
Нядаўна тут адбылася нечаканая прэм’ера — цікавая версія вядомай камедыі Мальера “Не па сваёй ахвоце лекар” у пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра Уладзіміра Савіцкага. У лепшым сэнсе у гэтым спектаклі ўвасоблены фірмовы стыль ТЮГа: пераклад Рыгора Барадуліна, мастаком выступіла таленавітая Валянціна Праўдзіна, цікавую і вельмі сучасную харэаграфію прапанавала вядомы харэограф Дзіна Юрчанка.
Але галоўную асалоду атрымліваеш, калі назіраеш за акцёрскімі пераўтварэннямі. Рэжысёр Савіцкі запрасіў трупу “пахуліганіць”, і кожны выканаўца існуе ў вельмі эксцэнтрычным малюнку, што ўсё разам толькі насычае рознымі колерамі спектакль. Кожную хвіліну не ведаеш, чаго чакаць ад герояў. Усе яны тут легкадумныя французы, у якіх толькі каханне ды грошы ў галаве.
Лаўрэат II Нацыянальнай тэатральнай прэміі Аляксандр Палазкоў, які выконвае ролю Зганарэля, спачатку іграе ахвяру абставін: яго, ціхага збіральніка смецця, прымаюць за вядомага лекара! Але потым уваходзіць у густ такой змены лёсу.
У нейкі момант нават здаецца, што Зганарэль сам паверыў у тое, што ён медыцынскі свяціла. Але цяжка не паверыць у такое, калі кожнае тваё слова пакорліва гатовы выслухаць гарадскі галава Жаронт (Мікалай Лявончык), а яго дачка Люсінда (Лізавета Шукава) закахалася ў цябе і з усіх бакоў ты чуеш толькі кампліменты...
Канешне, снобу-заўзятару такая гульня ў фарс, можа, і не прыйдзецца даспадобы. Вельмі цікавая думка вядомага французскага гісторыка і пісьменніка Жоржа Барданова з гэтай нагоды прыводзіцца ў праграмцы: “Сюжэт п’есы “Не па сваёй ахвоце лекар” узяты з сярэднявечнага фабліа “Вілан-лекар”... З першага спектакля — велізарны поспех. Буало ды іншыя знаўцы моршчацца, але партэр у захапленні... Дзеянне камедыі вылучаецца надзвычайнай прастатой, амаль прымітыўнасцю і надзіва рэдкай непраўдападобнасцю. Персанажы — размаляваныя крыклівымі фарбамі лялькі з вясёлымі тварыкамі. Замест псіхалогіі — па-сялянску няўклюднае, дзіцячае свавольніцтва. Але ў гэтым фарсе — вяртанне да вытокаў. Тут адчуваеш жыццярадасны дух нашых бацькоў...”

Цяпер зразумела, што гэтае вяртанне да камедыйных вытокаў і было асноўнай мэтай Уладзіміра Савіцкага. Ён прапанаваў гледачу яскравае відовішча, іранічнае і гарэзлівае, але кожная дэталь тут працуе на агульны змест. Гэта нясумна і вельмі смешна, часам нават не ведаеш, як рэагаваць. Калі дарослыя людзі вядуць сябе сапраўды як малыя дзеці, неяк губляешся. На такую прастадушнасць гатова толькі вельмі самадастатковая трупа. У гэтай прастадушнасці — вялікая ачышчальная моц. Усё часцей наш тэатр, наадварот, хоча паказацца разумнейшым, чым ён ёсць.
І вось з’яўляюцца ў нас рэбусы, не зразумелыя нікому, акрамя самога пастаноўшчыка і яго верных прыхільнікаў. Але глядач, крытык павінны ўглядацца ў гэтую фантазію, знаходзіць там падставу для нейкіх разваг. А аўтар фантазіі сядзіць побач і толькі пасмейваецца.
І ўжо на наступны дзень бяжыць у сацыяльныя сеткі, каб абрынуцца на ўвесь свет: “Мяне не зразумелі!..”
Быць зразумелым, прастадушным у наш час цяжэй, чым заставацца незразумелым. Незразумелым быць лёгка. Можна сысці за інтэлектуала. ТЮГ прапанаваў гледачу дробязь, жарт, але ў ім адчуваецца такое вольнае паветра, што можна быць натхнёным ім некалькі дзён. У спектаклі няма ніякага дыктату ў дачыненні да залы — Савіцкі не прымушае нас верыць у тое, што адбываецца на сцэне. Здаецца, ён сам у захапленні ад такой прастаты, напору і непраўдападобнасці, пра якую пісаў французскі гісторык. Канешне, нехта і будзе бачыць толькі гэты першы план — прыгожыя ногі Люсінды, яе абдымкі з галоўным героем, непаўторны французскі гумар, — але мне здаецца, што большасць усё ж такі задумаецца. Ці не адбываецца ў жыцці так, што нас прымаюць не за тых, кім мы з’яўляемся? І павінны доўгі час (калі не ўсё жыццё) выконваць чужую ролю. Мальер пісаў пра ідэнтычнасць самому сабе, пра наша невынішчальнае пакланенне перад чынамі і званнямі. А колькі сёння ў нас развялося “па сваёй ахвоце лекараў”, усялякіх шарлатанаў, якія гатовы вылечыць любую хваробу самым эксцэнтрычным спосабам, — толькі плаці! І вось мы ўжо маем сапраўдны феномен, пра які нам кажуць СМІ і Андрэй Малахаў. Але потым высвятляецца, што ў такого феномена няма ні дыплома, ні медыцынскай адукацыі.
Таму “Не па сваёй ахвоце лекар” — гэта яшчэ і спектакль-папярэджанне. Не трэба вельмі ўражвацца “аўтарытэтамі”, пра якіх вы даведаліся з чужых вуснаў.
pepel@sb.by