Беларусь Сегодня

Минск
+13 oC
USD: 2.08
EUR: 2.32

Плодотворно работается и счастливо живется в полесском агрогородке Парохонск

Парахонск: аграгарадок на палескай цаліне

Паўвека таму на абноўленых землях Беларускага Палесся паўстала чатырнаццаць новых саўгасаў. Цэнтрам аднаго з іх стала пінская вёска Парахонск.

Гістарычныя дакументы сведчаць, што ў ХV стагоддзі ёю валодалі князі Жыжэмскія. Нашчадкамі іх былі вядомыя магнаты Радзівілы. У XVIII стагоддзі ўладанне перайшло да заможнага князя Францішака Друцкага-Любецкага. Панскі маёнтак упрыгожыў мураваны сядзібны дом, знішчаны ў Айчынную вайну.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Парахонск адышоў да Мінскай губерні Расійскай імперыі. Тут развівалася рамесніцтва, дзейнічалі кузня, млын. У 1888 годзе вёску ўпрыгожыў праваслаўны храм Раства Багародзіцы, які стаў помнікам драўлянага дойлідства.

У канцы XIX стагоддзя за тры кіламетры ад Парахонска пралегла чыгунка з Гомеля на Брэст. На станцыйным будынку ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар сустрэчы тут у студзені 1917 года вядомых рускіх літаратараў Аляксандра Блока і Аляксея Талстога.

Пасля Рыжскага мірнага дагавора 1921 года вёска апынулася ў буржуазнай Польшчы. Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР — стала цэнтрам сельсавета.

Вераломнае нападзенне гітлераўскіх войск спыніла мірнае жыццё. У чэрвені 1943-га фашысты знішчылі ў Парахонску 126 сялянскіх гаспадарак і жорстка забілі 9 вяскоўцаў. У ліпені 1944 года байцы 208-га партызанскага палка імя Сталіна штурмам завалодалі чыгуначнай станцыяй і ўтрымлівалі яе да прыходу Савецкай Арміі.

У цэнтры Парахонска, які адным з першых у Пінскім раёне атрымаў статус аграгарадка, устаноўлены памятны знак загінуўшым землякам у гады Вялікай Айчыннай вайны. У сярэдняй школе створаны мемарыяльны пакой загінуўшага ў Афганістане воіна-інтэрнацыяналіста Мікалая Чэчуна.

У другой палове мінулага стагоддзя на абноўленых землях створаны саўгас, рэфармаваны ў ААТ «Парахонскае».


Ад чыгуначнай станцыі Парахонск да аднайменнага аграгарадка, куды мяне прывяла вясновая вандроўка, зялёным дываном паабапал асфальтаванай дарогі сцелецца луг. Шызакрылыя кнігаўкі, ледзьве заўважныя ў блакітным небе жаўрукі ажывілі наваколле птушыным шматгалоссем. За чыгункай на чарназёмнай раллі паспешліва крочаць за магутнымі глебаапрацоўчымі агрэгатамі схуднелыя за пералёт з выраю цыбатыя буслы. Асфальтаваная дарога пераходзіць у забудаваную катэджамі і гаспадарчымі пабудовамі цэнтральную вуліцу аграгарадка. Далей яна вядзе да глыбінных пінскіх вёсак Селішча, Маладзельчыцы, Беразцы, Восніца, Вылазы, Астравічы. Некаторыя з іх аддалены ад Парахонска на два дзясяткі кіламетраў.

Намеснік дырэктара ААТ «Парахонскае» Мікалай ЖЫЛІНСКІ і старшыня сельвыканкама Васіль КАЦУБА.

У вандроўку па палескім аграгарадку адправіліся на легкавіку са старшынёю сельвыканкама Васілём Кацубам і намеснікам дырэктара ААТ «Парахонскае» Мікалаем Жылінскім. Выкладзеныя пліткай тратуары, уздоўж якіх ужо зелянеюць газоны, прыбраныя кветнікі. У скверы перад адміністрацыйным будынкам гаспадаркі і Домам культуры ўсталявана скульптурная кампазіцыя ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Маладыя маці прагульваюцца з немаўлятамі ў вазках. На лавачцы нешта абмяркоўваюць немаладых гадоў жанчыны.

Стараста аграгарадка Парахонск Таццяна МУРАШКЕВІЧ.

Цэнтр аграгарадка кампактна забудаваны жылымі дамамі, арыгінальнымі па архітэктуры карпусамі сярэдняй школы і дзіцячага сада, гасцініцы, кафэ-бара, магазінаў, дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.

За сучаснай часткай Парахонска захавалася купка сялянскіх сядзіб былой вёскі. На ўзгорку другое стагоддзе стаіць незвычайнай прыгажосці драўляная царква Раства Багародзіцы.

Сярод дамоў галоўнай вуліцы сіратліва выглядае недабудаваны двухпавярховы корпус участковай бальніцы. Разлічаная на 20 ложкаў сельская медустанова месціцца ў аднапавярховым будынку на чыгуначнай станцыі. Трэці год загадвае ёю доктар Таццяна Лаўрэнка. Пасля заканчэння сталічнага медінстытута яна вярнулася на родную Піншчыну, выйшла замуж. Акрамя Таццяны Уладзіміраўны, у штаце ўрачы агульнай практыкі Васіль Петрашэвіч, Алена Чыр, памочнікі ўрача Валянціна Савіла, Юлія Гарошка і дзясятак медсясцёр і санітарак.

Дырэктар сельскага Цэнтра культуры і вольнага часу Аляксандр Мікалаевіч, яго жонка, мастацкі кіраўнік Вольга Мікалаеўна ГАЛАВАЧ, і дачка Арына.

За бальнічным парогам адчулася цесната. У вузкім калідоры ля сцяны прытуліліся два ложкі з хворымі. Таццяна Уладзіміраўна заклапочана, што даводзіцца ставіць іх у калідоры. Большасць пацыентаў сталага ўзросту. Абвастрэнне сустаўнага рэўматызму прымусіла цялятніцу Таццяну Рамановіч звярнуцца да ўрачоў. Пасля працэдур стала лепш сябе адчуваць і настроена выйсці на працу, дзе пакуль яе падмяняюць калегі.

Цялятніцай да выхаду на пенсію працавала суседка па палаце Надзея Фінагеева. Узгадала жанчына, як 35 гадоў таму прыехалі з мужам з Веткаўскага раёна працаваць у новы саўгас «Парахонскі». Запомніўся дырэктар Дзмітрый Руцкі. Маладая сям’я атрымала кватэру, на працы ўсё ладзілася. Лёс жорстка парушыў сямейнае шчасце. Надзея Рыгораўна пахавала мужа, дачку і сына. З родных толькі ўнук Сяргей застаўся. Удзячна яна медперсаналу за чуласць і дапамогу.

Майстар вытворчага навучання Парахонскай сярэдняй школы Генадзь ВАЛЧКОВІЧ і старшакласнікі Максім ГРЫШКО, Эдуард ЛЕСЮК, Максім ДЗМІТРАКОВІЧ.

Старшыня сельвыканкама Васіль Кацуба адзначыў, што многія вяскоўцы самастойна будуюцца. Шматдзетныя сем’і, а іх на тэрыторыі сельсавета больш за семдзесят, дзяржава фінансава падтрымлівае. Летась Парахонск прырос 9 новымі катэджамі, якія ўпрыгожылі Калінавую, Каштанавую, Бярозавую і Сасновую вуліцы. У прасторны новы дом збіраецца сёлета засяліцца шматдзетная сям’я Надзеі і Аляксандра Навумовічаў. У Парахонск яны пераехалі з Мінска. Гаспадар працуе аўтаэлектрыкам, а яго жонка — медсястрою ў дзіцячым садку. Пяцёра дзяцей у іх. Сям’я жыве ў службовай кватэры. Вырашылі ўзвесці свой дом. Дзякуючы дзяржаўнай пазыцы хутка справіліся з будаўніцтвам.

Дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Сяргей КІБАК і юныя спартсмены Дзмітрый НАВУМОВІЧ, Раман ПАСАВЕЦ, Васіль РЭДКОЎСКІ.

На пачатку года ў райвыканкаме ўзгоднена выдзяленне зямельнага масіву для 16 індывідуальных сядзіб. Апусцелыя дамы ў вёсках выкупаюць пад лецішчы жыхары райцэнтра. Асаблівым попытам карыстаюцца сядзібы на ўзбярэжжы Прыпяці.

Побач з Парахонскам размешчаны ягадныя плантацыі ААТ «Палескія журавіны». Вытворчыя калектывы папаўняюць выхаванцы сярэдняй школы, якой больш за дзесяць гадоў кіравала Таццяна Мурашкевіч. У 1985-м яна прадстаўляла Беларусь на ХII Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Маскве. Чацвёрты год Таццяна Iванаўна — стараста аграгарадка. Да яе трапных парад прыслухоўваюцца ў сельвыканкаме. Радуе педагога, што ў сярэдняй школе адноўлена падрыхтоўка механізатараў. Летась 18 юнакоў і дзяўчат разам з атэстатам сталасці атрымалі пасведчанні трактарыстаў-машыністаў, а атрад механізатараў папоўніў Сямён Васюковіч. Восенню яго прызвалі ў армію. Пасля службы настроены вярнуцца ў гаспадарку. Механізатарамі працуюць выпускнікі школы Сяргей Шпакоўскі, Аляксандр Труш, Віктар Моўчан, даяркай — Святлана Пілевіч.

Механізатары Віктар КІРЫКОВІЧ і Віктар БАНЦЭВІЧ.

Сёлета амаль сорак старшакласнікаў у Парахонскай сярэдняй школе засвойваюць прафесію механізатара. На практычныя заняткі, якія праводзіць майстар Генадзь Валчковіч, прыязджаюць і навучэнцы суседняй Купяціцкай сярэдняй школы. Генадзь Рыгоравіч пасведчанне трактарыста-машыніста атрымаў у школьныя гады. Працаваў камбайнерам на жніве. Закончыў гістфак Брэсцкага педінстытута і вярнуўся настаўнічаць.

Механізатарамі засталіся ў гаспадарцы два старэйшыя сыны трактарыста Віктара Банцэвіча. З ім сустрэліся на веснавым полі. Сям’я чакае вяртання з арміі малодшага Аляксея, які таксама настроены працаваць трактарыстам. Гаспадыня Валянціна Аляксееўна — адзін з лепшых жывёлаводаў маладзельчыцкага малочна-таварнага комплексу.

Начальнік малочна-таварнага комплексу Алішэр МІНЬКО.

Завіталі на малочна-таварны комплекс, што ўзведзены дзесяць гадоў таму на ўскрайку аграгарадка. Узначальвае яго ўнук афганскіх дэхкан Алішэр Мінько. Пасля заканчэння дзяржаўнага ліцэя ў Кабуле ён вырашыў прадоўжыць справу продкаў — працаваць на зямлі. Паступіў на агранамічнае аддзяленне афганскага сельгаскаледжа. З другога курса адправіўся ў Савецкі Саюз вывучаць рускую мову. Дыплом спецыяліста па электрыфікацыі сельскай гаспадаркі атрымаў у Пінскім індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме. У студэнцтве ажаніўся з палескай дзяўчынай і застаўся ў Беларусі. Закончыў спецыяльныя курсы пры Віцебскай дзяржветакадэміі і ўзначаліў малочна-таварны комплекс. 35 жывёлаводаў абслугоўваюць тысячу галоў буйной рагатай жывёлы. Усюды ідэальны парадак і высокія вытворчыя паказчыкі. Сярэдні надой ад каровы летась дасягнуў амаль 8000 кілаграмаў малака. Зараз кожная дойная карова дае па 24 кілаграмы малака ў суткі. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў на Брэстчыне.

У Алішэра дзве дачкі і сын, падрастаюць трое ўнукаў. Сын — механізатар. Дзеці і ўнукі — грамадзяне Беларусі. Алішэру для афармлення дакументаў на беларускае грамадзянства трэба ехаць у суседнія краіны. Бо ў нас няма афганскага пасольства і консульства. Але не можа адарвацца ад вытворчых спраў на малочна-таварным комплексе, дзе, акрамя дойнага статка, вырошчваюць маладняк для абнаўлення пагалоўя.

Цялятніца ААТ «Парахонскае» Людміла БЕЛАВУС.

Утрымліваюцца цяляткі ў прасторным светлым памяшканні. У адным з іх увіхалася каля сваіх падапечных Людміла Белавус. Даглядае яна 90 галоў. У гаспадарцы працавалі яе бацькі. Пасля васьмігодкі дзяўчынка падалася ў горад. Выйшла замуж у прычарнаморскі горад Мікалаеў. Не вытрымала і вярнулася на Палессе. Стала даглядаць цялят. Ад гаспадаркі атрымала кватэру. Штомесячны заробак Людмілы Фёдараўны, як і іншых жывёлаводаў, перавышае тысячу рублёў. Яшчэ больш зарабляе на веснавых палявых работах яе сын Віктар, які працуе механізатарам. У гаспадарцы сеюць раннія яравыя культуры.

На полі сустрэліся з маладым механізатарам Сяргеем Козелам, які на МТЗ-3522 уносіў арганіку пад збожжавыя. Па адукацыі ён настаўнік фізкультуры, але захапіла праца на зямлі.

Трактарыст Сяргей КОЗЕЛ.

Побач на «Амкадоры» з буртоў загружаў кампост у цялежкі Віктар Кірыковіч. Трыццаць гадоў за рулём трактара. За гэты час значна палепшыліся ўмовы працы механізатараў. Больш цікавым стала і жыццё вяскоўцаў. Гаспадарка выдзяляе сродкі на развіццё спорту і культуры. У дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе, якой кіруе Сяргей Кібак, амаль сотня юных футбалістаў, валейбалістаў, лёгкаатлетаў. Вядомы дзяржаўны дзеяч Генадзь Нявыглас падарыў землякам сінтэтычнае пакрыццё пляцоўкі для гульні ў міні-футбол. Лепшы футбаліст спартыўнай школы Iгар Малашчыцкі залічаны ў нацыянальную каманду рэспублікі.

Славіцца аграгарадок сваімі артыстамі. Сельскі Цэнтр культуры і вольнага часу ўзначальвае выпускнік Беларускага дзяржпедуніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандр Галавач. Званнем народнага ўганараваны ансамбль народнай песні «Маладзіцы», якім кіруе Юрый Петруковіч. Мастацкі кіраўнік Вольга Галавач стварыла вакальную групу «Вясёлка». Самадзейных артыстаў добра ведаюць на Піншчыне.

Плённа працуецца і шчасліва жывецца ў палескім аграгарадку Парахонск.

Пінскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
3.33
Загрузка...
Новости и статьи