Как в Минске производят гигантские фигуры доисторических животных и сказочных героев для Голливуда и парков развлечений со всего мира

Парк мiнскага перыяду

Яны не вымерлі! Вялізныя, масіўныя дыназаўры ўсіх відаў і расфарбовак глядзяць на мяне зверху ўніз: тыраназаўр выскаліўся ўсімі сваімі зубамі, птэрадактылі звісаюць са столі, быццам лятаюць над галавой... Гэта не сон, а пляцоўка адной з мінскіх вытворчасцей самых незвычайных вырабаў — гіганцкіх атракцыёнаў, тэматычных дэкарацый і аніматронных фігур звяроў і птушак. Неймаверныя вырабы, якія могуць рухацца і размаўляць, ствараюць у Мінску. Пасля яны ўпрыгожваюць сабой забаўляльныя паркі, арэны, гасцініцы, казіно і іншыя месцы па ўсім свеце. Іх стваральнікі ці то жартуючы, ці то сур’ёзна кажуць: «Нават не ведаем забаўляльных паркаў у свеце, дзе няма нашых работ». Карэспандэнт «Р» даведалася аб усiх падрабязнасцях.

Дыназаўры могуць гаварыць на розных мовах, рухаць сківіцай, лапамі, вачыма, хвастом, вуснамі.

Пластыка форм

У цэхах па вытворчасці такіх дзіўных штучак цяпер кіпіць праца. Робяць новы атрад наземных пазваночных жывёл з мезазойскага перыяду — гэта значыць, дыназаўраў для новага парку, які восенню адкрыецца ў Мінску.

— Зрабіць дыназаўра або якую-небудзь іншую фігуру — адна і тая ж задача. Спачатку мы малюем эскіз. Затым па ім ствараем 3D-мадэль. Апошняя — важнейшая аснова ўсяго вырабу. У ёй бачныя прапорцыі, паказана, як зрабіць размалёўку, прапрацаваць кожны элемент. Ужо на базе мадэлі робім тэхнічнае заданне,
— расказвае Аляксандр Лукашэвіч, намеснік дырэктара прадпрыемства.

З якіх матэрыялаў робяць фі­гуры? У асноўным выкарыс­тоўваюць шклапластык. Для гэтага закупляюць нятанную спецыяльную смалу, шкловалакно. Важна, каб кожны выраб быў нетаксiчным і негаручым.

— Вось, напрыклад, бачыце дрэва, — Аляксандр паказвае на прыгожы ствол, пакуль побач на нас глядзяць быццам з фільма «Парк юрскага перыяду» Стывена Спілберга дыназаўры розных вiдаў. — Яго мы зрабілі з пенапласту, пакрылі супрацьпажарным растворам, размалявалі, і атрымаўся выраб, які намнога танней за шклапластык. А вось каб зрабіць са шклапластыку, нашым майстрам неабходна было б вылепіць фігуру са скульптурнай гліны або пластыліну, затым зняць матрыцы формы, а з формы — адбіткі... Увогуле, атрымалася б даражэй у дзесяць разоў, але практычней.

З чаго і што будуць рабіць майстры — залежыць ад пакупніцкай здольнасці заказчыка. Мала зрабіць добрую фігуру, трэба яшчэ ў бюджэт укласціся.

— Нядаўна рабілі заказ для парку ў Крыме. Аніматронныя вырабы маюць сваю спецыфіку: для іх павінна ўсё быць з нержавейкі — там марское паветра. Адпаведна, кошт вырабу ў разы будзе даражэйшы, — тлумачыць Аляксандр Лукашэвіч. — Колькі часу мы будзем рабіць заказ, залежыць таксама і ад таго, статычны ён ці павінен рухацца.

Дасведчаныя канструктары — галоўны гонар вытворчасці. Менавіта пасля таго, як узгоднены 3D-мадэль, форма, размалёўка, задача пераходзіць да іх. Майстры разлічваюць нагрузкі на выраб, каб ён стаяў роўна, не ўпаў. Пасля ствараюцца матрыцы. Фігура спачатку лепіцца ў поўную велічыню са скульптурнага пластыліну. Напрыклад, для казіно Лас-Вегаса рабілі 6-метровага пеўня. Мастакі і скульптары зляпілі яго ў рэальную велічыню. Аляксандр Лукашэвіч працягвае:

— Тады нам сказалі, што ён будзе стаяць у цэнтры залы, таму павінен быць няцяжкім. Для яго таксама не патрэбны былі антывандальныя формы, таму што меркавалася, што на яго не будуць сядаць, — ён ствараецца для ўпрыгожвання. «Хай будзе прасцейшым, але вялікім». Што ж, зрабілі мы пеўня з пенапласту, склеілі, пакрылі супрацьпажарнымі кампанентамі, спецклеем, размалявалі. Пасля мы праграмавалі ўсю сістэму, тэсціравалі. Самае цікавае, на яго паверхню неабходна было прымацаваць 48 тысяч стразаў, якія пад пражэктарамі свяціліся б. Два тыдні пяць чалавек клеілі гэтыя стразы... Каб перавезці пеўня ў ЗША, прыйшлося яго адпраўляць кантэйнерамі. Меркавалася, што певень прастаіць там усяго 2 месяцы. Аднак ён там і цяпер, вельмі спадабаўся заказчыку.

Аніматронны атракцыён — лялечны аркестр сабак-манекенаў. 

Камплектуючыя для дыназаўра

Каб зрабіць усяго адну фігуру, майстрам патрэбна шмат часу. Кожны элемент, зазубіна на тым жа дыназаўры не выпадковасць, а вывераная дэталь. Аляксандр прыводзіць прыклад: каб зрабіць камплект з 12 дыназаўраў, спецы­ялісты працавалі 4 месяцы.

— Важна таксама і тое, каб усе кантролеры, поршневая сістэма працавалі вельмі добра. Дастаўляючы выраб у Індыю ці Кітай, Грузію ці Казахстан, мы не можам прыязджаць і рамантаваць яго па першай просьбе. Таму даўно засвоілі, што лепш купляць дарагія элементы для аніматронікі і тады нічога ламацца не будзе.

Гэта шмат у чым і адрознівае нашага вытворцу ад, скажам, кітайскага — зразумела чаму. Асноўныя ж канкурэнты беларускай вытворчасці – японцы, еўрапейцы і амерыканцы. Наша перавага ў тым, што якасныя вырабы робім танней. Напрыклад, амерыканскі дыназаўр ростам 4—5 метры будзе каштаваць каля 50—100 тысяч долараў! Велізарныя грошы!

Такі дракон з Беларусі стаіць зараз у Ганконгу.
— Кошт залежыць і ад пра­працаванасці дэталяў. Яны могуць зрабіць за велізарныя грошы дыназаўраў, у якіх будзе працаваць міміка, — прыводзіць прыклад Аляксандр Лукашэвіч і падводзіць нас да аніматроннага атракцыёна — лялечнага аркестра сабак-манекенаў. Яны быццам бы іграюць на музычных інструментах, спяваюць і забаўляюць дзяцей у парку. — Мы, напрыклад, рабілі вялікую фігуру малпы ў Кітай, гіганцкіх матылёў для Паўднёвай Амерыкі, а самы незвычайны выраб — слана, які ездіць на веласiпедзе па канаце, зрабілі для цырка Індыі. Стварылі таксама для Галівуда 6-метровага тыраназаўра, а для бізнес-цэнтра ў Ганконгу — вялізнага дракона. Усе канцэпцыі, дызайн-праект, інжынерыю, дэкарацыі, аніматроніку, кіраванне, праграмнае забеспячэнне, светлавое і гукавое забеспячэнне, устаноўку мы рабілі самі. Такога шматфункцыянальнага комплексу работ з пачатковым і канечным цыклам па нашай тэматыцы ў СНД больш ніхто не мае.

Дарэчы, а пачалося ўсё 28 гадоў таму, у 1990-я, калі кампанія інжынераў вырашыла заняцца такой цікавай і вясёлай тэмай, як дзіцячыя атракцыёны. Пачалі з невялікага забаўляльнага цэнтра ў парку Чалюскінцаў у 1996 годзе, дзе выстаўлялі гульнявую тэхніку для дзяцей. Потым аздобілі дзіцячыя цэнтры дэкарацыямі анiматронных дыназаўраў. Але наведаўшы не адну замежную выставу, зразумелі, што сучасным дзецям недастаткова, каб дыназаўры і іншыя звяры проста рыкалі, трохі рухалі лапамі і галавой. Ім трэба больш. Ім патрэбны тэхналогіі.

— Мы набраліся вопыту, даведаліся пра новыя тэхналогіі, пачалі эксперыментаваць, і ў выніку ў нас сталі атрымлівацца такія прадукты, якія мы пачалі вазіць на выставы і заваёўваць замежны рынак, — кажа Аляксандр Лукашэвіч. — За гэты час мы паставілі прадукцыю для ўсёй Еўропы, Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі, Японіі, Кітая, Індыі, СНД. Усюды ёсць дзеці, паркі і атракцыёны. Воляй-няволяй мы ўсе становімся ўдзельнікамі індустрыі забаў. Уявіце, які каласальны аб’ём фінансаў у гэтым сектары круціцца? Велізарныя грошы! Калі мы бяром кінаіндустрыю, то ведаем, што «Оскар» — адна з вышэйшых узнагарод. У сегменце забаўляльных паркаў тая ж гісторыя: там таксама ёсць самыя вядомыя вытворцы і ўплывовыя фігуры, якія займаюцца паркамі. І таксама ёсць свае спаборніцтвы — хто зробіць лепш, хто здзівіць, хто запросіць у сваю краіну, у парк больш людзей. ЗША пакуль з’яўляюцца эталонам у індустрыі забаў — у іх велізарныя паркі, якія вядомыя ва ўсім свеце.

А цяпер уявіце сітуацыю: у 2017 годзе на самым прэстыжным у індустрыі забаў конкурсе IAAPA Brass Ring Awards лепшым сямейным забаўляльным цэнтрам свету выбралі менавіта мінскі парк, які стварылі героі гэтага матэрыялу. Усе тыя дыназаўры, казачныя героі, дзіўныя дэкарацыі, якія робяць у Мінску, сталі лепшымі! Вядома, справа не толькі ў інавацыях, якія прыўнеслі ў вырабы інжынеры. Не меньш важны падыход да дзяцей, праграмы, стварэнне атмасферы закінутага свету, што не толькі забаўляе малых, але і навучае праз гульню.

Так, для таго, каб свята жыло і ў нашай краіне, каманда вырашыла стварыць свой парк — сямейна-забаўляльны, дзе ўсё інтэрактыўнае. Тут кожныя 3 гадзіны, як па чараўніцтве, увесь інтэр’ер ажывае і пачынаецца тэатралізаванае комплекснае інтэрактыўнае дзейства.

— Нам застаецца толькі даганяць такія краіны, як ЗША, дзе індустрыя забаў даўно наперадзе. Але развівацца варта. Павінны з’яўляцца паркі, дзе дзеці не проста катаюцца на каруселі, але і спазнаюць нешта новае, развіваюць сваё ўяўленне, удзельнічаюць у гульнях і праз іх знаёмяцца са светам, — завяршае экскурсію Аляксандр Лукашэвіч. — Паркі — гэта забаўка не толька для дзяцей, але і для ўсей сям’і. Усім жа будзе лепш, калі мама, тата, дзеці будуць ўсміхацца, праўда? — задае пытанне Аляксандр, а побач дыназаўр Дзіна рыкае і запрашае да гульні дзяцей. Яны, як зачараваныя, бягуць да яе — пачынаецца казка.

kasel@sb.by

Фота з архіва героя матэрыялу.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter