю прысутнасць у краінах Еўразійскага саюза і Еўропы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка цвёрда паабяцаў:

— Мы гарантуем кітайскім кампаніям максімальна спрыяльныя ўмовы гаспадарання.

Такія гарантыі, ды яшчэ ад першай асобы дзяржавы, жадае чуць кожны інвестар. І той, хто ўжо прыйшоў у нашу краіну і сумленна працуе, напэўна аб гэтым не шкадуе.

Яўген Канановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter