Миллионы людей в мире голодают, а третья часть продуктов питания выбрасывается

Парадоксы нашага часу

Міжнародная група навукоўцаў прагназуе ў другой палове стагоддзя глабальны голад на планеце, паведамляе phys.org. Звязана гэта найперш са змяненнямі клімату, значнай дэградацыяй і змяншэннем плошчаў сельскагаспадарчых зямель, а таксама марскіх запасаў харчавання.

cwzg.cn

Даказана, што знізіць маштабныя выкіды вуглякіслага газу атрымаецца не ва ўсіх краін, таму кліматолагі стварылі эксперыментальную мадэль, якая дэманструе стан асноўных харчовых рэсурсаў чалавецтва — сельскай гаспадаркі і рыбалоўства — у адмысловым заняпадзе. Калі ўзяць найгоршы сцэнарый навуковага эксперыменту, 90 працэнтаў сусветнага насельніцтва будзе жыць у рэгіёнах, дзе вытворчасць прадуктаў харчавання напрыканцы XXI стагоддзя знізіцца да крытычных узроўняў. Напрыклад, у сельскагаспадарчай галіне падобнае змяншэнне складзе 25 працэнтаў, а ў рыбалоўстве вытворчасць знізіцца аж на 60 працэнтаў. Вынікі глабальнага пацяплення моцна адаб’юцца ў першую чаргу на бедных краінах.

Ёсць у гэтага «медаля» і другі бок. Паводле звестак Сусветнай харчовай праграмы (СХП), на памыйніцу выкідваецца трэцяя частка ўсіх прадуктаў харчавання на планеце. Такім чынам, глабальная эканоміка губляе прыкладна 1 трыльён долараў. У той жа час сёлета СХП на гуманітарныя аперацыі па харчовай дапамозе ў 80 краінах плануе выдзеліць 10 мільярдаў долараў. Такія вось непараўнальныя лічбы атрымоўваюцца.

Па паведамленні Цэнтра навін ААН, штогод у свеце вырабляецца каля 4 мільярдаў тон харчавання, і калі б яно рацыянальна размяркоўвалася і выкарыстоўвалася, гэтага магло б хапіць усім. Эксперты СХП падлічылі, што ўдвая скараціўшы харчовыя страты, міжнародная супольнасць зможа дасягнуць выдатных вынікаў у барацьбе з голадам у асобных рэгіёнах свету. Любую маштабную праблему можна выконваць на асабістым узроўні, пачынаючы з неабходных запытаў звычайных спажыўцоў, фермераў, аптавікоў і менеджараў вялікіх гандлёвых сетак.

Аднак давайце вернемся да рэалій жыцця. Па падліках СХП, у першай палове 2020 года голад можа стаць істотнай пагрозай для насельніцтва Афганістана, Гаіці, Зімбабвэ, Емена, Паўднёвага Судана і Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, афрыканскага рэгіёну Сахеля. Гуманітарным арганізацыям, якія існуюць на міжнародныя ахвяраванні, дапамогу ўрадаў і прыватных кампаній, на стрымліванне поўнамаштабнага голаду сёння патрэбна 10 мільярдаў долараў.

Асаблівую ўвагу аналітыкі Сусветнай харчовай праграмы звярнулі на сітуацыю ў Зімбабвэ. Калісьці гэтая краіна была сапраўднай жытніцай Афрыкі. Цяпер з-за засухі аб’ёмы вытворчасці кукурузы зменшыліся тут удвая, ураджай збожжа не забяспечвае патрэб і паловы насельніцтва. Рынкі апусцелі, гіперінфляцыя «з’ела» ўсе назапашванні лю­дзей, выклікаўшы моцнае падаражанне асноўных прадуктаў харчавання. Эканамічная рэцэсія і змяненні клімату прывялі да таго, што 8 мільёнаў жыхароў Зімбабвэ зараз галадаюць.
Акрамя кліматычнай навалы, шэраг бедных краін уцягнуты ў ваенныя канфлікты. Эканамічны калапс і небяспечная сітуацыя ўвогуле вымушаюць людзей пакідаць свае дамы і працоўныя месцы. У выніку мільёны пакутуюць ад годаду і галечы.
Становішча трэцяй часткі жыхароў Гаіці (3,7 мільёна чалавек) таксама рэзка пагаршаецца. Тамтэйшыя грамадзянскія пратэсты паралізавалі эканоміку, цэны на харчаванне ў сувязі з гэтым узраслі на 40 працэнтаў.

У Афганістане з-за засухі і ваеннага насілля 11 мільёнаў афганцаў (таксама трэцяя частка насельніцтва краіны) пакутуюць ад недахопу харчавання.

На Бліжнім Усходзе ў цэнтры ўвагі гуманітарных арганізацый знаходіцца Емен. Летась колькасць людзей, якія атрымлівалі дапамогу ў гэтай шматпакутнай краіне, павялічылася на 50 працэнтаў.

У гэтым годдзе, па ацэнках СХП, напружанай у плане харчовай бяспекі можа застацца сітуацыя ў Іраку і Ліване. Іх зараз сур’ёзна захапілі эканамічныя і сацыяльныя праблемы…

Факты як з «франтавых зводак». На гэтым фоне так і напрошваецца сказаць: беларусы, цаніце мір і стабільнасць! Не абмінулі і нас кліматычныя змяненні, але ж з працягнутай рукой ніхто пакуль не ходзіць. Наадварот, колькі «лішніх» харчовых прадуктаў ляціць у сметнік! Вучыціся рацыянальна іх выкарыстоўваць і набываць неабходную колькасць. Мы не можам адказваць за ўсю планету, але ж перагледзець свае гастранамічныя звычкі і адносіны да навакольнага асяроддзя пад сілу кожнаму з нас.

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter