Парэчча: векавыя муры і новыя дамы над Ясельдай

Полесская деревня Поречье накануне 70-летия романтической землячки Евгении Янищиц

Шостае стагоддзе глядзіцца вокнамі дамоў на рэчку Ясельду палеская вёска Парэчча. У дакументах Вялікага Княства Літоўскага 1495 года занатавана, што пінская князёўна Марыя, удава Сямёна Алелькавіча з роду Гедыміна, падаравала два дворышчы Мацвею Грычыне. Ад яго ў спадчыну маёнтак перайшоў сыну Барысу. Пазней тут уладарылі Войны-Грычыны, Цярлецкія, Агінскія і Скірмунты.


Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Парэчча адышло да Расійскай імперыі. Магнат Аляксандр Скірмунт заснаваў на беразе Ясельды прамысловую вытворчасць, якой потым валодаў яго сын Аляксандр і перадаў свайму сыну Раману.

Пры Скірмунтах паўстаў над ракою сядзібны дом, акружаны раскошным паркам. Дзейнічалі адзін з лепшых у Мінскай губерні цукровы завод, суконная фабрыка, варсільная плантацыя, бровар. Парэчча стала цэнтрам воласці Пінскага павета.

На пачатку мінулага стагоддзя праз вёску пралегла вузкакалейка з Івацэвічаў да палескай вёскі Камень-Кашырскі. Скірмунты ўзвялі ў мястэчку праваслаўны і каталіцкі храмы. Апошні з заможнага роду Раман Скірмунт абіраўся дэпутатам Дзяржаўнай думы Расіі, уваходзіў ва ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі, быў сенатарам буржуазнай Польшчы. Трагічна загінуў і пахаваны ў Парэччы.


У Вялікую Айчынную вайну нямецка-фашысцкія акупанты знішчылі ў вёсцы 20 падворкаў і зверскі забілі 20 жыхароў. На брацкай магіле, дзе пахаваны савецкія воіны і партызаны, якія прымалі ўдзел у вызваленні мясцовасці ад гітлераўцаў, усталяваны помнік ахвярам вайны.

У пасляваенныя гады ў Парэччы арганізаваўся калгас, рэфармаваны ў ААТ “Праца”.

Гісторыка-культурнай каштоўнасцю прызнаны сядзіба і парк Скірмунтаў.

Парэцкую сярэднюю школу закончыла лаўрэат Дзяржаўнай парэміі імя Янкі Купалы беларуская паэтка Яўгенія Янішчыц.

Быццам праз пацеркі, пралегла стужка асфальтаванай дарогі праз выцягнутыя палескія вёскі Мерчыцы, Рудка, Велясніца, Парэчча, Табулкі, Моладава, Моталь. З даўніх часоў па гэтым шляху палешукі вазілі на кірмашы свае тавары. Дабіраліся і на чаўнах па рацэ Ясельдзе да шырокай Прыпяці і далей у старажытныя Пінск, Давыд-Гарадок, Тураў. У самыя аддаленыя вёскі курсіруюць цяпер з райцэнтра рэйсавыя аўтобусы.

Скінуўшы залатое асенняе ўбранне дрэў, без шматгалосся птушак заціх да вясны векавы парк Скірмунтаў за ваколіцай вёскі Парэчча, куды завітаў у чарговую вандроўку. У дні асенніх канікулаў цішыня панавала сярод бяроз, таполяў, каштанаў, што акружылі двухпавярховы школьны мур.

Побач сярод хмызоў срэбрам зіхацяць хвалі рэчкі Ясельды. З высокага пагорка быццам аглядае свой прыход драўляная царква, узведзеная ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы.

Айцец Канстанцін ЛІТВІНЧУК.

З сустрэчы з настаяцелем гэтага праваслаўнага храма айцом Канстанцінам пачалася вандроўка. Падворак яго на ўскрайку Парэчча паміж асфальтаванай дарогай, што пераходзіць у вуліцу, і рачной поймай. Перад домам пасвіўся гурт авечак, за якімі назіраў шыракаплечы барадаты мужчына. Павіталіся, і гаспадар сядзібы прадставіўся святаром Канстанцінам Літвінчуком. Трымае бацюшка і кабылку, якою агарод апрацоўвае, а калі неабходна, запрагае і едзе адпраўляць патрэбы па навакольных вёсках. Нашу размову перакрыквалі хрыпатымі спевамі маладыя пеўнікі. 80 нясушак у куратніку. Упраўляцца з такой гаспадаркай дапамагае Валерый Драгой, які прыехаў на Палессе з Прычарнамор’я.

Бацюшка з матушкай Нінай Паўлаўнай выхавалі Наталлю, Дзяніса, Стэфана, Паўла. Дачка і два сыны ўжо маюць свае сем’і. Халасцякуе меншы Стэфан. Дзеці атабарыліся ў Пінску. Падрастаюць пяцёра ўнукаў. На выхадныя прыязджаюць да бацькоў, дапамагаюць агарод апрацоўваць, сад даглядаць.

УСЁ Парэчча — суцэльны сад. Акрамя традыцыйных яблынь, груш, вішань і сліў, родзяць абрыкосы, персікі, грэцкія арэхі, чарэшні.

Шматдзетная маці Надзея НАЗАРАНКА з дзецьмі.

Вінаграднікам акружаны новы дом шматдзетнай сям’і Надзеі і Аляксандра Назаранкаў. Прыехалі яны з цёплага Крыма на радзіму бацькоў Надзеі Мікалаеўны. Некалі яе маці Марыя Лукінічна з палескай вёскі Выжлавічы адправілася ў заробкі на Крымскі паўвостраў. Там выйшла замуж. Дачку Надзею паклікала зямля продкаў. Яна задаволена пераездам у Беларусь. Гаспадар працуе жывёлаводам, а Надзея Мікалаеўна, як прыехала на Палессе, то не выходзіць з дэкрэтнага водпуску. Восьмага наследніка чакае на пачатку будучага года. Дзяржава фінансава падтрымлівае шматдзетную сям’ю. З дапамогай субсідзій пабудавалі прасторны дом у вёсцы Табулкі, што побач з Парэччам. Вялікі прысядзібны ўчастак. З Крыма прывезлі саджанцы некалькіх сартоў вінаграду і айвы, якія прыжыліся тут, на поўдні Беларусі. Нязвыкла бачыць замест традыцыйнага агарода роўныя радкі вінаградніка. Убраны бульба, капуста, морква, цыбуля. У невялікай цяпліцы вырошчвалі агуркі, памідоры. Дзеці з малых гадоў прызвычайваюцца да сялянскай працы. Добрая змена бацькам падрастае ў дружнай працалюбівай сям’і.

Аляксандр і Вера ЧУБАТКА з унукам Глебам.

Васьмёра дзяцей выхавалі Вера і Аляксандр Чубатка, на падворак якіх завіталі ў Парэччы. Гаспадыня з унукам Глебам, які прыехаў на канікулы, пераносілі пад павець гарбузы. Акрамя спраў па гаспадарцы, у Веры Мікалаеўны грамадскія абавязкі. Яна дэпутат сельсавета і стараста вёскі. Да выхаду на пенсію працавала паштальёнам, прадаўцом у магазіне. Аднавяскоўцы звяртаюцца да яе па самых розных пытаннях. Гаспадар — механізатар у суседнім сельгаспрадпрыемстве “Моладава-Агра” Іванаўскага раёна. За іх дыхтоўным драўляным домам — склеп, некалькі хлявоў і хлеўчыкаў, дзе ўтрымліваюцца козы, свінні, куры. Акрамя прысядзібнага ўчастка, садзяць у полі амаль паўгектара бульбы.

Новай вуліцай Вясенняй прырасла цэнтральная сядзіба ААТ “Праца” — вёска Табулкі. Чатыры катэджы паўсталі на вуліцы Маладзёжнай. Вёску Парэчча ўпрыгожыла новая вуліца з двух дзясяткаў падворкаў, якую назвалі ў гонар таленавітай зямлячкі Яўгеніі Янішчыц. І Парэцкая базавая школа носіць імя беларускай паэткі.

Перад парадным уваходам у двухпавярховы будынак на сцяне ўсталявана мармуровая пліта, на якой выбіты партрэт слыннай выпускніцы тады яшчэ сярэдняй школы. У асобным пакоі — экспазіцыя літаратурнага музея Яўгеніі Янішчыц.
Дырэктар музея беларускай паэткі Яўгеніі Янішчыц Антаніна СІДАРУК.

Стварала і зараз кіруе ім настаўніца беларускай мовы і літаратуры Антаніна Сідарук. Лёс адмераў Яўгеніі Янішчыц 40 гадоў.

У архіве школьнага музея сабрана амаль 1300 арыгінальных экспанатаў і больш як 400 копій дакументаў. Антаніна Паўлаўна спадзяецца на пашырэнне экспазіцыі. У школьным пакоі літаратурнаму музею цесна. Круглы год прыязджаюць сюды на экскурсіі групы з розных куткоў Беларусі і замежжа.

Старшыня Пінскага райсавета дэпутатаў Іосіф ГУЗІЧ.

Старшыня Пінскага райсавета дэпутатаў Іосіф Гузіч падтрымлівае ідэю пашырэння экспазіцыі літаратурнага музея Яўгеніі Янішчыц. На думку тутэйшых, яго можна адкрыць у бацькоўскім доме, што ў суседняй вёсцы Рудка.

У Парэччы рыхтуюцца святочнай вечарынай адзначыць юбілей шаноўнай зямлячкі. Будуць гучаць успаміны, вершы, любімыя песні яе ў выкананні народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву аматараў творчасці “Парачаначка”.

Ветэран працы Павел Сцяпанавіч ПРАКОПЧЫК і яго сын Аляксандр.

Ёсць што ўзгадаць пра Яўгенію Янішчыц 92-гадоваму Паўлу Пракопчыку. Дачка Рая сябравала з ёю. Жэня ставіла на іх падворку ровер, калі з Рудкі прыязджала ў Парэчча на танцы. Любіла гутарыць з Паўлам Сцяпанавічам. Шмат расказваў пра мінулае. Узгадваў пра дабрадушнага памешчыка Скірмунта, якога добра ведаў. Ён дапамагаў сяляням, якія працавалі на яго цукровым заводзе. У савецкі час прадпрыемства пераабсталявалі пад вытворчасць бульбянога крухмалу.

Ветэран вайны і працы Сямён КАЛЕСНІКОВІЧ.

Загадваў складам на крухмальным заводзе Сямён Калесніковіч, да якога завіталі. Дзевяноста чацвёртую восень ён сустрэў. У гады Вялікай Айчыннай вайны змагаўся з ворагам у спецгрупе імя генерала Ватуціна. Узрывалі масты, варожыя саставы, што кіраваліся на фронт. Пасля вызвалення Палесся ад гітлераўцаў салдатам 2-га Беларускага фронту вызваляў ад фашыстаў Венгрыю, Румынію, Аўстрыю, Балгарыю, Чэхаславакію. У адным з баёў на балгарскай зямлі атрымаў раненне.

Парадны касцюм франтавіка ўпрыгожваюць баявыя медалі і ордэн Айчыннай вайны II ступені. Сямён Васільевіч з жонкай Надзеяй Сцяпанаўнай выхавалі 9 дзяцей. Жыве 18 гадоў аўдавелым. Адведваюць дочкі Вольга і Тамара, якія жывуць у Парэччы.

Кіраўнік спраў Парэцкага сельвыканкама Віта КРАЎЧУК.

Клапоцяцца пра састарэлых вяскоўцаў прадстаўнікі сельвыканкама. Кіраўнік спраў Віта Краўчук адзначыла, што за адзінокімі жыхарамі замацаваны сацыяльныя работнікі. Многія з ветэранаў працавалі на палях і фермах ААТ “Праца”. Дзясяты год кіруе гаспадаркай выпускнік Белдзяржсельгасакадэміі Мікалай Башчук. На гэтай зямлі працавалі яго бацькі і дзяды. Спецыялізуецца сельгаспрадпрыемства на вытворчасці малака і ялавічыны. Летась ад кожнай з 2760 кароў атрымана амаль па 4200 кілаграмаў малака. А на перадавой Чамярынскай малочна-таварнай ферме надой ад каровы перавышае 4500 кілаграмаў. Менавіта вытворчасць малака забяспечвае гаспадарцы асноўны прыбытак. У раслінаводстве асноўная культура — збожжавыя. Сёлета сабрана з кожнага гектара звыш 30 цэнтнераў зерня. Паспяхова завяршылі асеннюю сяўбу на 1200 гектарах. Вызначыўся ў полі механізатар Сяргей Чарнаўчыц, з якім сустрэліся на мехдвары. Дзявяты сезон ён кіруе трактарам МТЗ-3022. Зараз, калі палявыя работы закончаны, праводзіць тэхагляд. Яго жонка Раіса Іванаўна — жывёлавод на малочна-таварнай ферме “Чамярын”. Чацвёра дзяцей у іх. Сяргей Сцяпанавіч упэўнены, што ёсць каму замяніць яго на трактары.

Галоўны заатэхнік гаспадаркі Наталля КІПЕНЬ.

Механізатар Сяргей ЧАРНАЎЧЫЦ і дырэктар ААТ “Праца” Мікалай БАШЧУК.

Дырэктар Парэцкай базавай школы Наталля Юшкевіч адзначыла, што выпускнікамі поўніцца калектыў гаспадаркі. Механізатарам стаў Павел Кандрацюк, Валянціна Асіпчук, Кацярына Клімовіч, Вольга Зацішук, Наталля Літвінчук — жывёлаводамі, завяршае вучобу ў Палескім дзярж- універсітэце Дзмітрый Таранько і настроены вярнуцца ў гэты ціхі куточак Палесся.

Пінскі раён

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...
Новости