Парнас для гарадоцкіх талентаў

Невыпадкова на гербе, які быў падараваны Гарадку ў XVI стагоддзі, ёсць выява льва на залатым полі. Цар звяроў сімвалізуе мужнасць жыхароў гэтага паўночнага краю Беларусі, якія змагаліся за сваю незалежнасць “акі львы”. І сёння Гарадоцкі раён здзіўляе сваімі непаўторнымі краявідамі, маляўнічымі ландшафтамі, багатымі традыцыямі і арыгінальнымі праектамі. Чаго вартая ідэя стварыць аптова-лагістычны цэнтр у Езярышчы?! А калі на поўную моц раскруціцца ў аграгарадку Віраўлі гаспадарка з інвестыцыйным капіталам “Дзецкасельскі-Гарадок”, гэты куток стане яшчэ больш прыцягальным для замежных гасцей.

Невыпадкова на гербе, які быў падараваны Гарадку ў XVI стагоддзі, ёсць выява льва на залатым полі. Цар звяроў сімвалізуе мужнасць жыхароў гэтага паўночнага краю Беларусі, якія змагаліся за сваю незалежнасць “акі львы”. І сёння Гарадоцкі раён здзіўляе сваімі непаўторнымі краявідамі, маляўнічымі ландшафтамі, багатымі традыцыямі і арыгінальнымі праектамі. Чаго вартая ідэя стварыць аптова-лагістычны цэнтр у Езярышчы?! А калі на поўную моц раскруціцца ў аграгарадку Віраўлі гаспадарка з інвестыцыйным капіталам “Дзецкасельскі-Гарадок”, гэты куток стане яшчэ больш прыцягальным для замежных гасцей.

Аграгарадок Бычыха

Полюс холаду

Сярэднегадавая тэмпература ў Гарадоцкім раёне ніжэй, чым дзе-небудзь у краіне. На метэастанцыі ў Бычысе, што за 20 кіламетраў на поўнач ад самога Гарадка, у студзені 1940 года было зафіксавана 41,5 градуса марозу. Дарэчы, назвы навакольных вёсачак гавораць самі за сябе: Студзёнка, Дражакі, Мехавое. У 1955 годзе метэастанцыю з Бычыхі перанеслі ў Езярышча. Начальнік станцыі Алена Гулава прыгадвае марозны студзень 2000-га: мінус 35! Усё тлумачыцца тым, што халоднае арктычнае паветра прыходзіць на Беларусь менавіта праз Гарадоцкі раён, які першым яго сустракае. Снег на Гарадоччыне ляжыць даўжэй, чым у іншых раёнах. Таму нават у сакавіку тут праводзяць свае спаборніцтвы лыжнікі з усёй краіны.

Гарадок

Народныя паясы ад Наталлі Юшковай

Майстар па ткацтву паясоў Гарадоцкага дома рамёстваў і фальклору Наталля Юшкова захапілася старадаўняй традыцыяй ткаць паясы адразу ж, калі пасля заканчэння інстытута пазнаёмілася з вядомай гарадоцкай майстрыхай Нінай Міхайлаўнай Каралько.
— Але ў нашым музеі я ўзялася вывучаць менавіта гарадоцкія паясы, каб распрацаваць свой адметны ўзор. Затым паехала ў экспедыцыі, — распавядае Наталля. — Знайсці тых, хто памятае пра тканыя паясы, было даволі складана. Бо ўжо напачатку ХХ стагоддзя паясы ў нас адышлі з ужытку. Пасля рэвалюцыі паясы страцілі сваю каштоўнасць. Мая бабуля гаварыла, што апошні, хто ткаў паясы, была яе бабуля. Яна ткала паясы ад сцяны: у сцяну ўбівалі цвік, да якога прывязвалі шарсцяныя ніткі, пераважна з воўны. Выбарнае ткацтва вызначалася тым, што кожную нітку перабіралі рукамі, а нітак вельмі многа, гэта цяжкая праца.
Пояс лічыцца не проста элементам адзення, гэта абярэг. Адзін з даследчыкаў побыту беларусаў пісаў: “Уважлівы мужчына бяз пояса не пераступіць парога сваёй хаты і не з’явіцца на вуліцы, а жанчыны носяць на поясе свій андарак, спадніцу і хвартух”. Лічыцца, што павязванне пояса азначае гатоўнасць да дзеяння і здольнасць гэта дзеянне ажыццявіць. Менавіта Гарадоччына найбольш ярка вызначаецца арнаментальным пляценнем паясоў.

Возера Ціоста

Вадзяны арэх — смачна і карысна

Гэта рэліктавая расліна занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі. Яе яшчэ называюць чылім. Яна плавае па паверхні возера, нагадваючы дрэйфуючыя астраўкі. Сталая папуляцыя вадзянога арэха сустракаецца ў ніжнім цячэнні ракі Аўсянкі, на азёрах Ціоста, Азёркі. Дарэчы, апошняе называюць самым арэхавым возерам. Гэтыя мясціны знаходзяцца пад аховай дзяржавы як помнікі прыроды.
Вадзяны арэх — травяністая аднагадовая расліна з плаваючым сцеблем мае лісцевую разетку, на якой можа ўтрымлівацца да 10—20 пладоў. Яе тэрыторыя — ціхая завадзь з чыстай вадой.
Людзі здаўна ўжывалі вадзяны арэх як істотную дабаўку да свайго рацыёну. Зараз вучоныя гавораць пра ўвядзенне вадзянога арэха ў аквакультуру.

Езярышча

Замак на паўвостраве

Ад былога замка захавалася замчышча. Гэта за 3 кіламетры на ўсход ад сучаснага Езярышча, на паўвостраве вялікага возера з аднайменнай назвай. Адзін з нямногіх помнікаў ваеннага дойлідства эпохі развітога феадалізму на тэрыторыі паўночнай Беларусі, якія маюць здавальняючую археалагічную захаванасць. На думку вядомай даследчыцы Прыдзвінскай даўніны Вольгі Ляўко, чатырохвугольная пляцоўка замчышча сведчыць пра сістэму планіроўкі крэпасцей ХІV—ХVІ стагоддзяў. Да нашых дзён дайшло апісанне ўмацаванняў Езярышчанскага замка ў пісьмовай крыніцы з часоў Лівонскай вайны, калі войскі цара Івана Грознага штурмавалі непрыступную фартэцыю (1565 год).

Кузьміно

Станцыя ў казённым гатычным стылі

Паштовая станцыя ў Кузьміно, што на Гарадоцкім адрэзку магістралі Пецярбург — Адэса, з’яўляецца помнікам архітэктуры першай паловы ХІХ стагоддзя. Зараз тут вядзецца поўная рэстаўрацыя, заказчыкам якой выступае прадпрыемства “Віцебскаблаўтадор”. Так што з часам былая слава да станцыі, якая гасцінна прымала падарожнікаў, вернецца. Прыдарожны сэрвіс, насамрэч, застаецца актуальным ва ўсе часы.  Цікава, што падобныя збудаванні з’явіліся пры шашэйных дарогах у сярэдзіне ХІХ стагоддзя па адзіных тыпавых праектах. Галоўны будынак падзелены на дзве часткі сенцамі: па левы бок — пакоі для прыезджых, па правы — кватэра дазорцы, кухня і пакой для афармлення падарожных. У глыбіні двара былі размешчаны флігель для фурманаў, свіран з падвалам і карэтная паветка. У архітэктуры будынка спалучаюцца элементы псеўдаготыкі і класіцызму.

Астраўляны

На радзіме аўтара “Тараса на Парнасе”, альбо Выклік ананімнасці

Неўміручую паэму ведаюць, чытаюць тут амаль што ўсе. А якія літаратурна-краязнаўчыя чытанні ладзяць — парнасаўскім багам на зайздрасць!
Лёс гэтага твора, які, безумоўна, называюць вяршыняй беларускай літаратуры, такі ж інтрыгуючы, як і ягоныя фабула і арыгінальны стыль.
З сярэдзіны ХІХ стагоддзя паэма распаўсюджвалася вусна і ў рукапісах, а ўпершыню была апублікавана ў газеце “Минский листок” у 1889 годзе. Гісторыкі літаратуры доўгі час думалі-гадалі, хто ж аўтар ананімнага твора? Версій было шмат. Пакуль апошнюю кропку не зрабілі літаратуразнаўцы В.Скалабан і Г.Кісялёў, якія знайшлі ранні спіс паэмы з паметкай: “Канстанцін Вераніцын, 15.4.1855, Гарадок”. Гэта было невядомае ў літаратуры імя.
Архіўныя пошукі высветлілі, што Канстанцін Вераніцын нарадзіўся ў Астраўлянах пад Гарадком у 1834 годзе ў сям’і прыгонных сялян. У 1851 годзе атрымаў вольную і прыпісаўся ў гарадоцкія мяшчане. Вучыўся ў Гарадку, Віцебску, Пецярбургу, а ў 1859 годзе бліскуча скончыў Горы-Горацкі земляробчы інстытут, напісаўшы дысертацыю “О белорусском хозяйстве”. За подпісам Канстанціна Вераніцына да нас дайшла таксама выдатная беларуская сатырычная паэма “Два д’яблы”.  Папулярнасць “Тараса на Парнасе” з часу яе напісання была незвычайнай: паэму чыталі амаль у кожнай хаце. Твор пра палясоўшчыка Тараса перакладзены на рускую, украінскую, нямецкую ды іншыя мовы.  Канчатковае вяртанне імені Канстанціна Вераніцына на радзіму адбылося напрыканцы ХХ стагоддзя, калі ў Гарадку прайшлі першыя навукова-літаратурныя чытанні, а каля краязнаўчага музея ўстанавілі памятны знак у гонар паэта і яго паэмы. Адпаведны знак тады паставілі і ў вёсцы Астраўляны.

Вараб’ёвы горы

259 метраў над узроўнем мора

Унікальны ландшафтны комплекс азёр і ўзгоркаў пачынаецца яшчэ ў межах Гарадка. А называюцца Вараб’ёвы горы ў памяць пра былога ўладальніка гэтых зямель — пана Вараб’ёва.
Уся прыродная тэрыторыя ў 60 гектараў была дасканала даследавана юнымі натуралістамі гарадоцкай СШ №1 пад кіраўніцтвам настаўнікаў Марыны Цімафеевай і Таццяны Баранавай. Іх праект атрымаў спецыяльны прыз на юніёрскім лясным конкурсе, які праходзіў у мінулым годзе ў Маскве. Вараб’ёвы горы ўключаюць гідралагічны комплекс з пяці азёр: Арэхавае, Шчарбакоўскае, Жабініца, Святое і Лугавое. На лясных узгорках і палянах сустракаецца мноства лекавых раслін. На маршрутах юннатаў — хаткі баброў, сляды выдры, амерыканскай норкі, гарнастая, андатры. Рэльеф спрыяў стварэнню тут спартыўна-аздараўленчага комплексу. Звычайна зімой тут ладзяць турніры і лыжныя спаборніцтвы, трэніруюцца каманды нацыянальнай лыжнай зборнай. А яшчэ ў гэтых найпрыгажэйшых мясцінах часта збіраюцца турысты. Мінулым летам на дзіцячы турыстычны злёт прыехала каля 600 удзельнікаў з краін СНД.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter